Выбары ў ваенны час. Як Расея ўплывае на прэзідэнцкую гонку ва Украіне


10 дзён засталося да выбараў прэзідэнта Украіны, якія, найхутчэй, не скончацца на адным туры. Каму з кандыдатаў сімпатызуе Расея, а каго намагаецца знішчыць на інфармацыйнай вайне, якіх «прывітанняў» чакаць разам з усходнімі вятрамі? Адмыслоўцы з інфармацыйнай бяспекі разам з палітолагамі назвалі асноўныя фактары ўплыву ўсходняй суседкі на перадвыбарчыя падзеі ва Украіне.

«Я сабе прысягу даў, – кажа кіроўца Uber, пакуль я марна шукаю рамяні бяспекі на заднім сядзенні (паводле статыстыкі, прышпільваюцца ў аўто толькі 23% украінцаў), – пра палітыку не размаўляю прынцыпова. Я ж з усімі кліентамі перасваруся, калі буду пра гэтыя выбары разважаць. Тут ужо ніхто спакойна не размаўляе».

Накручванне эмацыйнага фону – адная з асаблівасцяў гэтай кампаніі. Аналітыкі перакананыя, што непрымірымасць бакоў, атмасфера панікі і недаверу – мэта Расеі на гэтых прэзідэнцкіх выбарах.

«Новы курс Украіны» прапануе Юлія Цімашэнка – даўно не новенькая ва ўкраінскай палітыцы. Фота belsat.eu

Абыдземся без рацыянальнасці

Расейскія інфармацыйныя войскі працуюць на тое, каб прыбраць любую рацыянальнасць з дыскусіяў і перакананняў, лічыць блогер Аляксей Несцярэнка, і прыводзіць прыклад:

«На днях я наведаў групу падтрымкі аднаго з найбольш рэйтынгавых кандыдатаў на прэзідэнты ў сацыяльных сетках (Уладзіміра Зяленскага – Заўвага Belsat.eu). Гэты кандыдат не вельмі актыўна кантактуе з прэсай, таму я вырашыў задаць важныя пытанні ягоным прыхільнікам: што яны скажуць пра вайну, што, паводле іх, трэба мяняць у эканоміцы, у сацыяльнай сферы. Самы часты адказ, які я атрымаў: «Спытайце ў кандыдата самыя. Вы мяне не пераканаеце – я буду галасаваць за свайго кандыдата». Рацыянальнасці там ужо няма, адныя эмоцыі».

Блогер перакананы, што ў кожнай з групаў, якія падтрымліваюць пэўнага кандыдата, ёсць агенты расейскага ўплыву. Іхная задача пры ўзнікненні канфліктаў паміж групамі – паглыбіць супярэчнасці, завастрыць увагу на разыходжаннях у поглядах, зрабіць канструктыўную размову немагчымай.

А калі выбарнікі «на эмоцыях», іхнымі думкамі і паводзінамі нашмат прасцей маніпуляваць. Гэта, паводле Несцярэнкі, даказваюць і прэзідэнцкія выбары ў ЗША, і нядаўнія выбары ў Малдове.

Чарга ахвотных памяняць месца галасаванне ў Падольскім раёне Кіева. Фота belsat.eu

Бяссільная краіна, бяссільны прэзідэнт

«31 сакавіка, пад час прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, будуць здзяйсняцца спробы сарваць галасаванне. Закалоты будуць не паўсюль, аднак іх хопіць дзеля відовішчных трансляцыяў, накіраваных усярэдзіну Украіны і ў знешні свет. Тэзіс пра тое, што Украіна не ў стане зладзіць выбары, будзе транслявацца на ўвесь свет, яго будуць падхопліваць не толькі ўласна расейскія Russia Today ці «Спутник» – праз агентаў расейскага ўплыву ён будзе трапляць у заходнія медыі».

Гэткі прагноз дае Яўген Магда, дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі. Паводле палітолага, Расея прызвычаілася дамінаваць на выбарах ва Украіне, а вярнуць апошнюю ва ўлонне рускага свету – стратэгічнае заданне для Уладзіміра Пуціна пад час ягонай апошняй кадэнцыі ў якасці прэзідэнта.

«Калі Пятро Парашэнка выйдзе ў другі тур, Расея прыкладзе ўсе намаганні, каб пасеяць сумнеў у законнасці вынікаў выбараў, – кажа Ірына Паўленка, загадчыца аддзелу ўнутранай палітыкі Нацыянальнага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Дзейны прэзідэнт, па назіраннях адмыслоўцаў, падвяргаецца найбольш агрэсіўнай крытыцы з боку расейскіх медыяў і палітыкаў. Яму спрабавалі навязаць розныя негатыўныя вобразы (напрыклад, прэзідэнта-алкаголіка), якія, на думку спадарыні Ірыны, ва Украіне не прыжыліся.

Фрагмент здымку, распаўсюджваны расейскімі медыямі, як доказ уцёкаў прэзідэнта Парашэнкі ад людзей, аказаўся наўмысным кадраваннем
Фрагмент здымку, распаўсюджваны расейскімі медыямі, як доказ уцёкаў прэзідэнта Парашэнкі ад людзей, аказаўся наўмысным кадраваннем
Фрагмент здымку, распаўсюджваны расейскімі медыямі, як доказ уцёкаў прэзідэнта Парашэнкі ад людзей, аказаўся наўмысным кадраваннем

Зусім па-іншаму расейскія аглядальнікі ставяцца да цяперашняга лідара рэйтынгаў – коміка ды кіраўніка «Студыі Квартал 95» Уладзіміра Зяленскага.

«Яго не хваляць і не крытыкуюць, – кажа Паўленка. – Уся падтрымка, хутчэй, выслаўляецца так: бачыце, да чаго давялі бедны ўкраінскі народ, што ён гатовы нават за Зяленскага прагаласаваць. Мяркуючы па сацыялагічных дадзеных, складаецца ўражанне, што ў Расеі ўжо перакананыя і вельмі цешацца, што Зяленскі пераможа на прэзідэнцкіх выбарах. Пры гэтым у расейскіх спажыўцоў інфармацыі фармуецца ўражанне пра яго, як пра слабога прэзідэнта, не вельмі вартага таго, каб Пуцін ішоў з ім на нейкія дамовы».

Відэа сустрэчы Уладзіміра Зяленскага з прадстаўнікамі бізнесу стала вірусным. Карыстальнікі раскрытыкавалі кандыдата за няўменне выказаць думку

Нябачная расейская прысутнасць

Адмыслоўцы лічаць, што Расея памяняла сваю стратэгію ў дачыненні да Украіны. Наратыў «рускі мір» меў занадта геаграфічна-абмежавальны характар, цяпер жа прасоўваецца новы наратыў, а дакладней – рэанімуецца добра забыты з савецкіх часоў стары. «Дружба народаў» і «мір» – коды, якія добра накладаюцца на сённяшнюю, стомленую ад вайны ўкраінскую рэчаіснасць.

Найбольш небяспечнымі ў інфармацыйнай вайне, на думку аналітыкаў, з’яўляецца адмысловае, або проста непрадуманае трансляванне расейскага наратыву ва ўкраінскіх медыях.

«Напрыклад, паведамляючы пра апошнія падзеі, перадачу ўлады ў Казахстане, украінскія медыі спасылаліся на расейскія «РИА Новости», «Интерфакс», а не англамоўныя крыніцы, і тым больш казахскія. То бок – мы проста атрымліваем расейскую карціну свету», – кажа Лідзія Смала, прафесарка Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту Украіны.

Паводле рэйтынгаў, лідарамі гонкі на сёння з’яўляюцца Уладзімір Зяленскі, Юлія Цімашэнка ды Пятро Парашэнка. Пры гэтым, нягледзячы на ўсе намаганні ды махінацыі інфармацыйнай вайны, колькасць тых, хто яшчэ не вызначыўся з выбарам, за месяц нават падрасла (23,9%). А гэта менавіта тыя галасы, якія акажуцца вызначальнымі на прэзідэнцкіх выбарах.

Чытайце таксама:

Hавiны
А з Крымам што? Украінцы разбіраюць на інгрэдыенты праграмы сваіх кандыдатаў
2019.03.17 12:01

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў