Вядомы сцэнар урачыстасцяў перапахавання паўстанцаў 1863–1864 гадоў


Паседжанне ў справе перапахавання парэшткаў паўстанцаў у літоўскім урадзе 8 кастрычніка 2019 года. Cтаршыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч – другі з правага боку. Фота – Ганна Русінава/«Белсат»

Цырымонія перапахавання распісаная па хвілінах, распавёў «Белсату» чалец Беларускага грамадскага камітэту па ўшанаванні паўстанцаў 1863–1864 гадоў, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч, які ўзяў удзел у абмеркаванні перапахавання парэшткаў паўстанцаў у літоўскім урадзе.

Сцэнар урачыстасцяў 22 лістапада

10:30 Парэшткі паўстанцаў пачнуць пераносіць з Палацу валадароў у Віленскі кафедральны сабор. У Палац валадароў парэшткі паўстанцаў перанясуць 20 лістапада.

11:00 – 11:45 Грамадскасць зможа прайсціся побач з парэшткамі паўстанцаў жывым ланцугом і развітацца.

Капліца, дзе будуць пахаваныя парэшткі паўстанцаў Каліноўскага. Фота – Ганна Русінава/«Белсат»

12:00 Распачнецца ўрачыстая Святая імша, у якой возьмуць удзел біскупы з Беларусі, Літвы і Польшчы.

13:20 Трумны вынесуць са святыні і на лафетах даставяць на могілкі Росы.

Калі Лукашэнка не паедзе ў Вільню, нашую краіну не будзе каму прадставіць падчас афіцыйнай часткі

Паводле Алеся Адамковіча, удзельнікі паседжання вырашылі, што на ўрачыстасці 22 лістапада прамаўляць будуць толькі прэзідэнты, чыноўнікам узроўню ніжэй слова даваць не будуць. На сённяшні дзень свой удзел пацвердзілі лідары Польшчы і Літвы. Прэзідэнты Латвіі і Украіны пакуль не адказалі.

Паводле суразмоўцы, беларускае МЗС атрымала запрашэнне і павіннае да 31 кастрычніка прадставіць літоўскаму боку афіцыйны спіс удзельнікаў.

Калі ў ім не будзе Аляксандра Лукашэнкі, нашая краіна ў афіцыйнай частцы цырымоніі не атрымае голасу і будзе прадстаўленая толькі госцьмі.

«Беларускі бок так ці інакш возьме ўдзел у цырымоніі. Калі не будзе прадстаўнікоў афіцыйнага Менску, запрашэнні будуць дасланыя беларускім грамадскім дзеячам з Беларусі і Літвы. Таксама ўрад паабяцаў візавую дапамогу тым, хто захоча прыехаць на пахаванне», – дадаў Адамковіч.

Прадстаўнік Беларускага грамадскага камітэту па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863–1864 гадоў Анатоль Міхнавец сказаў «Белсату», што беларусы плануюць звярнуцца да літоўскай чыгункі з просьбаю выдзеліць прынамсі адзін дадатковы цягнік у дзень перапахавання ды наступныя пасля яго выходныя. Аднаго ранішняга цягніка ў дзень перапахавання можа не хапіць для ўсіх ахвотных наведаць цырымонію.

«Мы разумеем, што беларусаў у пятніцу можа прыехаць мала, але на наступны дзень пасля перапахавання людзі масава паедуць у Вільню, – кажа Анатоль Міхнавец. – Плануем паразмаўляць з людзьмі, якія ладзяць аўтобусныя туры ў Літву, каб людзі маглі даехаць, а таксама збіраемся звярнуцца да літоўскай чыгункі, каб яны далі дадатковыя цягнікі. Калі дадуць адзін дадатковы – ужо будзе добра», – кажа Міхнавец.

Паводле Міхнаўца, у суботу і нядзелю камітэт па ўшанаванні памяці паўстанцаў рыхтуе беларускія мерапрыемствы ў дзвюх фарматах – шэсця на Лукішскі пляц або на Росы ды мастацка-тэатральнай містэрыі.

«Калі па нейкіх прычынах містэрыя не ўдасца, мы правядзем выступ гісторыкаў і археолагаў, якія распавядуць пра паўстанне і раскопкі, звязаныя з імі. Увечары плануем зладзіць канцэрт гурта «Дзецюкі», які мае песні, звязаныя з паўстанцкай тэматыкай і ўжо пацвердзіў, што гатовы выступіць. Калі нехта мае нейкія ідэі па творчай частцы мерапрыемстваў – няхай звяртаецца і далучаецца», – дадаў Міхнавец.

Паводле Алеся Адамковіча, пра афіцыйныя мерапрыемствы ўвечары 22 лістапада на сённяшнім паседжанні не абмяркоўваліся.

Не падымалася і пытанне дадатковых цягнікоў.

«Не той узровень», – дадаў Адамковіч.

Парэшткі паўстанцаў знайшлі ў 2017 годзе падчас абвалу на гары Гедыміна ў Вільні. Надпісы на надмагіллях будуць на трох мовах: літоўскай, польскай ды беларускай.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў