Вядомы сваёй зацятаю барацьбой з б-ч-б сімваламі юрыст са Слаўгараду назваў Ігара Случака «нядобрым чалавекам» і кінуў выклік


Былы сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Арцём Агафонаў пакінуў пост у Facebookʼу, у якім напісаў, што беларуская мова – мёртвая. У допісе ён пазначыў Ігара Случака.

У каментарах Агафонаў прызнаецца, што сам не лічыць мову мёртвай, але хоча справакаваць «нядобрага чалавека, які можа быць героем толькі супраць дзяцей».

У каментарах разгарэўся праўдзівы гармідар, што праўда, сам Случак, якога вызвалі на дуэль, не выказаўся.

У каментары belsat.eu актывіст назваў падобныя паводзіны дзіцячымі.

«Такія паводзіны мне падаюцца недарэчнымі, тым больш, што гэта ўжо не першы выпадак – гомельскі юрыст Леанід Судаленка таксама звярнуўся да мяне з падобным «выклікам». Мне здаецца, гэта нейкія дзіцячыя паводзіны. Магчыма, Судаленку і Агафонаву трэба абʼяднацца ў сваім памкненні і выдаць нейкі абразлівы агульны да беларускай мовы пост у сацсетках. Але, як я ўжо не раз падкрэсліваў, я не магу займацца ўсімі справамі па абразах беларускай мовы. Я абіраю найбольш рэзанансныя выпадкі. Юрыста я ўжо прыцягваў да адказнасці паводле гэтага артыкулу, таму ў Агафонава і Судаленкі няма такога рэзанансу, які б мог быць карысным для папулярызацыі актыўнай абароны беларускай мовы ад абраз».

Ён адзначыў, што не будзе ўключацца ў спрэчку з Агафонавым.

«Але тое, што я не буду іх прыцягваць, не значыць, што працэс супраць іх не распачне іншы беларус – цяпер усё больш і больш грамадзянаў Беларусі актыўней пачынаюць абараняць сваё права на мову і беларускую мову».

У выніку зваротаў Ігара Случака за абразу беларускай мовы пакаралі трох чалавек.

Меўся быць і чацвёрты – непаўнагадовы салігарчанін Ілля Клішэвіч, які таксама дазволіў сабе публічна выказацца не на карысць беларускай мовы і назваў яе мёртвай.

Ёсць інфармацыя, што хлопец хворы на анкалогію. Гэтаму факту таксама пакуль няма афіцыйнага пацверджання, але справа набыла розгаласу ў сацыяльных сетках і Ігара Случака вінавацяць у залішняй прынцыповасці і жорсткасці.

Сёння стала вядома, што супраць падлетка спынілі справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў сувязі з адсутнасцю складу правапарушэння.

Ігара Случака гэтае рашэнне не задавальняе.

Ён кажа, што пакуль не бачыў пастанову Салігорскага райвыканкаму, бо ліст яшчэ не прыйшоў на ягоны адрас.

 

ДР belsat.eu

Стужка навінаў