Вярхоўны суд змякчыў пакаранне для экс-супрацоўнікаў КДБ і МУС па «справе сямнаццаці»


У Вярхоўным судзе абвешчана рашэнне па апеляцыі абвінавачаных «справы сямнаццаці»: былым супрацоўнікам праваахоўных органаў тэрмін скарочаны на шэсць гадоў.

Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Такім чынам, былы оперупаўнаважаны КДБ Ігар Карыцкі прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі, як і былы оперупаўнаважаны ГУБАЗіК МУС Канстанцін Дзенісевіч. Экс-оперупаўнаважанаму КДБ Дзмітрыю Вераценскаму канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе 9 гадоў пазбаўлення волі, Канстанціну Вілюгу – 19 гадоў калоніі.

Вярхоўны суд палічыў недаказаным шэраг эпізодаў, звязаных з распаўсюджваннем спайсаў, а таксама выключыў з абвінавачання акалічнасць учынення злачынства сілавікамі ў складзе арганізаванай групы з прычыны парушэння прысягі.

Разгляд па «справе сямнаццаці» вёўся дзевяць месяцаў. На лаве падсудных апынулася 17 абвінавачаных, у тым ліку два былыя супрацоўнікі КДБ і адзін – галоўнага ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС.

У абвінавачванні адзначана, што злачынная група мела разгалінаваную наркасетку як у Беларусі, так і ў Расеі. Анлайн-магазін па продажы спачатку дазволеных, а затым забароненых рэчываў называўся LegalMinsk. Перыяд злачыннай дзейнасці – 2011–2014 гады.

 

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў