Вядоўца «Контураў» і аўтар прапагандысцкіх фільмаў пра ЗША пайшоў працаваць на «Голас Амерыкі»


Колішні работнік тэлеканалу АНТ Ілля Коласаў у 2015–2017 быў тварам праграмы «Контуры» – ён зачытваў навіны, рабіў інтэрв’ю з чыноўнікамі. Яго паклікалі на АНТ з расейскага тэлеканалу RTVI.

Выступы Коласава цалкам укладваліся ў лінію беларускага тэлебачання і не ўтрымлівалі элементаў дыскусійнасці, піша «Наша ніва». Выгляд Коласава ў кадры не сведчыў пра тое, што навіны АНТ ён зачытвае міма волі ці з псіхалагічным дыскамфортам.

Пасля нядоўгай супрацы з прэс-службай Федэрацыі хакея Беларусі Коласаў зʼявіўся ў «Голас Амерыкі». Ён працуе там ужо некалькі месяцаў, здымае сюжэты і вядзе са студыі праграму «Тыдзень».

Пры гэтым раней Коласаў зняў прапагандысцкія фільмы «Бе$ценный доллар» і «Бе$ценный доллар – 2» пра амерыканскую валюту, якая несправядліва заняволіла свет.

Былы працаўнік дзяржаўнага беларускага тэлебачання раней усхваляў Уга Чавэса.

«Проста ён з людзей, якія мне сімпатычныя. Рызыкуючы наклікаць на сябе непрыязнасць людзей, якія б назвалі сябе лібераламі ці дэмакратамі, скажу: асабіста я да Чавэса стаўлюся з пашанай. Таму прывёз сабе з Каракаса бейсболку з профілем венесуэльскага Чэ. Палічыўшы, што ў нас матрыцы каштоўнасцяў супадаюць. Мне гэтаксама сімпатычны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка», – казаў ён.

Скантактавацца з Іллём Коласавым пакуль не ўдалося.

Hавiны
Еўрапарламент назваў прыярытэтнай мэтай барацьбу з расейскімі кіберпагрозамі
2018.12.13 07:00

СК, belsat.eu

Стужка навінаў