Выбары ў Польшчы, або да чаго трэба імкнуцца беларусам

Кансерватар і дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда перамог у другім туры выбараў. Лічылі кожны голас.

Па традыцыі адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў на экранах усіх галоўных тэлеканалаў краіны з’яўляюцца вынікі экзіт-пола. Гэта калі незалежныя ад уладаў і апазіцыі сацыёлагі апытваюць людзей каля выбарчых участкаў, пытаюць за каго галасавалі. Беларусаў месцамі таксама апытваюць, але вынікі нікому не паказваюць, незалежную сацыялогію нікуды не дапускаюць. Дык вось у Польшчы апытаннямі на выбарах займаецца вядомая міжнародная працоўня Ipsos (з сядзібай у Парыжы), якая а 21:00 (адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў) паінфармавала, што па выніках экзіт-пола дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда атрымлівае 50,4 % галасоў, а яго канкурэнт мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі – 49,6 %. Працоўня выразна інфармавала, што пераможца не вядомы і што статыстычная памылка вагаецца каля 2 адсоткаў. Наступныя вынікі Ipsos, ужо late poll (гэта калі вынікі экзіт-пола параўноўваюць з уступнымі вынікамі з выбарчых участкаў) з’явіліся ноччу. Перавага Дуды вырасла да 51 %, а вынік Тшаскоўскага зменшыўся да 49 %. Кропкі над «і» расставіла ЦВК Польшчы, якая ўжо а 8:00 раніцы панядзелка прадставіла неафіцыйныя вынікі пасля падліку 99,9 % галасоў.

Hавiны
Новыя вынікі экзіт-полаў на выбарах у Польшчы: Анджэй Дуда атрымаў 51 %
2020.07.13 10:17

Паводле гэтых дадзеных дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда набірае 51,21 %, а яго апанент Тшаскоўскі – 48,79 %. Чаму неафіцыйныя? Таму, што не ўсе пратаколы з замежных выбарчых камісіяў прыйшлі ў Варшаву, але ЦВК зазначыла, што фундаментальна на вынік выбараў гэта не паўплывае. Канчатковы вынік, магчыма будзе агучаны ўжо ўвечары панядзелка. Такім чынам, кансерватыўны прэзідэнт Польшчы амаль паўтарыў свой вынік 2015 года, калі перамог у тады дзейнага прэзідэнта Браніслава Камароўскага ў другім туры з вынікам 51,5 %. Калі розніцу пералічыць на колькасць выбаршчыкаў, атрымліваецца, што Дуда сабраў на каля 500 тыс. галасоў больш за канкурэнта – гэта зусім не шмат на амаль 40-мільённую Польшчу. Лічыўся кожны голас, а выбарчыя ўчасткі былі адчыненыя і пасля 21:00, калі звонку стаяла чарга ахвотных аддаць свой голас.

Анджэй Дуда.
Фота: Grzegorz Jakubowski / KPRP. Крыніца: president.pl

Галасы лічаць камісіі, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі абедзвюх кандыдатаў і іх палітычных сілаў. За ўсім назіраюць назіральнікі, сярод якіх таксама прысутнічаюць прадстаўнікі палітычных партыяў, рухаў і грамадскіх арганізацыяў. Палякам нават цяжка ўявіць, што ўсяго 200 кіламетраў на ўсход ад Варшавы, у суседняй Беларусі, 99,9 % чальцоў выбарчых камісіяў прызначаецца ўладай, падобна як у краінах Сярэдняй Азіі.

Цікавая расклаліся галасы на мапе Ipsos, на якой бачна, што сёлетнія выбары падзялілі Польшчу на палову: усход і частка цэнтру за дзейным прэзідэнтам, а ўсе рэгіёны на захад ад Варшавы – за мэрам сталіцы. Такім чынам Дуда зрабіў тое, што дагэтуль атрымалася толькі ў аднаго прэзідэнта III Рэчы Паспалітай – Аляксандра Кваснеўскага. Ён таксама кіраваў два тэрміны (1995-2005).

Што далей?

Перамога дзейнага прэзідэнта азначае, што палітычнага землятрусу ў Польшчы не адбудзецца. Не будзе датэрміновых парламенцкіх выбараў, да якіх тэарэтычна магло б дайсці ў выпадку перамогі апазіцыйнага мэра Варшавы (у канстытуцыі прапісана некалькі выпадкаў, у якіх прэзідэнт можа прыняць такое рашэнне). Не будзе таксама вайны на лініі прэзідэнт-парламент. А гэта азначае, што ніхто не перашкодзіць кіроўнай партыі Закон і Справядлівасць (PiS) кіраваць да наступных выбараў у Сейм, да 2023 году.

Але гэта не азначае, што будуць лёгкія гады. Аналітыкі і эканамісты прагназуюць эканамічны крызіс і магчымы ўзрост падаткаў, асабліва калі ўвосень прыйдзецца змагацца з другой хваляй пандэміі каронавіруса. Абцяжараны сацыяльнымі праграмамі бюджэт краіны (500 злотых на кожнае дзіця да 18 год, 300 злотых «школьных» (раз у год), і 13-ая пенсія) мае свае межы. На пачатку чэрвеня міністэрства працы Польшчы інфармавала, што на дапамогу малым, сярэднім і буйным прадпрыемствам падчас эпідэміі дзяржава выдаткавала больш за 75 мільярдаў злотых ($ 19 млрд). Гэта амаль у два разы больш за гадавыя выдаткі ўсяго бюджэту Беларусі ў 2020 г. (крыху больш за $ 10 млрд).

Меркаванні
Без АМАПу і палітвязняў. Польшча выбірае шостага прэзідэнта
2020.07.06 13:08

Акрамя эканамічных ёсць і знешнепалітычныя выклікі. Польшча пры PiS будзе ставіць на збліжэнне з ЗША на фоне ахаладжэння стасункаў з галоўнай краінай ЕЗ – Нямеччынай. Нядаўна нават chargé dʼaffaires (часовы павераны) Нямеччыны быў выкліканы ў МЗС Польшчы ў сувязі з публікацыямі ў польскіх медыях, якія належаць нямецкім інвестарам. Гаворка ішла пра нямецкі канцэрн Axel Springer, да якога належыць польскі таблойд Fakt – у ім выйшаў шэраг негатыўных для Дуды гучных публікацый.

– Немцы хочуць выбіраць у нас прэзідэнта? – пытаў Дуда на пачатку ліпеня.

Таму адносіны з найбліжэйшымі заходнімі саюзнікамі ў ЕЗ для Польшчы гэта таксама выклік.

Памінаючы аднак усе ўнутраныя польскія спрэчкі, выбарчы працэс у Польшчы гэта добры прыклад для беларусаў, якія ідуць галасаваць, а потым кажуць: «ад нас і так нічога не залежыць». Ёсць чаму павучыцца і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Слабо запрасіць французскі Ipsos у Беларусь? Няхай БТ і АНТ пакажа а 21:00 вынікі экзіт-пола 9 жніўня.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў