Вячаслава Сіўчыка затрымалі міліцыянты і моцна збілі


Інцыдэнт адбыўся 19 красавіка каля 3 гадзін ночы ў пад’ездзе дому, дзе жыве палітык. Праваахоўнікі затрымалі актывіста апазіцыі і лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка. Па словах ягонай маці спадарыні Галіны, яго доўга каравулілі, а як затрымалі – пачалі моцна збіваць.

Сіўчык паспеў датэлефанавацца да жонкі, якая спусцілася з кватэры ў пад’езд. Аднак яе груба адштурхнулі і паведамілі, што муж «брыдкасловіў».

Вядома, што актывіста трымаюць зараз у РУУСе Цэнтральнага раёну Менску. Яго вінавацяць у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікам міліцыі. Разгляд адміністрацыйных спраў актывіста адбудзецца сёння ў Цэнтральным судзе Менску. Пачатак аб 11.

Апошні раз актывістаў у Беларусі з прымяненнем фізічнай сілы затрымлівалі некалькі месяцаў назад, калі Павел Сяргей і Максім Шыцік у зале суда пад час разгляду «справы графіцістаў» разгарнулі расцяжку на якой было напісана «Мастацтва – не злачынства». Тады ж моцна збілі і журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага.

ДР, belsat.eu паводле spring96.org

Стужка навінаў