Выбух у Турцыі: 9 загінулых, больш за 60 параненых


Дзевяць чалавек загінулі і 64 параненыя ў выніку выбуху ля паліцэйскага ўчастка ў горадзе Джызрэ на паўднёвым усходзе Турцыі.

Пра гэта паведамляе агенцтва «Reuters» са спасылкай на крыніцы ў гарадской лякарні.

Магутны выбух каля паліцэйскага ўчастка адбыўся ў пятніцу раніцай. Паводле мясцовых медыяў, начынены выбухоўкай аўтамабіль выбухнуў на прапускным пункце ў 50 метрах ад будынку ўчастка. Цяпер значная частка будынку разбураная.

На месцы здарэння працуюць медыкі.

Асноўную частку насельніцтва Джызрэ складаюць курды. У 2015 годзе ў горадзе прайшла маштабная паліцэйская аперацыя супраць курдскіх баевікоў, пасля якой Турцыю абвінавацілі ў дзеяннях супраць грамадзянскага насельніцтва гораду.

У сераду турэцкая армія пачала наземную аперацыю на тэрыторыі Сірыі, накіраваную супраць ісламістаў і атрадаў самаабароны сірыйскіх курдаў, якія кантралююць памежны рэгіён. Пасля таго як турэцкія войскі перасеклі сірыйскую мяжу, Анкара запатрабавала вываду курдскіх падраздзяленняў з рэгіёну, заявіўшы, што ў адваротным выпадку пачне іх знішчаць.

Турцыя таксама патрабуе, каб курдскія атрады выйшлі з гораду Манбідж, які яны адбілі ў ісламістаў падчас сумеснай аперацыі з сірыйскімі паўстанцамі.

Нядаўна ў Турцыі адбыўся выбух на курдскім вяселлі. Выбуховую прыладу падарваў падлетак-смяротнік, у выніку загінула больш за 50 чалавек.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў