Вясна прыйдзе, не зважаючы ні на што! Аптымістычны фотарэпартаж з Палесся


З дахрысціянскіх часоў вясной продкі беларусаў віталі ў сакавіку прылёт птушак з выраю. У паганскай міфалогіі лічылася, што разам з птушкамі ў Беларусь вяртаюцца душы продкаў. Зямля ажывае.

Каб задобрыць душы прашчураў падчас іх вяртання на Радзіму, у беларускіх вёсках існаваў звычай выпякаць адмысловае печыва ў выглядзе птушак. Напрыклад, на Палессі ды Гарадзеншчыне на Добравест выпякалі з цеста «галёпы» (бусловыя лапы). Іх пакідалі каля хаты, каб буслы прыляцелі, з’елі галёпы і засталіся жыць побач з людзьмі.


Захавалася легенда, паводле якой бусел быў некалі чалавекам: ды і паводзіны буслоў часам нагадваюць чалавечыя. Дзеці і моладзь падчас вясновых абрадаў у сваю чаргу імітавалі паводзіны птушак, падскокваючы як мага вышэй да нябёсаў, спявалі ды гукалі вясну.

У вёсцы Валаўск Ельскага раёну, што на самым поўдні беларускага Палесся на свята Саракі заўсёды пяклі смачных маленькіх «жавараначкаў». Назву свята «Саракі» мясцовыя сельскія жыхары звязваюць і з ушанаваннем сарака хрысціянскіх мучанікаў, а таксама з вяртаннем сарака птушыных выраяў на Радзіму.

Жанчыны з мясцовага народнага ансамблю добра памятаюць свае традыцыі. Веды пра лакальныя абрады яны атрымалі ад сваіх матуляў і бабуляў. Адзін з такіх абрадаў – традыцыйнае падкідванне спечаных «птушак» да «нябёсаў» на Саракі.

Цікавым з’яўляецца і тое, што жыхары Валаўска здаўна лічаць, што каб гэты год быў шчаслівы і ўрадлівы, на Саракі трэба зламаць сорак дошак, пракаціць па дварах вёсцы драўлянае кола (абярэг гаспадарцы і гаспадароў) 40 разоў, ды парваць сорак нітак.

Не абыходзіцца ў вёсцы штогод і без прыгожых песняў-вяснянак, карагодаў ды гульняў.


Падчас гульні «Зайчык» дзеўка, ці хлопец павінны скакаць па сонцу над складзенымі ў форме крыжа пячных вілак, не кранаючы іх нагамі. Падскокваць на дашчаных арэлях трэба гэтак высока, каб дошка зламалася, а пасля падкідвання печыва ў выглядзе птушак да нябесных духаў, ім трэба абавязкова падзяліцца з іншымі жыхарамі вёскі.

Жанчыны з гуртку «Валожкі» ведаюць шмат прыгожых вясновых абрадавах песень і словаў, але заўсёды пачынаюць гукаць вясну з такіх:

Благаславі Божа
Вясну загукаці
Лецечка адмыкаці
А Зіму праганяці

Дай Божа на жытачка Род
На статачак плод
А людзям на здароўе

Хачу каб песні маёй матулі
І ўнукі ўнукаў маіх пачулі
Блізкую, над поўнаю міскаю
Над ціхаю калыскаю
У полі араты
У няхай песня загучыць
Над кожнаю хатаю.


Глядзіце ўсе фота:


Фота і тэкст Вячаслава Радзіміча, belsat.eu

Стужка навінаў