«Вярні бабкі, скакун праз казла!»

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб беларускія спартоўцы, што выступаюць за зборныя іншых дзяржаваў, вярнулі сваёй шалёна ганарлівай і сінявокай радзіме грошы за трэніроўкі. Так бы мовіць, калі даскакаўся да прызнання за межамі краіны – вярні бабкі! Не хочаш вяртаць – скачы ў нас: казлоў, балазе, у спартзалах хапае.

Кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту, аказваецца, так і не зразумеў сутнасці сусветнага спартыўнага руху. Гэта за столькі гадоў!

Спорт – як, зрэшты, і рэлігія – ва ўсім свеце аддзелены ад дзяржавы. Гэта справа выключна добраахвотная, а зусім не прымусовая. Дзяржава можа вызначаць палітыку ў галіне масавага спорту, ствараць для яе ўмовы. Але ніяк не дыктаваць спартсменам, што яны мусяць рабіць. І ўсе гэтыя планы па медалях – не ад лукавага, а ад гэтак дарагога сэрцу Аляксандра Рыгоравіча партайгэносэ Джугашвілі, пры якім спорт на нашай тэрыторыі як раз і быў адзяржаўлены да мозгу касцей. Зараз косці засталіся, з мазгамі, праўда, некаторая напружанка.

Аляксандра Герасіменя. Фота – АР/«Белсат»

У свеце не дзяржава фінансуе спорт, а донары-добраахвотнікі. Не сумняюся, што ёсць буйныя прадпрымальнікі і ў нас, якія з радасцю паставяць на забеспячэнне пару-тройку перспектыўных спартсменаў, а тыя ў адказ будуць рэкламаваць іх прадукцыю. А ў нас што рэкламаваць? Дзяржаву ў асобе прэзідэнта? Вось яны, бедныя, і рэкламуюць яго, ды атрымліваюць замест пенсіяў і мільённых зберажэнняў дэпутацкія мандаты. І тое, зразумела, далёка не ўсё.

Hавiны
«Блізкаму чалавеку патрэбная аперацыя». Фрыстайліст Грышын прадаў алімпійскія медалі
2019.07.20 14:21

Умяшанне ж дзяржавы ў справы спорту нічым добрым не заканчваецца. Заканчваецца яно, як правіла, шматлікімі допінгавымі скандаламі, што найлепш прадэманстравала сітуацыя з нашай суседкай Расеяй. Яе спартовае кіраўніцтва можа, вядома, спасылацца на тое, што хочуць яны – як лепш, але атрымліваецца нешта – як заўсёды. Праз прабірку з мачой, прабачце, калі не горш.

Настасся Мірончык-Іванова святкуе другое месца ў фінале па скачках у даўжыню сярод жанчын на Чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях 2019 года. Фота Forum, Reuters

Вось і цяпер нам прапануюць прыкладна тую ж прабірку, толькі ўжо палітычную. Вы ж выкарыстоўваеце спорт, спадары чыноўнікі на чале з прэзідэнтам, так бы мовіць, для ўзняцця патрыятычнага духу? Як вы думаеце, які патрыятычны дух будзе ў спартсмена, якога паставілі перад дылемай: скачаш пад нашым сцягам – ці гані «бабкі» назад? Нават калі ён пагодзіцца скакаць пад нашым сцягам, ён зусім не будзе пры гэтым яго любіць. Бо ён лепш за ўсіх ведае: перамога ў спорце – гэта ягоная асабістая перамога, перамога трэнерскай каманды, але ніяк не Аляксандра Рыгоравіча, які тлумачыць алімпійскім чэмпіёнам, як трэба лыжныя палкі перастаўляць. Гэта значыць, зразумела, што, на думку некаторых, лыжная мазь на тое і існуе, каб усе ахвотныя маглі прымазацца да спадарыні Домрачавай, – але не настолькі ж!

Мне часам здаецца, што калі б беларуская дзяржава магла публічна – у асобе першай асобы – заявіць, што вучыла пісаць Святлану Алексіевіч, праблем з прызнаннем заслуг першай набеліянткі суверэннай Беларусі ў краіне не было б. Але, на жаль, са спартоўцамі крыху прасцей.

Таму і ўзнікла ідэя «вяртання затрачаных сродкаў». Лепшы сябар фізкультурнікаў палічыў факт магчымай перавагі ягонага сцягу – сцягу чужому ледзь не здрадай. Прычым асабістай здрадай. Маўляў, я да іх – а яны!.. Саджаць спартсмена за гэта немагчыма (сусветная спартыўная грамадскасць не зразумее), а вось пакараць рублём – чаму б не паспрабаваць? Хто тут у нас недастаткова патрыятычны? Раскрывай кашалёк, гані манету!

Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы «Матч Еўропа – ЗША Менск 2019» на стадыёне «Дынама». Фота Forum, TASS

А яшчэ кажуць, што спорт – гэта мір. Не, спорт – гэта вайна. А на вайну ў нашых умовах грошы могуць быць толькі ў дзяржавы. Што і пацвярджаецца апошнімі заявамі Аляксандра Рыгоравіча. Так бы мовіць, вярніце – і распішыцеся.

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў