Выбары ў Літве і атамнае супрацьстаянне

У параўнанні з выбарамі ва Украіне, прэзідэнцкія выбары ў Літве праходзяць ціха і незаўважна для суседзяў. Напэўна, так і павінна быць у краіне з устойлівай дэмакратычнай палітычнай сістэмай, калі выбары не з’яўляюцца выклікам для існуючага палітычнага ладу або пераломным момантам у ладзе грамадства.

Літоўская Рэспубліка – адзін з яркіх прыкладаў паспяховай і ўстойлівай дэмакратыі на постсавецкай прасторы, таму і выбары не зʼяўляюцца стрэс-фактарам, а толькі элементам у нармальным функцыянаванні сістэмы. Хто б не прыйшоў да ўлады – краіна застанецца дэмакратычнай і еўрапейскай.

За прэзідэнцкі пост змагаліся 9 кандыдатаў, але толькі тры з іх лічыліся фаварытамі: былы міністр фінансаў Інгрыда Шыманіце, эканаміст і ўніверсітэцкі выкладчык Гітанас Наўседа і дзеючы прэмʼер-міністр Саўлюс Сквярняліс. Патэнцыял і магчымасці гэтых кандыдатаў былі практычна роўныя. Згодна з падлічанымі на дадзены момант бюлетэнях, у другі тур выбараў, прызначаны на 26 траўня, выйдуць Інгрыда Шыманіце і Гітанас Наўседа.

Hавiны
Наступным прэзідэнтам Літвы можа стаць Інгрыда Шыманіце
2019.05.13 08:37

Асаблівасць дадзенай кампаніі – адначасовае правядзенне двух рэферэндумаў: аб падвойным грамадзянстве і аб скарачэнні колькасці дэпутатаў парламента. Нягледзячы на добрыя намеры гэтых рэферэндумаў (падвойнае грамадзянства павінна было б спрасціць жыццё літоўскіх эмігрантаў), на думку экспертаў, яны насілі папулісцкі характар і павінны былі мабілізаваць электарат вакол фігуры прэм’ер-міністра. Гэта адна з тых прычын, па якой яшчэ дзеючы прэзідэнт Даля Грыбаўскайце заклікала байкатаваць гэтыя рэферэндумы.

Варта адзначыць, што ў Літве з 1991 года былі арганізаваныя і праведзеныя 11 рэферэндумаў, але толькі 4 з іх адбыліся. Усе яны тычыліся знешнепалітычных перспектыў Літоўскай рэспублікі, сярод іх – абвяшчэнне незалежнасці і ўступленне ў ЕЗ. Плебісцыт у Літве – складаная працэдура, бо для таго, каб абавязковы рэферэндум адбыўся, неабходна, каб у ім прынялі ўдзел больш за палову ўсіх зарэгістраваных выбарнікаў, з іх «за» павінны выказацца больш за палову ўдзельнікаў галасавання. Таму з улікам усіх юрыдычных дэталяў і палітычнай падаплёкі прэзідэнцкай кампаніі рэферэндум – хутчэй выбарчы трук.

Інгрыда Шыманіце.
Фота: Ганна Русінава / «Белсат»

Вынікі выбараў у Літве, безумоўна, адаб’юцца на двухбаковых адносінах з афіцыйным Менскам. На сённяшні дзень іх можна ахарактарызаваць як «халодна-напружаныя». Па-першае, Літва зʼяўляецца прыхільнікам радыкальнага падыходу да Расеі, яе эканамічнай і палітычнай ізаляцыі. Яна разглядае РФ як непасрэдную пагрозу для сваёй бяспекі. Такіх поглядаў прытрымліваюцца ўсе кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Беларусь, як галоўны саюзнік Расеі, будзе заставацца для літоўскага лідара абʼектам крытыкі і разглядацца як геапалітычны выклік. Па-другое, каменем перапоны для развіцця нармальных стасункаў зʼяўляецца Астравецкая АЭС. З самага пачатку будаўніцтва станцыі Літва выказвала прэтэнзіі да гэтага праекту, што і прывяло да пагаршэння афіцыйных адносін паміж Вільнюсам і Менскам. Пазіцыя дзеючага прэзідэнта Літвы катэгарычная. Яна была яшчэ раз пазначаная напярэдадні выбараў: ніякага супрацоўніцтва з Беларуссю па пытанні АЭС і байкатаванне краіны на ўзроўні ЕЗ.

Гэтага падыходу будзе прытрымлівацца і Інгрыда Шыманіце, калі зойме пасаду прэзідэнта. Яе кандыдатуру падтрымлівае прэзідэнт Даля Грыбаўскайце і кансерватыўныя палітычныя сілы краіны («Саюз Айчыны»).

Гітанас Наўседа.
Фота: Ганна Русінава / «Белсат»

Адносна мяккай пазіцыі ў дадзеным пытанні прытрымліваецца Саўлюс Сквярняліс. У адрозненне ад Грыбаўскайце, якая патрабуе поўнага закрыцця станцыі, Сквярняліс прапануе яе перабудову ў электрастанцыю на газе пры дапамозе еўрапейскіх суседзяў. Аднак дадзенае прапанова – гэта хутчэй жаданне Сквярняліса паказаць сябе ў перыяд выбарчай гонкі больш канструктыўным ў адносінах з суседзямі.

Гітанас Наўседа лічыць, што БелАЭС не павiнна быць перашкодай для фарміравання добрасуседскіх адносін з Беларуссю. Цалкам відавочна, што для афіцыйнага Менска Наўседа будзе найбольш зручным прэзідэнтам, што дазволіць перафарматаваць адносіны з Літвой. Аднак, трэба разумець, што перадвыбарчыя лозунгі могуць адрознівацца ад рэальнай палітыкі. Канчатковы погляд на сітуацыю сфармуецца пасля таго, як АЭС будзе запушчаная – магчыма, тады пазіцыя новага прэзідэнта ўскладніцца.

Павел Усаў/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў