Вярхоўная Рада прыняла закон пра ўкраінскую мову як адзіную дзяржаўную


Народныя дэпутаты Украіны прынялі закон «Аб забеспячэнні функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай», які пачалі разглядаць у другім чытанні яшчэ 28 лютага. Сёння за гэтае рашэнне прагаласавалі 278 парламентарыяў, паведамляе «УНІАН».

Перад галасаваннем нардэпам прадэманстравалі фільм, дзе да іх звярнуліся пісьменнікі, паэты, грамадскія актывісты, навукоўцы, акторы, царкоўныя дзеячы, якія распавялі пра важнасць прыняцця гэтага закону.

Законам вызначаныя асобы, якія абавязаны валодаць дзяржаўнай мовай і прымяняць яе падчас выканання службовых абавязкаў. Сярод іх кіраўніцтва дзяржавы, дэпутаты, суддзі, пракуроры, служачыя Нацыянальнага банку Украіны, афіцэры, якія праходзяць вайсковую службу па кантракце, педагогі, медыкі дзяржаўных і камунальных устаноў аховы здароўя. Дзеянне гэтага закона не распаўсюджваецца на сферу прыватных дачыненняў і здзяйснення рэлігійных абрадаў.

Таксама закон прадугледжвае, што кожны грамадзянін Украіны (і асобы, якія жадаюць атрымаць украінскае грамадзянства) мусяць засведчыць свой узровень валодання мовай, адпаведны сертыфікат будуць выдаваць на арганізаваных дзяржавай моўных курсах.

У залу Рады, дзе адбывалася галасаванне, прыйшоў Філарэт, які раней адзначаў, што Царква настойвае на прыняцці закону аб мове. Акрамя таго, у зале прысутнічаў трэці прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка.

Спікер парламента Андрэй Парубій заявіў, што прэзідэнт Пятро Парашэнка паабяцаў неўзабаве падпісаць дакумент.

Закон уступіць у сілу праз месяц з дня апублікавання, пры гэтым некаторыя пазіцыі адтэрмінаваныя на год або два гады.

КА belsat.eu

Стужка навінаў