Вясковы Армагедон: каровы дохнуць, працаўнікам выдаюць непрыгоднае малако (асцярожна, фота!)

ВІДЭА

На малочнатаварнай ферме саўгасу-камбінату «Сож», што на Гомельшчыне, – масавы падзеж жывёлы, якога працаўнікі і адміністрацыя не ў стане патлумачыць. А тым часам працаўнікам частку заробку выдаюць… забракаваным малаком, у якім перавышаныя нормы ўтрымання антыбіётыкаў.

Зусім нядаўна Белсат, паведамляў пра атручванне свінняў у гэтай жа гаспадарцы. Новая здарэнне – масавы падзеж кароў і цялятаў на ферме вёскі Рудня Марымонава. Жывёліны, з слоў мясцовых жыхароў, гінуць адна за другой. Гінуць масава, і гэтая праблема – не новая. Журналісты Belsat.eu атрымалі ад мясцовых жыхароў змрочныя фотаздымкі з трупамі жывёлінаў, зробленыя яшчэ летась.

Фота з фермы, 2017 год

Не спынілася пошасць і сёлета.

Журналісты Belsat.eu на месцы налічылі прынамсі чатыры трупы дарослых кароваў і двух цялятак. Таксама можна знайсці каля двух-трох дзясяткаў старых парэшткаў жывёлінаў.

Загінулая жывёліна, труп у адным з будынкаў

Знайсці на ферме кагосьці з адміністрацыі не ўдалося. Адна з працаўніцаў паведаміла, што загадчыца фермы захварэла, «а іншага кіраўніцтва таксама няма».

У адным з будынкаў можна знайсці не толькі загінулых жвёлінаў, але і старыя скуры

Адказаць на пытанне, што адбываецца на ферме і чаму гінуць жывёліны, жанчына адказаць не здолела.

Нам удалося знайсці яшчэ аднаго працаўніка фермы, які апынуўся больш размоўным. Мужчына не змог патлумачыць праблему гібелі быдла, але паскардзіўся на іншую праблему.

«Ад пачатку года мясцовы малаказавод не прыняў на перапрацоўку 16 тонаў малака. Апошнія 8 тонаў кіраўніцтва гаспадаркі «папрасіла» працаўнікоў фермы набыць на ўласныя патрэбы – па 200 літраў на асобу, за кошт заробку», – кажа мужчына. Паслухаліся амаль усе, бо людзі баяцца згубіць працу праз непадпарадкаванне «пажаданням».

Алена Пруднікава, мясцовая жыхарка. Яе сваякоў змусілі набыць малако

Мясцовыя жыхары распавядаюць, што нягоднае малако вярнулі ў гаспадарку, а кіраўніцтва фермы пастанавіла падзяліць усе 8 тонаў на ўсіх супрацоўнікаў.

Людміла Іпанісава, працаўніца палявой брыгады, распавяла, што ёй таксама прапаноўвалі ўзяць у залік заробку 200 літраў малака па кошце 65 капеек за літр. Яна пагадзілася толькі на 10 літраў. Паводле жанчыны, малаказавод адмовіўся прымаць малако, бо ім было перавышанае ўтрыманне антыбіётыкаў. «Сама малако не ўжывала, скарміла жывёлкам – коцікам, сабачку», – дадала жанчына.

Цягам працоўнага дня журналістам Belsat.eu не ўдалося атрымаць афіцыйны каментар: шараговыя працаўнікі адмаўляюцца ад размоваў, тым часам тэлефоны кіраўніцтва не адказваюць.

КЖ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары