Вяртанне на радзіму, уласны дом, першая чырвоная памада. Што добрага здарылася ў нашых чытачоў у 2020 годзе


2020 год называюць адным з найгоршых у гэтым стагоддзі. Пандэмія, эканамічны абвал, у выпадку Беларусі – нябачных раней маштабаў рэпрэсіі. Але нават у гэтай цемры было нешта добрае. «Белсат» папрасіў сваіх чытачоў распавесці, што добрае ў іх адбылося сёлета. Публікуем першую частку файных гісторыяў.

Удзельнікі пратэстаў у Менску, Беларусь. 17 жніўня 2020 году.
Фота: Света Фар / Белсат

Вяртанне дадому

Калі некаторыя нашыя чытачы наракалі, што праз пандэмію не здолелі з’ехаць з Беларусі, некаторыя наадварот былі шчаслівыя вярнуцца.

«У 2020 годзе я вярнулася ў Беларусь, дзе не жыла 3 гады. Свабодна размаўляючы на ​​мове іншае краіны, маючы два еўрапейскія дыпломы і магчымасць годна жыць і зарабляць, я прыехала дадому. Пачала з нуля, але ўсведамляла, што мушу жыць тут. Мае блізкія былі шчаслівыя, калі б пабачылі, што я шчаслівая ўдома.

Я ані секунды не шкадую аб прынятым рашэнні, я ўдзячная лёсу, што магу разам з нашымі людзьмі перажываць падзеі апошніх месяцаў, разам падзяляць смутак і радасць. Дзякуй вам, дарагія беларусы, за тое, што мая вера ў вас толькі ўмацавалася! Разам мы зможам усё! Жыве Беларусь!»

Акцыі салідарнасці ў Менску, Беларусь. 13 жніўня 2020 году.
Фота: Света Фар / Белсат

***

«Я вучыўся свой апошні семестр у Польшчы, адначасова працаваў і неўзабаве меўся перайсці на пасаду інжынера. Але здарыўся локдаўн, палітэхніка перайшла на здольную форму, праца прыпынілася, а неўзабаве сканчаўся кантракт. Я пастанавіў паехаць у Беларусь.

Тыдзень я вельмі шкадаваў, але потым іншыя абставіны значна змянілі сітуацыю. Маці сышла з працы, а бацька ўзяў доўгі адпачынак. Цягам вясны мы ўласнымі рукамі зрабілі столькі справаў, што цяжка ўявіць: супольны рамонт кватэры, сямейныя справы на дачы з шашлыкамі, доўгія выправы роварам з сябрам, усе разам удома – я нібыта вярнуўся ў дзяцінства, а маці нарэшце атрымала спакой на пенсіі.

Заняткі ды праекты для ўніверсітэту рабіліся проста з дамашняе канапы з кубкам кавы, таксама як і дысертацыя – гэта раней немагчыма было ўявіць. Мы амаль не кантактавалі са светам: толькі адзін чалавек хадзіў у краму ўвесь час. Мы з татам нават выгналі з гаражу наш 50-гадовы форд, якім дагэтуль карысталіся вельмі абмежавана: паказвалі яго на выставах і для асабістага задавальнення ездзілі на выходных у горад ці на лецішча. Мы шчыльна над ім папрацавалі, перабралі рухавік другога бацькавага аўта, каб ён карыстаўся ім.

Людзі стаяць у ланцугу пакаяння ў Менску, які пачынаецца пад ЦІП на Акрэсціна і заканчваецца ў лясным урочышчы Курапаты, дзе ў 1937-1939 гг. адбываліся масавыя расстрэлы. Беларусь. 21 жніўня 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Зʼехаў я на працу напрыканцы чэрвеня, калі ўжо былі знятыя абмежаванні. Асабліва я вельмі ўсцешаны, што нашае грамадства таксама прачнулася, і, магчыма, мне не прыйдзецца заўсёды працаваць за мяжою, можа, і за большыя грошы, калі ўдома такія файныя людзі».

Год новых магчымасцяў

Нашыя чытачы адзначаюць, што яны здолелі паглядзець на сябе і сваё жыццё пад нечаканымі ракурсамі. І нарэшце ажыццявіць даўнія планы.

«Адкрываю сябе сапраўдную – перастала фарбаваць свае сівыя валасы – аказваецца, я кансерватыўная бабуля! Упершыню фарбую вусны чырвонай памадай. Я прыгожая!»

На «Маршы новай Беларусі» ў Менску, Беларусь. 23 жніўня 2020 году.
Фота: Аліса Ганчар / Беласт

***

«У мяне зʼявіліся сапраўдныя сябры, упершыню са студэнцтва! Мне споўнілася 33, і я ўсё яшчэ праходжу трансфармацыю. Я зразумела што людзі вакол мяне выдатныя і неймаверныя! І я ім давяраю. Пачала хадзіць на курсы ангельскай і псіхалогіі, стварыла свой Telegram-канал пра будаўніцтва. Я даравала бацькам за ўсё тое, чаго, як я думала, яны мне недадалі. І прыняла ўсё, што ёсць, як базавыя завадскія налады, якія ўдасканальваю далей сама. Пачала гуляць у сквош, прымаю і люблю сваё цела».

***

«У кастрычніку нарэшце выбраўся за мяжу. Намерыўся зʼездзіць ва Украіну. Цяпер мантую невялікі фільм пра сваё падарожжа, распавяду пра яго сваім блізкім і сябрам».

***

«Гэтым летам я нарэшце пачала працаваць над стварэннем уласнага гняздзечка. Набыла ўчастак з домікам за 40 км ад Менску, павінна была рабіць там рамонт, калі б не вось гэтае вось усё. Дакладней, раблю, але значна больш павольна. Ішла да гэтага 10 гадоў, не хацелася браць крэдыты, збірала грошы, як магла».

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 году.
Фота: Света Фар / Белсат

Прыемны бонус – падзяка ад нашых гледачоў

Асабліва прыемна атрымоўваць падзякі ад чытачоў за нашую працу. Мы вельмі шануем такія паведамленні. Дзякуем вам за давер!

«Дарагая каманда «Белсату»! Ад усяго сэрца дзякую вам за гэтую неверагодна важную працу! Вы смелыя, стойкія, мужныя, прафесійныя, аб’ектыўныя і самыя беларускія навіны для мяне! Абсалютна ўсё роўна, апублікуеце вы мае нататкі ці не, – гэта выдатная ідэя і псіхатэрапія для беларусаў – канцэнтравацца на станоўчых момантах. Таму што наш шлях нашмат шырэйшы і далейшы, чым мы цяпер думаем, а Лукашэнка ўсяго толькі камень ля абочыны дарогі, які трэба абмінуць. Абмінуць – і рухацца далей да сваёй асабістай мэты! Жыве Беларусь!».

Акцыя салідарнасці с незалежнымі журналістамі. Менск, Беларусь. 2 верасня 2020 году.
Фота: Света Фар / Белсат

***

Дзякуй вам за тое, што дасылаеце нам свае гісторыі. Мы чакаем яшчэ! Падзяліцеся, калі ласка, нечым файным, што адбылося ў вашым жыцці ў 2020 годзе.

Дасылаць навіны можна праз наш бот @BelsatBot у Telegram, у сацыяльныя сеткі або на пошту belsat.eu@gmail.com. Можаце ілюстраваць вашыя гісторыі здымкамі! Самыя цікавыя мы апублікуем.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў