Выгадна набылі аўта ў Расеі – атрымалі праблемы з законам


Пасля дэвальвацыі расейскага рубля беларусы масава паехалі набываць аўты ў суседнюю краіну. Як сямʼя Жоляў, для якой выгаднае набыццё скончылася непрыемнасцямі.

Пасля дэвальвацыі расейскага рубля беларусы масава паехалі набываць аўтамабілі ў суседнюю краіну. Летась 90 % аўтаў былі прыгнаныя менавіта адтуль.

Сям’я Жоляў на пачатку года таксама вырашыла ашчадзіць і набыць аўтамабіль у суседняй Расеі.

«Стэлефанаваліся з аўтасалонам, паглядзелі, што гэта салідны аўтасалон, у яго ёсць свой сайт, сем аўтасалонаў па Піцеры. Стэлефанаваліся, яны нам сказалі, што машына добрая, прыязджайце, усё зробім, дагавор, усё, як трэба», – распавядае пацярпелая Алена Жоль.

Пасля таго, як Аляксандр і Алена ўжо набылі аўтамабіль, да іх падышлі некалькі чалавек і прадставіліся працаўнікамі службы бяспекі аднаго з расейскіх банкаў. Яны распавялі, што аўтамабіль насамрэч не «чысты». Папярэдні ўласнік пакінуў яго банку пад заклад за нявыплату крэдыту. Працаўнікі аўтасалону ў сваю чаргу ўпэўнена даказвалі, што гэтага не можа быць.

«Наша адвакатка зрабіла афіцыйны запыт у банк аб гэтым аўтамабілі, знаходзіцца ён у крэдыце ці не. Банк адмовіўся даваць якую інфармацыю, сказаў, што гэта павінна быць афіцыйна, праз суд», – кажа Аляксандр Жоль.

З трэцяй спробы ў сям’і Жоль атрымалася прызначыць дзень суда. Яны хочуць дамагчыся ад аўтасалону пагашэння крэдыту без канфіскацыі ў іх транспартнага сродку.

«Яны могуць атрымаць грошы, якія яны заплацілі за гэтае аўта, яны могуць атрымаць 50 % штрафу, не ў даход дзяржавы, а ў даход пацярпелых. Яны могуць атрымаць маральную шкоду. Гэта яны сапраўды могуць зрабіць паводле законаў Расейскай Федэрацыі», – тлумачыць Аляксандр Старычэнка з суполкі «Stop-Gai.by».

Аднак абавязаць аўтасалон пагасіць крэдыт замест кагосьці іншага – нерэальна, кажуць эксперты. Таму варта перад набыццём спраўдзіць, ці няма аўта ў чорных спісах. Зрабіць гэта можна на адмысловым сайце і ў базе Дзяржаўтаінспекцыі.

Валерыя Уласік

Стужка навінаў