Вялікая гульня на жыццё Алега Сянцова ўступае ў вырашальную фазу


Украінскі рэжысёр у расейскім лагеры змагаецца за жыццё і годнасць. Ён не хоча пісаць Пуціну прашэнне аб памілаванні і такім чынам дапусціць, каб футбольнае свята засланіла драму палітычных зняволеных.

Алег Сянцоў, украінскі рэжысёр, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў турмы, трымае ўжо 45-дзённую галадоўку ў папраўчай калоніі «Белы мядзведзь» у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Ён пратэстуе супраць несправядлівага прысуду і ўтрымання некалькіх дзясяткаў украінцаў і палітычных зняволеных у расейскіх турмах. Стан вязня пагаршаецца з кожнай гадзінай. Ён страціў 13 кг і цяпер знаходзіцца ў бальнічнай частцы калоніі. Турэмныя лекары занепакоеныя станам яго нырак і сэрца і рэкамендуюць прымусовае кармленне. Пуцін хоча, каб рэжысёр напісаў прашэнне аб памілаванні і прызнаўся ў падрыхтоўцы тэракту ў Крыме. Сянцоў адмаўляецца і галадае.

Апошняя місія

Учора ў Кіеў прыбыла прадстаўніца Крамля па правах чалавека Таццяна Маскалькова. А ў Маскву – украінская пасланніца Вярхоўнай Рады, Людміла Дзянісава. Маскалькова мусіла сустрэцца з расейскімі маракамі, затрыманымі ва Украіне, а таксама з арыштаваным за дзяржаўную здраду. Дзянісава ж планавала наведаць Сянцова і іншых украінскіх вязняў у Расеі. Між тым, расейскія ўлады не далі дазволу ні на сустрэчу, ні нават на відэаканферэнцыю з Сянцовым. Абедзве паўнамоцныя прадстаўніцы абвінавацілі адна адну ў нежаданні супрацоўнічаць. Учора ў Кіеве Маскалькова сказала, што Сянцоў адмаўляецца ад кансультацыі лекара і сам сабе шкодзіць. У лісце да Дзянісавай яна напісала, што вязень «выглядае нядрэнна». Расейская пасланніца таксама сцвярджае, што ў Сянцова ёсць расейскае грамадзянства (як жыхар анексаванага Крыму, ён яго атрымаў), і таму суд над ім з’яўляецца ўнутранай справаю Расеі.

Таццяна Маскалькова і Людміла Дзянісова.
Фота: svoboda.org

Місія паўнамоцных прадстаўніц была вынікам тэлефоннай размовы на мінулым тыдні паміж Уладзімірам Пуціным і Пятром Парашэнкам. Абодва прэзідэнты з няўпэўненасцю заявілі аб сваёй гатоўнасці да супрацы. Аднак сёння вядома, што сітуацыя была патавая.

«Расея цягне час. Гэта прагучыць жорстка, але яны спадзяюцца, што Сянцоў або вытрымае хаця б групавы этап чэмпіянату свету, або што яны прымусяць яго паесці», – кажа Віталь Портнікаў, украінскі публіцыст, звязаны з тэлебачаннем Espreso.

Крэмль не хоча дэманстраваць мяккасць нават падчас чэмпіянату свету. Ён хоча пачакаць і замяць справу. Тым больш, што падчас футбольнага мундыялю інфармацыя пра паміранне Алега Сянцова згубілася ў плыні паведамленняў аб радаснай і адкрытай Расеі.

Брудная гульня

Адразу пасля пачатку чэмпіянату свету прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў абвясціў: Уладзімір Пуцін ведае, што культурныя супольнасці ва ўсім свеце просяць вызваліць Сянцова.

«Але Пуцін нічога не можа зрабіць, бо ў Расеі ёсць закон, і толькі асуджаны можа напісаць ліст з просьбаю аб памілаванні», – дадаў Пяскоў.

Гэта азначае, што асуджаны рэжысёр павінен быў бы прызнаць сябе вінаватым і папрасіць Пуціна аб памілаванні. Між тым, ён галадае менавіта таму, што не лічыць сябе вінаватым.

«Крэмль ніколі не прызнае, што затрымаў і асудзіў украінца несправядліва, але будзе дамагацца, каб той прызнаў віну, і выкарыстоўваць Сянцова ў прапагандысцкіх мэтах супраць Украіны, – кажа Віталь Портнікаў. – Акрамя таго, Крэмль спрабуе разыграць справу на ўкраінскім падворку, нападаючы на Парашэнку».

Учора, на канферэнцыі АБСЕ ў Кіеве, у аўдыторыі ўстаў чалавек у вайсковай форме і пачаў расказваць, што ён асабіста перавозіў у Крым і перадаваў выбухоўку для Сянцова. Ён дадаў, што 20 гадоў не даюць проста так, і што Сянцоў сапраўды планаваў здзейсніць напад у Крыме, за што яго пазней асудзілі расейцы. Ён таксама сказаў, што жывы Сянцоў нязручны для ўкраінскіх уладаў, і таму яны не вельмі імкнуцца вызваліць яго.

Украінскім СМІ ўдалося вылічыць гэтага чалавека. Гэта Сяргей Сцерыкаў, вядомы пад псеўданімам Іван Сірко. Валанцёр дапамагае ўкраінскай арміі ў вайне на Данбасе. Украінскія СМІ падазраюць, што гэта правакатар ці ненадзейны чалавек. У любым выпадку словы Сцерыкава адразу падхапілі расейскія СМІ. Ужо і загалоўкі з’явіліся: Сянцоў не рэжысёр, а тэрарыст.

Толькі б свята не сапсаваць

Заўзятары не зразумелі сэнсу акцыі ў падтрымку Сянцова.
Фота: openrussia.org

Учора на папулярнай сярод замежных заўзятараў Нікольскай вуліцы ў Маскве стаяў паўтараметровы мяч на пʼедэстале, які быў абгорнуты калючым дротам, з надпісам: «Free Sencow» (вызваліць Сянцова). Перш, чым яго прыбралі паліцыянты, мяч стаў славутасцю сярод заўзятараў, якія шпацыруюць па Нікольскай. Яны фатаграфаваліся з ім і выкладалі здымкі ў сацыяльныя сеткі. Яны думалі, што гэта адзін з талісманаў чэмпіянату свету. Між тым, гэта была адзіная ў ходзе чэмпіянату па футболе, вельмі нясмелая, акцыя падтрымкі рэжысёра, які галадае ў лагеры за палярным кругам. Акцыю арганізавала апазіцыйныя актывісты з арганізацыі «Открытая Россия».

Акрамя гэтай даволі сціплай падзеі дагэтуль арганізатарам чэмпіянату ўдалося пазбегнуць выступаў у абарону Сянцова. Але гэта не значыць, што ўсё будзе па жаданні Крамля. Ужо заўтра Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы абмяркуе праблему ўкраінцаў, што знаходзяцца ў расейскіх турмах. Пастаянны ціск свету на Маскву будзе мець вырашальнае значэнне ў гэтым пытанні. Сянцоў рызыкуе ўласным жыццём, каб паказаць свету, што за фасадам радаснага чэмпіянату свету хаваюцца злачынствы. Працягваючы галадоўку, ён таксама гуляе на час. Наколькі Пуцін імкнецца замяць гэтае пытанне і прымусіць Сянцова змірыцца і напісаць просьбу аб памілаванні, настолькі ўкраінскі рэжысёр хоча прыцягнуць увагу ўсяго свету.

Міхал Кацэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў