Вязні калоніі пад Івацэвічамі ўзбунтавалі, патрабуюць змены адміністрацыі ўстановы


У калоніі № 22, вядомай як «Воўчыя норы», што знаходзіцца непадалёку ад Івацэвічаў, адбыўся бунт вязняў. Ахоўнікі, што працуюць у калоніі атрымалі экстранны выклік з’явіцца на працу.

Жыхар гораду Івацэвічы, які і працуе ў турме ахоўнікам, на ўмовах ананімнасці распавёў «Белсату», што здарэнне мела надзвычайны характар.

«На дзяжурства вечарам з суботы на нядзелю выклікалі ўсіх без выключэння супрацоўнікаў. Прычым загад быў абавязковым для ўсіх працаўнікоў. Некаторых калегаў, можна сказаць, выцягнулі проста з святочнага стала. Вядома, што некаторыя, маючы вольны дзень, былі нападпітку. Але нягледзячы на гэта ад іх запатрабавалі прыбыць у калонію», – распавёў жыхар Івацэвічаў.

Папраўчая калонія №22. Фота http://zviazda.by/

Паводле суразмоўцы «Белсату», вязні калоніі заблакавалі дзверы ў турме. Па кратах грукалі металічнымі міскамі, ці кубкамі.

«Вязні патрабавалі, каб адміністрацыя калоніі была змененая. Патрабавалі, каб у турму прыбыло кіраўніцтва з Берасця. Ведаю, што пацярпелі два чалавека з адміністрацыі турмы. Была досыць напружаная сітуацыя. Але, на шчасце, канфлікт удалося ўрэгуляваць. Бо ўжо вяліся размовы, каб выклікаць АМАП. Калі прыбылі спецслужбоўцы, то ў такім выпадку цалкам верагодна, што маглі б быць і ахвяры», – падсумаваў супрацоўнік турмы.

Папраўчая калонія №22. Фота intex-press.by/

Пры гэтым кіраўніцтва Дэпартаменту выканання пакаранняў па Берасцейскай вобласці абвяргае інфармацыю пра інцыдэнт у калоніі, піша TUT.BY.

У папраўчай калоніі № 22, ці «Воўчыя норы», адбываюць пакаранне асобы, якія ўпершыню былі асуджаныя за нарказлачынствы.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў