Выбітнаму паэту і дыпламату Генадзю Бураўкіну сёння магло б споўніцца 80 гадоў


Паэта, патрыёта, рупліўца на ніве адраджэння Генадзя Бураўкіна няма з намі ўжо больш за два гады.

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёну Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. У вайну вёска Шуляціна згарэла, а тыя, хто здолеў ацалець, перасяліліся ў вёску Тродавічы.

Генадзь Бураўкін з’яўляўся старшынём Дзяржтэлерадыё БССР у 1978–1990 гадах. У 1980 годзе ён дамогся атрымання тэлеканалам «Беларускае тэлебачанне» самастойнай праграмы на частаце 2-й Маскоўскай праграмы Цэнтральнага тэлебачання СССР, якая дагэтуль пакрывала 70 % тэрыторыі Беларускай ССР. Звыш 60 % вяшчання самастойнай праграмы «БТ» склалі перадачы на беларускай мове. У 1990 годзе Бураўкін вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпламатычную працу, з 1990 да 1994 года быў сталым прадстаўніком Беларусі пры ААН.

Колішні кіраўнік «БТ» дапамагаў і ў стварэнні адзінага на сёння цалкам беларускамоўнага тэлеканалу «Белсат», быў старшынём яго назіральнае рады.

«Ствараць незалежнае беларускае тэлебачанне ад пачатку вельмі складана, і таму досвед спадара Бураўкіна быў вельмі прыдатны. І ведаеце, ён умеў вельмі далікатна паказаць на памылкі, пры гэтым быў вельмі патрабавальны», – падкрэсліваў раней кіраўнік аддзелу інфармацыі «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Вершы Генадзя Бураўкіна заўжды адрозніваліся меладычнасцю, таму на словы паэта паўстала нямала папулярных песняў, адна з іх – добра вядомая «Калыханка», на якой выхавалася не адно пакаленне беларусаў.

Праз патрыятычныя погляды, а таксама маральныя прынцыпы паэту цяжка было заставацца сабою пры савецкім рэжыме, не стала лягчэй пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Не было ў Генадзя Бураўкіна звання народнага паэта, але ён меў яшчэ больш – народную любоў і прызнанне.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў