Лондан даганяе какаінавую сталіцу Еўропы


Паводле намесніка кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў Бэна Ўолеса, Вялікая Брытанія становіцца адным з асноўных спажыўцоў какаіну ў Еўропе, паведамляе bbc.com.

Прадстаўнік брытанскага МУС адзначыў, што новыя тэхналогіі і зніжэнне коштаў на какаін зрабілі наркотык даступным не толькі ў буйных гарадах, але таксама ў правінцыі.

У справаздачы «DrugWise» за 2016 год (апублікаваная ў студзені 2017 года) адзначаецца, што кошт какаіну ў Вялікай Брытаніі вагаецца ад 30 да 40 фунтаў (каля $ 40-54).

Паводле Еўрапейскага цэнтру маніторынгу наркотыкаў і нарказалежнасці (The European Monitoring Centre for Drugs and Drug Addiction), у 2016 годзе Лондан уваходзіў у тройку еўрапейскіх гарадоў з найбольш высокім спажываннем какаіну па колькасці міліграмаў у дзень на 1000 чалавек. На шостым месцы ў гэтым антырэйтынгу (за 2016 год) быў ангельскі горад Брысталь. У 2017 годзе брытанская сталіца знікла з першых радкоў гэтага рэйтынгу, але Брысталь стабільна трымаецца ў ТОП-10. «Какаінавай сталіцай» Еўропы ў 2017 годзе была Барсэлона. У 2016 годзе самым какаінавым горадам Еўропы быў бельгійскі Антвэрпэн.

Крыніца: emcdda.europa.eu

Паводле ААН, у 2016 годзе 2,25 % дарослага насельніцтва Англіі і Уэльса ўжывалі какаін. У Шатландыі – 2,5 %.

Нагадаем, што ў студзені 2018 года ў прыватным самалёце ў брытанскім аэрапорце Фарнборо знайшлі 500 кг калумбійскага какаіну. Па звестках Нацыянальнага агенцтва Вялікай Брытаніі ў пытаннях барацьбы са злачыннасцю гэта была самая буйная партыя наркотыкаў за «шмат гадоў».

У Беларусі какаін не карыстаецца попытам, паведаміў minsknews.by у 2017 годзе кіраўнік упраўлення па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Сазонаў.

У беларускай сталіцы часцей за ўсё спажываюць спайсы (45 %), гашыш (15 %), марыхуана (15 %), амфетамін (10 %), макавая саломка (8 %), опій (7 %).

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў