Выбары ў Польшчы, або як Румас мог бы стаць прэзідэнтам

Сяргей Румас мог сёлета пабываць у прэзідэнцкай «скуры». Фота са старонкі кіраўніка краіны

Пара словаў пра тое, як вірус паралізуе польскую палітычную сістэму і чаго баіцца рэжым у Беларусі?

Выбары прэзідэнта Польшчы павінны былі адбыцца 10 траўня, але прыйшоў каронавірус і краіна ў гэтым часе была ўжо на каранціне. Калі не працуюць крамы, фірмы, а дзеці не ходзяць у школу і садкі, паўстае натуральнае пытанне «якія ж выбары калі паўсюль зараза?»

Адказ на гэтае пытанне пачала шукаць кіроўная партыя Права і Справядлівасць, з’явіліся розныя ідэі. На пачатку казалі пра галасаванне па пошце, пазней на дзяржаўным тэлебачанні з’явіліся рэклама-інструкцыя, у якія гаворка ішла пра галасаванне на «свежым паветры». Бюлетэнь прапаноўвалася закінуць у адмысловую скрыню, размешчаную каля выбарчага ўчастку, трымаючы адлегласць ад іншых выбарцаў.

Сябры партыі «Права і Справядлівасць» пад час галасавання ў Сейме Польшчы.
Фота: Krzysztof Kurek / Kancelaria Sejmu

Высунулі нават адмысловы Закон аб паштовым галасаванні, які адкінуў Сенат, дзе большасць за апазіцыяй. Сенатары цягнулі з рашэннем да апошняга (паводле Канстытуцыі маюць 30 дзён). Кіроўная большаць у Сейме аднак мела апошняе слова, таму палякі маглі б пайсці галасаваць. Аднак у сераду даведаліся, што нядзельных выбараў 10 траўня не будзе. Чаму? У такія малыя тэрміны краіна не паспявала падрыхтаваць юрыдычную базу для правядзення паштовых выбараў. І не ўсе партыі ў кіроўнай кааліцыі знайшлі супольную мову. Частка дэпутатаў вырашылі, што выбары лепш усё ж такі перанесці «на пазней». Знайшлі кампраміс і ў панядзелак прынялі новы закон, паводле якога выбары кіраўніка дзяржавы адбудуцца па «гібрыднай сістэме». Тыя, хто могуць і пачуваюцца добра, пойдуць галасаваць традыцыйным спосабам. Тыя аднак, якія не могуць гэтага зрабіць (напрыклад, хтосьці сядзіць у самаізаляцыі на каранціне), будуць галасаваць карэспандэнцыйна. Закон ізноў пайшоў у Сенат, які ізноў мае 30 дзён на ўнясенне паправак.

Узор скрыні для выбараў па пошце.
Фота: TVP.PL

Калі закон вернецца Сейм у сярэдзіне чэрвеня, яго могуць прыняць, але не ўсе так проста. Паводле выбарчага заканадаўства, кандыдатам і камісіям трэба даць мінімум 60 дзён на рэгістрацыю, кампанію, збор подпісаў і гд. Частка ўжо зарэгістраваліся, але пасля адмовы ад галасавання 10 траўня адкрылася дарога для іншых, перад якімі нельга зачыняць дзверы. Ды і якія кампаніі кандыдаты маглі праводзіць падчас каранціну без сходаў і вулічных акцыяў… Тым не менш, абапірацца трэба на галоўны Закон. Кадэнцыя прэзідэнта Анджэя Дуды (які балатуецца на другую) заканчваецца 6 жніўня і да гэтага моманту выбары маюць адбыцца ў двух турах. Апытанні паказваюць, што ў першым туры ніхто не пераможа.

Што ж станецца, калі выбары не адбудуцца, а кадэнцыя дзейнага прэзідэнта ўжо скончыцца? Паводле Канстытуцыі абавязкі кіраўніка дзяржавы пераймае маршалак Сейму. Пра гэты сцэнар цалкам сур’ёзна разважаюць польскія палітыкі, публіцысты і аналітыкі як з апазіцыйных, гэтак і з праўладных колаў. Калі ж па нейкіх прычынах маршалак Сейму не зможа ўзяць на сябе выкананне абавязкаў прэзідэнта, гэта мае зрабіць маршалак Сенату, у якім большасць прадстаўляе апазіцыя. Гэта прынамсі на нейкі час магло б спаралізаваць дзейную палітыку польскай дзяржавы, бо прэзідэнт ці той, хто яго замяшчае, мае права вета. Сёння ніхто ў Польшчы не ведае, калі адбудуцца выбары, але для кожнага важна, што іх не правялі пад час эпідэміі. Калі б паля галасавання ўзрасла колькасць захворванняў на каронавірус, гэта быў бы палітычны канец не толькі для дзейнага прэзідэнта, але і для ўсёй кіроўнай партыі. Для гэтага ў Польшчы і існуе палітычная дыскусія, парламент і свабодныя медыі.

Дзе сапраўды людна, дык гэта ля рэённай паліклінікі, дзе людзі чакаюць сваёй чаргі на тэст.
Фота:

Што ж адбываецца ў Беларусі? Той жа каронавірус, тыя ж пагрозы, тыя ж могілкі і людзі, якім хочацца жыць. Дзень выбараў ужо вызначаны без аніякай дыскусіі. Зразумела, бо хто ж адважыцца дыскутаваць з кіраўніком краіны, які пераконвае ўвесь свет, што ў Беларусі ад каронавірусу «ніхто не памёр»?

Але давайце ўявім іншую сітуацыю. Лукашэнка раптам прызнае, што пагроза сур’ёзная і аб’вяшчае «нерабочы месяц», пазней яго працягвае на яшчэ некалькі тыдняў. Вось і палова лета, а выбары трэба прызначыць не пазней за тры месяцы да дня галасавання. Паўнамоцтвы прэзідэнта сканчаюцца 30 жніўня, выбары не прайшлі і новага прэзідэнта няма. Што тады? Паводле Канстытуцыі Беларусі, паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы да прыняцця прысягі новым прэзідэнтам пераходзяць да прэмʼер-міністра. Гэтак каронавірус мог прынамсі ненадоўга зрабіць Сяргея Мікалаевіча Румаса прэзідэнтам. Вы можаце такое ўявіць? Асабіста я – не. Ярмошына таксама. Таму за беларусаў яшчэ на пачатку эпідэміі вырашылі, што каронавірус «ім не пагражае».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў