Вячаслава Касінерава вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе


Вячаслаў Касінераў

Палітвязню Вячаславу Касінераву сёння змянілі меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

Адпаведнае рашэнне прыняў суддзя Маскоўскага раёну суду Менску Аляксандр Петраш.

Да гэтага дня Вячаслаў Касінераў утрымліваўся пад вартай у СІЗА N 1 ГУУС Менгарвыканкаму, паколькі 6 красавіка суд Маскоўскага раёну Менску, разгледзеўшы ў закрытым рэжыме скаргу актывіста на прызначаную меры стрымання, адмовіўся вызваліць яго пад падпіску аб нявыездзе.

27 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску распачнецца разгляд крымінальнай справы актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава, якога пераследуюць за перформанс са статуяй паліцэйскага-гарадавога каля будынку МУС.

Чытайце таксама:

5 красавіка праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай аб прызнанні Вячаслава Касінерава палітзняволеным і патрабуюць ад уладаў Беларусі спынення крымінальнага пераследу і яго неадкладнага вызвалення.

Вячаславу Касінераву прадявілі абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога. Такім чынам хлопец выказаў свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

НМ, belsat.eu, паводле ПЦ «Вясна»

Стужка навінаў