Выбары, рэвалюцыі ды наперад нагамі: як сыходзяць кіраўнікі постсавецкіх краінаў


19 сакавіка заявіў пра сваю адстаўку шматгадовы прэзідэнт Казахстану Нурсулстан Назарбаеў. З сённяшняга дня кіраўнік дзяржавы – спікер Сенату Касым-Жамарт Такаеў, якога на чале верхняй палаты парламенту змяніла дачка елбасы (лідара нацыі) Дарыга Назарбаева.

Разам з тым сам Нурсултан Назарбаеў, які кіруе Казахстанам яшчэ з савецкіх часоў, сыходзіць на пенсію не збіраецца. Ён па-ранейшаму ўзначальвае Раду бяспекі і працягвае кантраляваць усе ключавыя пытанні. Сярод падначаленых яму нават новы прэзідэнт. Сітуацыя, як у тым анекдоце: «Дарагія грамадзяне, я адмаўляюся ад пасады прэзідэнта. Каранацыя прызначаная на заўтра».

Hавiны
Павел Усаў: «Назарбаеў сышоў, але вырашыў застацца»
2019.03.20 09:46

У сувязі з гэтым мы вырашылі паглядзець, як сыходзілі са сваіх пасадаў іншыя кіраўнікі постсавецкіх краінаў.

Наперад нагамі

Да самай смерці трымаліся за ўладу адразу некалькі постсавецкіх лідараў. З прэзідэнцкага крэсла на той свет накіраваліся прэзідэнты Азербайджана Гейдар Аліеў у 2003 годзе, Туркменістана Сапармурат Ніязаў у 2006-ым і Узбекістана Іслам Карымаў у 2016-ым.

Пасля іх у азербайджанскім выпадку да ўлады прыйшоў сын Аліева Ільхам, а ў Туркменістане і Узбекістане блізкія паплечнікі памерлых – адпаведна Гурбангулы Бердымухамедаў і Шаўкат Мірзіёёў. Усе трое і дагэтуль кіруюць сваімі краінамі.

Ракіровачка

Напярэдадні заканчэння 1999 года са сваёй пасады сышоў прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын, які перад гэтым прадставіў усім свайго афіцыйнага пераемніка – былога супрацоўніка КДБ Уладзіміра Пуціна. Той у сваю чаргу ў 2008 годзе таксама ўсадзіў у прэзідэнцкае крэсла свайго пераемніка – Дзмітрыя Мядзведзева, перасеўшы ў яго прэм’ерскае, але ў 2012 годзе зноў вярнуўся ў Крэмль. Плануе знаходзіцца там Пуцін мінімум да 2024 года.

У 2018 годзе ўчыніць у нечым падобную ракіроўку паспрабаваў і прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян, але ў выніку народных пратэстаў ён быў вымушаны адмовіцца ад сваіх планаў і цалкам сысці ў адстаўку.

Hавiны
ТОП-5 прэзідэнтаў, якія больш за ўсіх знаходзяцца пры ўладзе
2019.03.12 17:15

Рэвалюцыі і перавароты

Увогуле рэвалюцыі не такая ўжо і рэдкая з’ява для постсавецкіх краін. Масавыя пратэсты сталі прычынай сыходу ад улады першага прэзідэнта Азербайджана Аяза Муталібава ў 1992 годзе, вайсковы мяцеж – яго пераемніка Абульфаза Эльчыбея ў 1993-ім. Апошняму на змену і прыйшоў Гейдар Аліеў.

На хвалі грамадзянскай вайны і выступленняў ісламістаў ад улады ў 1992 годзе быў вымушаны адмовіцца другі прэзідэнт Таджыкістана Рахмон Набіеў. Яго пераемнік Эмамалі Рахмон кіруе краінай і дагэтуль. У выніку рэвалюцый і пераваротаў пазбавіліся прэзідэнцкіх пасадаў таксама кіраўнікі Грузіі Звіяд Гамсахурдыя ў 1993-ым і Эдуард Шэварднадзэ ў 2003-ым, прэзідэнты Кыргызстану Аскар Акаеў у 2005-ым і Курманбек Бакіеў у 2010-ым.

У 2009 годзе пад ціскам народных пратэстаў склаў з сябе паўнамоцтвы прэзідэнт Малдовы, камуніст Уладзімір Варонін, а ў 2014-ым у выніку перамогі Майдану ўцёк у Расею яго ўкраінскі калега Віктар Януковіч.

Імпічменты

Абноўлена
Арыштаваная Гюльнара Карымава, дачка экс-прэзідэнта Узбекістану
2017.07.28 09:41

У выніку вотуму недаверу парламенту ў 1991 годзе сышоў у адстаўку і першы прэзідэнт Таджыкістана Кахар Махкамаў. А ў 2004 годзе праз імпічмент і суд быў адхілены ад выканання абавязкаў прэзідэнт Літвы Раландас Паксас, які абвінавачваўся ў сувязях з міжнароднымі злачынцамі і ў парушэнні прэзідэнцкай прысягі.

У 1998 годзе ў выніку расколу ва ўрадзе падаў у адстаўку і прэзідэнт Арменіі Левон Тэр-Петрасян.

Найбольш спакойна ўлады змяняліся ў балтыйскіх Латвіі і Эстоніі, дзе не было ніводнага перавароту, рэвалюцыі ці нават імпічменту, а ўсе прэзідэнты рэгулярна змяняліся ў выніку выбараў. Ды і абіраюць кіраўнікоў дзяржавы там у парламенце, а не на ўсенародных выбараў.

На выбарах, хай і не заўсёды, мяняліся прэзідэнты таксама ў Арменіі, Грузіі, Кыргызстане, Малдове і Украіне.

Мы ж у Беларусі пакуль толькі сочым за тым, як у іншых краінах мяняюцца кіраўнікі дзяржаваў. Абраны ў 1994 годзе прэзідэнтам Аляксандр Лукашэнка працягвае кіраваць краінай ужо 25 гадоў і збіраецца балатавацца на бліжэйшых выбарах таксама. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў