Вярхоўная Рада Украіны папрасіла прызнаць незалежнасць украінскай царквы


Парламент Украіны прыняў пастанову аб звароце да патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея аб наданні аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.

«За» прагаласавалі 245 дэпутатаў Вярхоўнай Рады, супраць было 20 галасоў, адзін дэпутат устрымаўся. Яшчэ 66 дэпутатаў у галасаванні ўдзелу не бралі.

Раней законапраект быў ухвалены камітэтам Вярхоўнай Рады ў пытаннях культуры і духоўнасці.

Дэпутатка ад партыі «Удар» Марыя Матыёс, падаючы ў Радзе законапраект, заявіла: «Калі ёсць незалежная дзяржава, у ім мае быць незалежны дух і вера».

16 чэрвеня на выспе Крыт мае пачацца Усеправаслаўны сабор, які будзе трываць да 26 чэрвеня. У саборы возьмуць удзел 10 з 14 агульнапрызнаных аўтакефальных цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Ерусалімская, Кіпрская, Сербская, Эладская, Румынская, Албанская, Польская, Чэшскіх Земляў і Славакіі. Не прыедуць на сабор дэлегацыі 4 цэркваў: Антыяхійскай, Грузінскай, Балгарскай і Расейскай.

Асноўная прычына адмовы РПЦ удзельнічаць у саборы – барацьба за першынство ў праваслаўным свеце паміж Расейскай праваслаўнай царквою і Канстанцінопальскім патрыярхатам. Адносіны паміж двума патрыярхатамі за апошнія дзесяцігоддзі моцна пагоршыліся. Прычым, на гэта паўплывала таксама ўкраінскае пытанне – шмат якія вернікі Украіны хочуць выйсці з юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату. Уваход аўтакефальнай украінскай царквы ва ўлонне Канстанцінопальскага патрыярхату разглядаецца як адзіны спосаб надаць ёй статус кананічнасці, які неабходны для паўсюднага прызнання царквы.

Украінская праваслаўная царква (Маскоўскага патрыярхату) уваходзіць у склад Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ), дзе мае статус самакіравальнай і валодае правамі шырокай аўтаноміі, але не мае аўтакефаліі (незалежнасці).

Прадстаўнікі Канстанцінопалю ўжо заявілі, што нават няўдзел пэўных праваслаўных цэркваў ва Усеправаслаўным саборы не здымае з іх абавязкаў выконваць яго пастановы.

МЯ, паводле strana.ua

Стужка навінаў