Завяршылася датэрміновае галасаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў


Яно забяспечыла больш за палову неабходнай яўкі яшчэ да афіцыйнага дня выбараў.

У Беларусі завяршылася датэрміновае галасаванне за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Каб выбары адбыліся неабходна, каб на выбарчыя ўчасткі прыйшлі больш за 50 % выбарцаў.

У першы дзень датэрміновага галасавання па краіне прагаласавалі крыху менш за 4 % выбарнікаў, але напрыканцы тыдня датэрміновая яўка склала амаль 25 %. І гэта яшчэ без уліку сённяшняга галасавання. То бок пяць дзён датэрміновага галасавання забяспечылі больш за палову неабходнай яўкі.

Паводле назіральнікаў, такая высокая яўка атрымалася выключна праз адміністратыўны ціск. Розніца паміж афіцыйнымі лічбамі і звесткамі назіральнікаў з кампаніі«Праваабаронцы за свабодныя выбары» склала 11 % за 4 дні назірання. Іншыя незалежныя назіральнікі з кампаніі «Права выбару» за 4 дні былі пазбаўленыя 15 акрэдытацыяў.

Самі кандыдаты на дэпутацтва ўжо завяршылі свае агітацыйныя кампаніі. І калі ў сталіцы ўлады не перашкаджалі агітацыі, то ў рэгіёнах былі спробы сарваць сустрэчы з выбарнікамі.

«Мы ездзім па гарадах, спрабуем данесці праўду… Але ва ўсіх гарадах, куды мы прыязджаем, здзяйсняюцца правакацыі», – кажа кандыдат у дэпутаты Аляксей Атрошчанка.

Агулам у спісах на дэпутацтва застаюцца 485 кандыдатаў. Участкі будуць працаваць ад 8 раніцы да 8 вечара. Святочны настрой выбарнікаў улады абяцаюць забяспечыць дзякуючы канцэртам, зніжкам і дэгустацыям.

Аркадзь Несцярэнка

Стужка навінаў