Вядоўца «Белсату» пераклаў на беларускую мову раман, дзеянне якога адбываецца ў Менску 100 год таму


Вядоўца праграмы «Вяскоўцы» на «Белсаце» Віктар Шукеловіч прэзентаваў у Менску пераклад раману Сяргея Пясецкага «Яблычак».

Прэзентацыя адбылася 3 сакавіка на Польскім стэндзе ў межах XXV Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Раман выйшаў у выдавецтве «Логвінаў» пры падтрымцы Польскага інстытуту ў Менску і Інстытуту польскай кнігі ў Кракаве.

«Яблычак» – першы раман з «Менскай трылогіі». Дзеянне кнігі разгортваецца ранняй вясною 1918 года, калі Першая сусветная вайна пераўтварыла Менск у прыфрантавы горад, куды з усіх канцоў Еўропы і былой Расейскай імперыі з надзеяй хуткага заробку сцягнуліся злодзеі, прастытуткі і махляры.

«Гэта ўнікальны твор, – адзначыў перакладчык Віктар Шукеловіч. – Кніга заснаваная на рэальных фактах і вельмі займальна расказвае нам, чым жыў Менск 100 гадоў таму. У рамане нічога няма «з паветра», як адзначыў сам Сяргей Пясецкі ва ўступе да выдання. Прычым твор апісвае вельмі спецыфічнае і закрытае асяроддзе зладзеяў, пра якіх мы звыкліся чытаць пераважна ў крымінальных хроніках, а не ў мастацкіх творах. Каштоўнасць кнігі менавіта ў тым, што яна напісаная сведкам і ўдзельнікам падзей пачатку мінулага стагоддзя, знаўцам зладзейскіх парадкаў і звычаяў».

Як заўважыў Віктар, яму было прыемна працаваць з творам. «Яблычак» уцягнуў яго з галавою, і перакладнік да апошняга сказу не мог адарвацца ад кнігі. Менск для Віктара таксама не чужы. Тут малады філолаг правёў свае студэнцкія гады падчас навучання на беларускім аддзяленні ў БДУ.

«Мне было ў асалоду разам з Пясецкім апынуцца на даўнейшых вуліцах беларускай сталіцы, прыслухацца да размоваў мінакоў, наведаць рынак, купіць газету на Саборным пляцы, праехацца фурманкай, – заўважыў Віктар. – Перакладаць аўтара было для мяне асаблівай прыемнасцю яшчэ і з той прычыны, што мая бабуля ў дзявоцтве таксама мела прозвішча Пясецкая. Можа, таму ў мяне і было адчуванне, што я працую не з раманам, а з лістамі з мінуўшчыны, атрыманымі ад блізкага родзіча. Спадзяюся, што ў будучыні я перакладу на беларускую мову таксама наступныя часткі Менскай трылогіі, у якіх яшчэ больш прыгод, інтрыг і авантур».

Віктар адзначыў, што хацеў бы падзякаваць свайму калегу з «Белсату», журналісту польскамоўнай версіі старонкі Belsat.eu – Якубу Бернату, які быў аўтарам ідэі перакладу «Яблычка» і своеасаблівым «маторам» усёй ініцыятывы: «Якуб, прачытаўшы Менскую трылогію, вельмі здзівіўся, што яе дагэтуль няма на беларускай мове. Менавіта ён намовіў мяне заняцца перакладам, а таксама звярнуўся ў выдавецтва «Логвінаў» з прапановай выдаць твор па-беларуску. Гэтак дзякуючы нашай зладжанай супрацы з’явіўся чарговы твор нашага земляка Сяргея Пясецкага на беларускай мове».

У прэзентацыі, акрамя перакладчыка, узяў удзел літаратуразнаўца, адзін з аўтараў кнігі «Наш і не наш Сяргей Пясецкі» Мікалай Хмяльніцкі. Адмысловым госцем прэзентацыі быў музыка Піт Паўлаў, які прадставіў песні, напісаныя па матывах раманаў шпіёна і кантрабандыста Сяргея Пясецкага.

Сяргей Пясецкі – польска-беларускі пісьменнік, нарадзіўся ў 1901 годзе ў Ляхавічах. Яго жыццё поўнілася экстрэмальнымі прыгодамі і незвычайнымі авантурамі, сярод якіх былі шпіянаж і кантрабандная дзейнасць на савецка-польскай мяжы ў раёне Ракава. У 1926 годзе Сяргея Пясецкага за бандыцкі налёт прысудзілі да смяротнага пакарання, але потым замянілі прысуд на 15 гадоў турмы. За кратамі ў Пясецкага праявіўся літаратурны талент, а яго творы прынеслі славутасць і дапамаглі раней вызваліцца з турмы. Пасля Другой сусветнай вайны Пясецкі эміграваў на Захад, дзе жыў у вельмі сціплых умовах, хоць меў еўрапейскую літаратурную славу. Памёр у 1964 годзе ў Вялікай Брытаніі.

На «Белсаце» раней выйшаў рэпартаж «Наш выбітны ліхадзей», прысвечаны Сяргею Пясецкаму. Пра Пясецкага распавядае таксама дакументальны фільм «Белсату» «Кантрабандысты».

Творчасць гэтага пісьменніка натхніла таксама аўтараў «Народнага альбому», дзеянне ў якім адбываецца ў мястэчку на польска-савецкім памежжы.

Стужка навінаў