Вяселле ў бункеры

Картэж Лукашэнкі на вуліцах Менску, 23 верасня 2020 г.
Фота: TUT.BY / Reuters / Forum

«Каханую не аддаюць!» Якая дура ўклала гэтыя словы ў вусны Аляксандра Лукашэнкі? Цяпер вось паралелі напрошваюцца самі сабой, і нікуды ад іх не дзенешся.

Каханую не аддаюць! І я ўспамінаю кадры са старога савецкага фільма Юрыя Озерава «Вызваленне». Фюрэр Нямеччыны – той, з якім было звязанае не ўсё дрэннае ў трагічнай гісторыі гэтай краіны і яе народа, – якога бліскуча сыграў Фрыц Дзітц, збіраецца пакінуць гэты свет. Ужо і яд падрыхтаваны, і пісталет ляжыць у скрыні стала. Але – каханую ж не аддаюць, як мы ведаем. І Адольф Гітлер мае намер сысці разам з Евай Браўн, сваёй сужыцелькай з 1929 года.

Але Ева – плацінавая бландынка Ангеліка Валер – не жадае паміраць палюбоўніцай. Толькі законнай жонкай. Толькі! Бо гэта дае ёй яшчэ некалькі гадзін жыцця.

Дзяжурны афіцэр знаходзіць і дастаўляе ў бункер святара. І той у зусім макабрычных умовах здзяйсняе сакрамэнт шлюбу.

Стары палітык дрыготкай рукой адзявае пярсцёнак асуджанай жанчыне. І іх праводзяць у кабінет, дзе за пацалункам ідзе капсула з атрутай, укладзеная маладым у рот жонцы, што супраціўляецца…

Далей прыйдзе і яго чарга. Фюрэр павінен памерці падобна салдату. У кабінет увойдзе афіцэр, і адтуль раздасца стрэл.

Лідзія Ярмошына – не святар. Але яе таемны прыезд у бункер падобны на канваіраванне святара ў абложаным Берліне, які абстрэльваюць. Яна і зрабіла гэты, з дазволу сказаць, сакрамэнт.

Картэж Лукашэнкі на вуліцах Менску, 23 верасня 2020 г.
Фота: TUT.BY / Reuters / Forum

Не было нікога з расейскага кіраўніцтва, на што фюрэр спадзяваўся да апошняга.

У бункеры знаходзіліся такія ж асуджаныя, як і ён сам. Перад імі – колькі іх было? пяцьдзесят чалавек з прыпісаных яму васьмідзесяці адсоткаў? – ён вымавіў сакраментальнае:

– Гэта наша з вамі перамога.

Яны ўжо ведалі, што гэта яго паражэнне, і спадзяваліся толькі, што ён не ўвалачэ іх на той палітычны свет, як ягоны шалёны папярэднік зацягнуў туды Еву Браўн. Ім не была патрэбная гэтая «перамога», бо сыходзіць не хацелася.

Лукашэнка падчас інаўгурацыі, 23 верасня 2020 г.
Фота: ТК «Пул первого»

Спіс запрошаных на гэта чарговае «вяселле» падобны да спісу персанажаў для беларускага варыянту Нюрнбергскага трыбунала. З той розніцай, што пераемнік Лукашэнкі будзе вымушаны адмовіцца ад смяротнага пакарання. Той кадр, які я бачыў, нібы знарок паказвае аўдыторыю ззаду – каб не было відаць «радасных» і «шчаслівых» твараў тых, каго собіла «падзяліць гэтую перамогу».

Святара ў Берліне адпусцілі. Хоць – не было ніякага святара: кіно часам хлусіць. Быў грамадзянскі абрад, здзейснены чыноўнікам тагачаснай мэрыі (кіраванне гаўляйтэра Берліна) Адольфам Вагнерам. Зрэшты, яго ўсё роўна адпусцілі. Імаверна, ён быў шчаслівы. Імаверна, будзе шчаслівая і Лідзія Ярмошына, для якой усё скончылася.

А для нас?

Мне здаецца, усё толькі пачынаецца…

Абноўлена
«Лукашэнка сам не ведае, як скончыцца ягоная палітычная карʼера». Аналітыкі пра таемную інаўгурацыю
2020.09.23 14:17

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў