Вялізарныя чэргі на мяжы з Літвою: кіроўцам фураў даводзіцца чакаць па 50 гадзінаў


У чарзе на выезд з Беларусі ў памежным пункце пропуску «Каменны Лог» за апошнія некалькі дзён сабралася больш за 450 фураў. Некаторыя кіроўцы чакаюць па двое содняў, пакуль іншыя праязджаюць без чаргі.

У рэдакцыю Belsat.eu звярнуўся Аляксандр Юруць, які паўтары гады працуе кіроўцам кантэйнеравозу ў адной са сталічных фірмаў-перавозчыкаў. Яму і раней перыядычна даводзілася захрасаць на беларуска-літоўскай мяжы, але цяпер ён упершыню правёў у чаканні 50 гадзінаў. Паводле яго, чарга, каб патрапіць на тэрыторыю самога пункту пропуску, расцягнулася на дзясятак кіламетраў.

«Фуры стаяць проста ўздоўж дарогі, у крокавай дасяжнасці няма ні кавярні, ні прыбіральні. Ежа і вада за гэты час сканчаюцца – набыць нешта таксама немагчыма, бо няма крамы. Летам яшчэ прасцей гэта перанесці, але не ў халодны час», – скардзіцца Аляксандр.

Hавiны
На мяжы з Літвой і Польшчай на выезд стаяць сотні аўтаў
2019.11.07 10:54

Як вынікае з афіцыйнай інфармацыі на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту, днём 2 снежня ў пункце пропуску «Каменны лог» на выезд стаяла больш за 450 грузавых машын. У «Катлоўцы» і «Прывалцы» сітуацыя таксама складаная – больш за 210 і 250 цяжкавікоў адпаведна.

«Некаторыя фірмы афармляюць платныя пропускі на пазачарговы праезд, фактычна крадучы наш час. Мы звярталіся да памежнікаў з просьбай паскорыць працу для агульнай чаргі, але там разводзяць рукамі. А я ў свайго кіраўніцтва не пытаўся, чаму мы не набылі пропуск», – тлумачыць Аляксандр і дадае, што звычайна ў гэтай агульнай чарзе праводзіць па 35-40 гадзін. Назву кампаніі, дзе працуе, ён называць не пажадаў.

Hавiны
На выездзе з Беларусі ў Еўразвяз стаіць амаль 1500 фураў
2019.11.24 09:54

«Ад пропускаў адмовіліся – яны невыгодныя»

Насамрэч, у Дзяржаўным памежным камітэце платны пропуск можна аформіць для індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных і нават фізічных асобаў. Кошты адрозніваюцца: фізічная асоба павінна сплаціць 100 базавых велічыняў на год (2550 руб.), а перавозчыкі-ІП – 150 базавых (3 825 руб.).

Як часта лагістычныя фірмы карыстаюцца гэтай адміністратыўнай працэдурай і якія ёсць альтэрнатывы?

У транспартна-экспедытарнай кампаніі «ШымаПлюс» сказалі, што часцей працуюць у польскім кірунку і там сістэмы платных пропускаў няма. Але і чэргі (як мінімум цяпер) меншыя, чым мяжы з Літвой: у Бераставіцы стаяць 90 машын, у Брузгах – больш за 40.

«Што датычыць Літвы, то туды ў нас ездзяць машыны вагой да 300 тонаў, яны не мусяць стаяць у чарзе з фурамі», – адзначыў прадстаўнік кампаніі.

Дырэктар прыватнага прадпрыемства «БаксарНЕТ» Віталь Цяшкевіч у каментары belsat.eu распавёў, што раней меў платны пропуск, але ўжо гады два як адмовіўся ад яго.

«Я рабіў гадавы пропуск – дакументы трэба было падаваць у ДПК у Менску. Дакладна не памятаю, колькі аддаў тады грошай, але потым ад гэтых пропускаў мы адмовіліся, бо яны вельмі падаражэлі, разоў у 20! Натуральна, атрымліваецца невыгодна», – тлумачыць бізнесовец.

Hавiны
Тысячы грузавікоў на мяжы чакаюць выезду з Беларусі ў Літву і Латвію
2018.10.21 12:03

Ягоная кампанія абрала іншы спосаб: загадзя браніраваць месца ў чарзе на мяжы, да прыбыцця туды транспартнага сродку. Каштуе паслуга ўсяго 1 базавую велічыню (25,5 руб.) незалежна ад катэгорыі машыны. Галоўнае, зрабіць гэта не пазней, чым за 3 гадзіны да пажаданага часу. Забраніраванае месца захоўваецца на гадзіну.

«У Літве такая схема працуе ва ўсіх пунктах пропуску, а з беларускага боку – толькі ў Катлоўцы. Але праблема ў тым, што бліжэй да святаў усе месцы ўжо разабраныя, бліжэйшая свабодная дата – 15 снежня. Мы не можам чакаць паўмесяцы, таму кіроўца вымушаны будзе паехаць праз Каменны Лог і чакаць там каля двух дзён», – кажа ён.

Праблема з вялізарнымі чэргамі на беларуска-літоўскай мяжы што для легкавых аўтаў, што для грузавых, здараецца рэгулярна. Пры гэтым Каменны Лог – найбольш загружаны пункт пропуску. Сёлета на пачатку красавіку там скапіліся больш за 240 машын, а напрыканцы жніўня – больш за 310. Апошнім разам пра складанасці з перасячэннем мяжы Дзяржпамежкамітэт папярэджваў у лістападзе, абяцаючы на перыяд доўгіх выходных павялічыць колькасць працаўнікоў у тэрміналах.

KA belsat.eu

Стужка навінаў