Выхадцы з Каўказу сталі часцей парушаць памежны рэжым у ваколіцах Берасця


Прадстаўнікі Каўказу трапляюцца памежнікам з мапамі Берасцейскага раёну і компасамі. Падазроныя перамяшчэнні ля мяжы турызмам і адпачынкам.

З пачатку 2016 Берасцейская памежная група затрымала больш за 100 такіх «турыстаў» з Каўказу, 43 з якіх – за парушэнне памежнага рэжыму. Колькасць парушальнікаў назваў кіраўнік прэс-службы Берасцейскай памежнай групы Аляксандр Кіслоў.

Каўказцы кажуць, што не ведаюць беларускае заканадаўства і прыехалі ў памежную зону з мэтай турызму.

21 ліпеня ў цёмны час содняў сумеснымі высілкамі памежнай заставы «Берасце» і аддзялення памежнага кантролю «Варшаўскі мост» у памежнай зоне былі затрыманыя чацвёра мужчынаў сярэдніх гадоў, выхадцы з Каўказскага рэгіёну, без пропускаў, якія выдаюцца замежнікам органамі памежнай службы і даюць права наведваць такую тэрыторыю. Сваё знаходжанне побач з мяжой патлумачылі цікаўнасцю. Пры сабе мелі компас, грошы і мабільныя тэлефоны, загорнутыя ў поліэтыленавую ўпакоўку.

Соднямі раней каля населенага пункту Знаменка памежны нарад падчас праверкі дакументаў у пасажыраў цягніка спалучэннем Берасце-Уладава выявіў і затрымаў за парушэнне памежнага рэжыму грамадзяніна Грузіі. З сабой у дарогу мужчына ўзяў навігатар, у памяці якога была мапа берасцейскіх ваколіц.

Іншы ягоны суайчыннік 8 ліпеня таксама быў затрыманы ў Берасцейскім раёне. Ён разлічваў адпачыць тут без пропуску. У асабістых рэчах парушальніка была мапа Берасцейскага раёну і мабільны тэлефон.

А 41-гадовы жыхар Чачэнскай Рэспублікі і 23-гадовы жыхар Інгушэціі, якія апынуліся ў памежнай зоне, не хавалі сваіх намераў трапіць у краіны Еўразвязу, каб палепшыць свае ўмовы жыцця.

Усе затрыманыя змешчаныя ў ізалятар Берасцейскай памежнай групы для далейшага разбіральніцтва.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў