Вялікдзень дома: дзе замовіць дастаўку кулічоў і як асвяціць паскі


Велікодны стол. Ілюстратыўны здымак.
Фота: pixabay.com

Галоўнае свята праваслаўнага календара ў гэтым годзе сустракаем у няпростых умовах. Праз пандэмію каронавіруса святары заклікаюць нас правесці Вялікдзень дома. Кулічы можна замовіць онлайн або праз тэлефон. Асвяціць велікодныя пірагі можна нават у хатніх умовах.

Кулічы для менчукоў

Жыхарам сталіцы дастаўку асвечанай выпечкі на дом прапануе Свята-Елісавецінскі манастыр.

«Кожны жыхар Менску можа дакрануцца да атмасферы вялікіх хрысціянскіх святаў», – адзначаецца на сайце Менскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.

Дзеля захавання бяспекі памочнікі падчас дастаўкі карыстаюцца маскамі і пальчаткамі. Замовіць велікодныя пірагі ды ўдакладніць інфармацыю можна па тэлефонах: +375 (44) 590 59 57, +375 (44) 547 37 62.

Асвячоныя кулічы па сталіцы развозіць таксама «Е-дастаўка». Усяго сэрвіс прапануе тры віды пірагоў, кошт – ад Br 1,29.

«Ідэя дастаўляць на дом асвячоную прадукцыю паўстала яшчэ да росту попыту на дастаўку прадуктаў. Што рост колькасці захворванняў прыпаў на святы – непрыемны факт. Але мы хочам зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы людзям сустрэць Вялікдзень са звыклымі атрыбутамі, але пры гэтым застацца дома. Гатаваць пірагі будзем па існай традыцыі, а асвячаць іх пагадзіўся бацюшка. Спадзяемся, гэта дапаможа тысячам беларусаў накрыць велікодны стол», – адзначаюць у «Е-дастаўцы».

«Залатое цяля» забяспечыць гарадзенцаў

Велікодная булка і яйкі. Ілюстратыўны здымак.
Фота: pixabay.com

Гарадзенцаў віншуе з Вялікаднем ды прапануе дастаўку дадому адмысловага велікоднага кошыку са святочнымі стравамі рэстаран «Залатое цяля». У святочным наборы: велікодны куліч (200 г), макавы каравай (400 г), падвэнджаная грудзінка (500 г), фаршыраваная рыба (500 г), запечаная каўбаска (400 г), фарбаваныя яйкі (6 шт), хлеб «Барадзінскі» (300 г). Цана велікоднага кошыку – Br 50. Дастаўка бясплатная. Замовіць можна па нумары +375 (29) 761 94 70.

«Дамачай» з прапановаю вернікам у Магілёве

Магілёўцам святочную выпечку на дом дастаўляе булачна-кандытарская кампанія «Дамачай». Замовіць можна кулічы, кексы ды сувенірныя пернікі ў выглядзе зайчыкаў, курачак або мініяцюрных велікодных кулічоў.

«Да праваслаўнага Вялікадня мы падрыхтавалі і навінку гэтага сезону – кекс «Тварожны» арыгінальны, у складзе якога толькі тварог, масла ды разынкі», – зазначаюць на прадпрыемстве.

Мінімальная замова – на суму Br 25, дастаўка бясплатная. Заяўкі прымаюць з 9:00 да 17:00.

«Штрудзель» парупіцца пра берасцейцаў

Ілюстратыўны здымак.
Фота: pixabay.com

Жыхарам Берасця дастаўку дадому велікоднай выпечкі прапануе Кавярня-пякарня «Штрудзель». Пекары гатуюць кулічы з разынкамі, цукатамі, шакаладнымі дропсамі, а таксама тварожныя кексы. Кошт вырабаў у залежнасці ад вагі і складнікаў ад Br 1,15 да Br 3,20.

«Пры замове пірагоў на Br 25 – куліч у падарунак! Дастаўка ад Br 20!» – дадаюць вытворцы.

Замовіць можна па тэлефоне +375 (29) 377 22 33.

«Свая пякарня» – у Гомлі

Гамельчукам велікодныя кулічы ручной работы без кансервантаў і заменнікаў прапануе «Свая пякарня». Замовіць святочную выпечку можна онлайн або па тэлефоне. Але каб забраць, давядзецца ехаць у пункты продажу.

Набыць можна велікодны куліч фармавы (500г) за 5 рублёў, велікодны куліч з разынкамі і журавінамі (500г) за Br 5.50, велікодны тварожны куліч (500г) – 6 рублёў, велікодны тварожны куліч з разынкамі і журавінамі (500г) – Br 6.50, а таксама тварожны кекс (400г) за Br 7.50.

Замовы прымаюць па нумары +375 (29) 194 63 80 з 9:00 да 20:00.

Віцебскае «Даміно»

Жыхарам Віцебску магчымасць замовіць велікодныя кулічы на дом прапаноўвала сетка кафэ «Даміно». Што праўда, заяўкі прымалі да 12:00 16 красавіка.

Асвячэнне пасак

Асвячэнне Велікодных страваў, 2019.
Фота: «Белсат»

Асвячаць велікодныя кулічы праваслаўныя сёлета ўсё ж будуць – на вуліцы каля святыняў. Хоць шэраг Цэркваў не заахвочваюць прыходзіць, а іншая частка – запрашаюць прыходзіць у масках і пальчатках. Правесці велікоднае асвячэнне пасак вернікі могуць і самі ў хатніх умовах, калі напярэдадні паклапоцяцца аб тым каб мець святую ваду.

Пра гэта ў Telegram-канале паведаміла працоўная група пры Патрыярху Маскоўскім і Усяе Русі Кірылу.

«Перад велікоднай трапезай трэба тройчы праспяваць трапар Пасхі «Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыццё дараваў», а затым акрапіць ежу святой вадой (калі яна ёсць) са словамі: «У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амінь»», – гаворыцца ў паведамленні.

Такім чынам можна асвяціць не толькі кулічы, але і ўсю традыцыйную святочную ежу.

Напярэдадні Вялікадня мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, звярнуўся да вернікаў з просьбаю не хадзіць у святыні падчас велікодных набажэнстваў і маліцца дома. Пры гэтым цэрквы застануцца адчыненыя і набажэнствы будуць здзяйсняцца, але тых, хто ўсё ж прыйдзе ў царкву, просяць захоўваць дыстанцыю.

Таксама кіраўнік БПЦ заклікае далучацца да набажэнстваў праз тэлевізійныя ды онлайн-трансляцыі. Да прыкладу, наўпроставы паказ Велікоднай службы зладзяць на YouTube-канале Свята-Елізавецінскага манастыра.

Онлайн-трансляцыя «Белсату»

Вялікзень-2020. Ілюстратыўны здымак.
Фота: pixabay.com
Hавiны
На Вялікдзень «Белсат» арганізуе трансляцыю набажэнства з праваслаўнай царквы
2020.04.17 08:00

«Белсат» на Вялікдзень арганізуе трансляцыю набажэнства з царквы св. Мікалая Цудатворцы ў вёсцы Тапілец пад Беластокам. Урачыстую ютрань у наўпроставым эфіры вы зможаце паглядзець У ноч з суботы на нядзелю, з 18 на 19 красавіка, а 00:30 праз спадарожнік, на belsat.eu або на YouTube. Служыць ютрань будзе айцец Яраслаў Юзьвік.

Заставайцеся дома і святкуйце з «Белсатам»!

Анастасія Русецкая Belsat.eu

Стужка навінаў