Вярхоўны суд хоча пашырэння ўмоўна-датэрміновага вызвалення для асуджаных за наркотыкі


Валянцін Сукала

Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала заявіў пра магчымыя змены ў падыходзе да асуджаных за наркотыкі.

Валянцін Сукала распавёў пра нядаўняе абмеркаванне праблемы на Прэзідыуме Савету Міністраў. Паводле яго, гучалі розныя меркаванні, але пазіцыі Вярхоўнага суда і МУС супалі наконт таго, што ўзмацненне адказнасці ў свой час было абгрунтаваным, але цяпер сітуацыя змянілася і ёсць пазітыўны вынік.

«Летась судзімасць няпоўнагадовых за злачынствы, звязаныя з абаротам наркотыкаў, знізілася больш чым у 2 разы. Дарослых – на 18 %. І цяпер з’явіліся падставы не для заканадаўчага змякчэння адказнасці за гэты від злачынстваў, але для пошуку новых падыходаў да яго. Напэўна ёсць патрэба ў скарачэнні колькасці асоб, якія прыцягваюцца паводле 1-й часткі 328-га артыкулу (Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), то бок спажыўцоў. Усё ж такі 2 тыс. асобаў за год – гэта вельмі вялікая лічба, і яна можа быць скарочаная шляхам ужывання іншых мераў уздзеяння, напрыклад, звязаных з прымусовым лячэннем», – заявіў Валянцін Сукала.

І назваў яшчэ адну меру, якую падтрымлівае Вярхоўны суд, – пашырэнне ўжывання ўмоўна-датэрміновага вызвалення і замены пакарання на больш мяккае для асобаў, асуджаных паводле артыкулу 328, якія «сапраўды ўсталі на шлях выпраўлення».

«Дарэчы, летась больш за 500 асобаў ужо былі ўмоўна-датэрмінова вызваленыя ад пакарання за гэты від злачынстваў. Варта больш абʼектыўна падыходзіць да асуджэння нават распаўсюджвальнікаў наркотыкаў – у тых выпадках, калі гэты распаўсюд носіць характар ​​сумеснага ўжывання. Калі адзін наркаман прыкурвае іншаму цыгарэту з якім-небудзь «зеллем», то фармальна гэта таксама распаўсюд, але ў дадзеным выпадку, па-мойму, можна знаходзіць магчымасць для выхаду за межы самых суровых санкцыяў. У межах, падкрэслю, дзеючага заканадаўства, без якой-небудзь яго карэктыроўкі. Такі падыход не будзе насіць масавы характар, ён закране ў асноўным няпоўнагадовых, але ў цэлым стане адпавядаць агульнай пазітыўнай тэндэнцыі ў справе барацьбы з гэтым злом», – адзначыў старшыня Вярхоўнага суду.

НМ, belsat.eu, паводле «СБ. Беларусь Сегодня»

Стужка навінаў