Выбары ў Еўрапарламент: дзве найбуйнейшыя фракцыі панеслі істотныя страты


Правацэнтрысты і левацэнтрысты страцілі частку месцаў у Еўрапарламенце, але засталіся самымі буйнымі фракцыямі. Правыя папулісты атрымалі даволі шмат галасоў, аднак менш чым прагназавалася.

Еўрапейская народная партыя (ЕНП) і Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў упершыню губляюць большасць і не змогуць сфармаваць «вялікую кааліцыю» без падтрымкі іншых сілаў. ЕНП, паводле eurointegration.com.ua, атрымае ў новым складзе парламенту 178 месцаў замест 216, а сацыялісты і дэмакраты 152 замест 191.

«Альянс лібералаў і дэмакратаў у падтрымку Еўропы» і зялёныя істотна павялічылі колькасць мандатаў у Еўрапарламенце. Гэтак зялёныя на выбарах у Нямеччыне занялі другое месца, у Францыі – трэцяе. «Альянс лібералаў і дэмакратаў у падтрымку Еўропы» сфармуе трэццюю па велічыні фракцыю ў Еўрапарламенце, адзначае euronews.com.

Правыя папулісты ў многіх краінах таксама паказалі высокія вынікі. У Францыі, напрыклад, «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пэн апярэдзіла партыю прэзідэнта краіны Эманюэля Макрона. Аднак у цэлым у Еўропе правыя папулісты набралі менш, чым чакалася, адзначае DW. Праеўрапейскія партыі ўсё роўна будуць мець абсалютную большасць месцаў у Еўрапарламенце.

Усяго краіны ЕЗ выбіралі ў Еўрапарламент 751 дэпутата. Выбары былі адзначаны нечакана высокай яўкай – каля 51 % (на 8% больш, чым пяццю гадамі раней).

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў