Вялікая Брытанія прагаласавала за выхад з Еўразвязу


За выхад з Еўрапейскага Звязу прагаласавала 51.2% выбарнікаў.  Супраць было 48.2. Агулам у рэферэндуме прынялі удзель 71,8 % брытанцаў.

Гэта – усяго трэці агульнанацыянальны рэферэндум у гісторыі Злучанага Каралеўства. Яму папярэднічала бурная агітацыйная кампанія, падчас якой прыхільнікі выхаду Брытаніі з ЕЗ абʼядналіся пад лозунгам «Vote Leave» («Галасуй за выхад»), а галоўным лозунгам іх праціўнікаў стаў «Remain» («Застацца»).

Глядзіце яшчэ >>> Дацэнт-беларус з Лондану: У інтарэсах Беларусі, каб Вялікая Брытанія засталася ў Еўразвязе

 

Для ўдзелу ў гэтым рэферэндуме зарэгістраваліся амаль 46,5 млн чалавек – рэкордная для брытанскіх выбараў лічба.

Ім трэба было паставіць крыжык насупраць аднаго з двух пытанняў у бюлетэні: «Ці павінна Злучанае Каралеўства застацца чальцом Еўрапейскага Звязу?» або «Ці павінна Злучанае Каралеўства выйсці з Еўрапейскага Звязу?»

Глядзіце яшчэ >>> Гібралтар можа далучыцца да Іспаніі, калі Вялікая Брытанія выйдзе з ЕЗ

Якія будуць наступствы рэферэндуму?

Яшчэ прынамсі цягам двух гадоў краіна будзе заставацца ў Еўразвязе. Згодна з артыкулам 50 Дамовы аб Еўрапейскім Звязе, для пачатку працэдуры выхаду Лондан павінен фармальна паведаміць Брусель пра такія намеры. За гэтым фармальным паведамленнем рушыць услед працэс перамоваў, разлічаны прыкладна на два гады.

Але брытанскі ўрад не мусіць рабіць такога апавяшчэння адразу пасля рэферэндуму, і працэс перамоваў у любым выпадку можа трываць значна даўжэй за арыентацыйны тэрмін у два гады.

Як выхад Брытаніі з ЕЗ можа паўплываць на Беларусь?

Выхад Вялікай Брытаніі з ЕЗ можа паўплываць не толькі на ўласна брытанскую эканоміку, але і на эканамічныя працэсы ва ўсім свеце. Гэтак, некаторыя адмыслоўцы мяркуюць, што выхад Брытаніі з ЕЗ пацягне ўніз і эканоміку нашай краіны. Да таго ж «брэкзіт» можа справакаваць яшчэ большы разварот Беларусі ў бок Расеі ды створыць дадатковыя перашкоды ў спрашчэнні візавага рэжыму з краінамі Еўразвязу.

МЯ, паводле bbc.com, фота – uazmi.org

Стужка навінаў