Вядомага опернага спевака Пласіда Дамінга абвінавацілі ў харасменце


Іспанскага тэнара вінавацяць у сексуальным дамаганні ў дачыненні да васьмі жанчын. Першыя эпізоды, паводле іхных словаў, здарыліся яшчэ ў канцы 1980-х гадоў, піша Associated Press.

Толькі адна з жанчын, што скардзяцца на Дамінга, вырашыла назваць свае імя – гэта оперная спявачка Патрыцыя Вульф. Паводле словаў Вульф, Дамінга не кранаў яе, але падыходзіў да яе вельмі блізка кожны раз, калі яна пакідала сцэну, і пытаўся ў яе, ці абавязкова ёй ісці дадому.

Іншая жанчына сказала, што аднойчы спявак залез ёй рукой пад спадніцу. Яшчэ трое ўспомнілі, што ён сілком пацалаваў іх. Усяго шасцёра жанчын паскардзіліся, што адчувалі сябе няўтульна, калі спявак адпускаў рэплікі з сексуальным падтэкстам у іхнай прысутнасці.

Інцыдэнты нібыта адбываліся ў розных месцах – у грымёрцы, у нумары гатэлю, на сустрэчах у оперных тэатрах.

Дамінга, у сваю чаргу, заявіў, што абвінавачванні ў ягоны адрас выклікаюць глыбокую трывогу і не адпавядаюць рэчаіснасці ў прадстаўленым выглядзе.

«Цяжка даведацца, што я мог спрычыніць камусьці боль і прымусіў адчуваць дыскамфорт, і не мае значэння, ці здарылася гэта даўно, і што я не меў на ўвазе нічога дрэннага. Я лічыў, што ўсё маё адносіны былі жаданымі і засноўваліся на ўзаемнай згодзе.

Тыя, хто са мной знаёмы або працаваў са мной, ведаюць, што я не той чалавек, хто можа наўмысна прычыніць боль, пакрыўдзіць або паставіць у няёмкае становішча», – распавёў Дамінга.

78-гадовы Дамінга жанаты на Марце Арнэлас, таксама спявачцы, з 1962 году.

КА belsat.eu

Стужка навінаў