«Вы за нас сядзелі». Як затрыманыя на маршы пенсіянеры аплочваюць штрафы ды якое падтрыманне адчуваюць


14 снежня на плошчы Незалежнасці былі затрыманыя больш за сто асобаў сталага веку. Працэсы над імі ў менскіх судах працягваюцца ўвесь студзень.

«Белсат» даведаўся, як пенсіянеры перажываюць спагнанні, хто ім дапамагае і ці яшчэ не страцілі надзеі.

Марш мудрасці. 30 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

– Гэта толькі вядомыя нам звесткі. Далёка не ўсе асуджаныя ведаюць пра суды і іх вынікі: хтосьці хварэе ды не здолеў трапіць на працэс, хтосьці адмыслова не браў удзелу ў судах, шмат людзей выходзілі ў розных іншых гарадах, пра якіх мы не ведаем, – адзначае старшыня арганізацыі пенсіянераў «Нашае пакаленне» Таццяна Зялко.

Адной жанчыне стала блага, яе цягнулі па мокрым асфальце

– «Нашае пакаленне» – грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае людзей пенсійнага веку. З пачаткам Маршаў мудрасці апынулася ў цэнтры ўвагі: вакол яе пачалі гуртавацца ўдзельнікі панядзелкавых вулічных акцыяў, хоць у сапраўднасці «Нашае пакаленне» не ёсць арганізатарам, – кажа спадарыня Таццяна.

Hавiны
«Для яе гэта будзе цяжкое выпрабаванне». Пенсіянерку, якая перамагла рак, арыштавалі на 14 содняў
2021.01.27 13:26

Напярэдадні Міжнароднага дня пажылых людзей Таццяна Зялко выступіла з адкрытым відэазваротам да міністра ўнутраных справаў, заклікаўшы спыніць гвалт.

На падтрыманне з сацыяльных сетках прагучаў заклік выйсці на вуліцу.

– Калі мы пабачылі, што людзі выйшлі, то вырашылі: мы не можам заставацца ўбаку, мусім далучацца, – працягвае старшыня арганізацыі. – А цяпер, калі людзей затрымліваюць, судзяць, штрафуюць… Так, усе яны цяпер нашыя, мы стараемся не пакінуць па-за ўвагай і без дапамогі ніводнага чалавека.

Марш пенсіянераў, лекараў і студэнтаў. 26 кастрычніка 2020 году. Фота Агата Квяткоўская / Белсат

Маршы мудрасці праходзяць у Менску ды іншых гарадах з пачатку кастрычніка. 14 снежня на плошчы Незалежнасці сталіцы адбыўся масавы хапун пенсіянераў. Марш у той дзень так і не адбыўся: аточаныя амапаўцамі, удзельнікі зладзілі карагод вакол ялінкі. Усе яны неўзабаве апынуліся ў розных пастарунках гораду: паводле праваабаронцаў «Вясны», 107 асобаў.

– Спачатку нас угаворвалі прайсці ў аўтобус, нібыта «толькі перапішуць звесткі». Хтосьці пайшоў самастойна, кагосьці заштурхоўвалі гвалтам. Адной жанчыне стала блага, яе цягнулі па мокрым асфальце, – згадвае Таццяна Зялко.

Чатыры пенсіянеркі адбылі амаль двое содняў на Акрэсціна, імпрысудзілі буйныя штрафы. На бальшыню іншых удзельнікаў склалі адміністратыўныя пратаколы. Судзяць пенсіянераў і цяпер.

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў. 12 кастрычніка 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

«Тэлефануюць з вёскі, кажуць: «Тамара, мы збяром гэтыя грошы»

– Амапавец, які мяне затрымліваў, схлусіў, што я нібыта супраціўлялася. А я з кійком – мне цяжка хутка хадзіць, то ледзь не валок да аўтобуса. Кажу яму: «Вы паводзіцеся, як фашысты!» А ён мне: «Так, мы фашысты». Гэта такое нахабства, такая разбэшчанасць! – абураецца Тамара Кукарэка, удзельніца карагоду 14 снежня ды іншых Маршаў мудрасці.

Два дні жанчына прабыла ў турме на Акрэсціна, а ў дадатак суд прызначыў 50 базавых велічыняў штрафу.

– Мая пенсія меншая ўтрая. Вядома, я такі штраф сплаціць не здолею, таму планавала звярнуцца ў фонд падтрымання пацярпелых. Але літаральна праз колькі дзён да мяне дадому прыйшоў маладзён і прынёс грошы. Аказваецца, пакуль я была ў зняволенні, людзі збіралі грошы ў двары, у мікрараёне. Спачатку прынеслі частку грошай, а пасля прыйшлі і прынеслі яшчэ. Я проста плакала…

У Менску праходзяць суды над затрыманымі 14 снежня пенсіянерамі.
Фота: Белсат

Спадарыня Тамара згадвае, што калі раней з суседзямі пілі гарбату ў двары, то такая кардонная скарбонка з прарэзам зверху там стаяла. Збіралі грошы – хто колькі мог. У яе пяць рублёў і было, то яна іх паклала. Аказалася, што і ёй гэтак сама грошы сабралі.

– А тут тэлефануюць мае суседкі з вёскі на Нарачы. Кажуць: «Тамара, не хвалюйся, мы збяром гэтыя грошы, усё перадамо». Уяўляеце?! З вёскі! Я нічога падобнага не бачыла, не чула і нават не ўяўляла! Гэтая салідарнасць, падтрымка адно аднаго, дапамога – гэта нешта неверагоднае! Гэта ўзрушвае да слёзаў, – дзеліцца ўражаннямі спадарыня Тамара.

Жанчына перакананая, што гэтая салідарнасць – сведчанне таго, як шмат людзей на баку пратэстоўцаў.

Марш студэнтаў і пенсіянераў. 26 кастрычніка 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

– Гэта як тарфянік, які гарыць знутры: зверху толькі дымок і пах, а варта ступіць – у агонь правалішся. Гэта літаральнае адлюстраванне нашай цяперашняй сітуацыі ў краіне, – кажа яна.

«Як бы ні было, я спакойны і ўпэўнены»

Ян Грыб – заўсёдны ўдзельнік Маршаў мудрасці. Пасля штрафаў ён сутыкнуўся з нечаканаю праблемаю.

– Мне 84 гады, прыйшоў час прыводзіць да ладу ўсе маёмасныя пытанні. І я вырашыў перапісаць на сваю дачку лецішча і зямельны ўчастак, што ў Дзяржынскім раёне, – эмацыйна апавядае спадар Ян. – А мне прыходзіць папера, што ўсе справы з нерухомасцю мне забароненыя. Фактычна на маю маёмасць накладзены арышт.

Hавiны
У Менску пакаралі арыштам 62-гадовую жанчыну, якая даглядае 89-гадовую пенсіянерку
2021.01.26 16:32

За вулічныя пратэсты Ян Грыб прайшоў тры суды і агулам атрымаў штраф памерам 100 базавых велічыняў – амаль тры тысячы рублёў.

– Але гэта не ўсё: атрымоўваю пенсію – не хапае ста рублёў, – працягвае спадар Ян. – Пры маёй пенсіі, якая больш нагадвае жабрацкую падачку, гэта проста вельмі заўважна. У наступным месяцы ізноў не хапае ста. Я давай хадзіць з кабінету ў кабінет, разбірацца, і ўрэшце высвятляецца: у аддзеле прымусовага выканання пакаранняў мне паведамілі, што нібыта ў мяне запазычанасць па штрафах. Пры тым што ўсе штрафы мне дапамаглі сплаціць, нават перадалі ў суд квіткі.

Ян Грыб на акцыі 31 кастрычніка.
Фота: ТК / Белсат

Паводле спадара Яна, яго запэўнілі, што грошы з пенсіі ў яго вылічылі «апошні раз» і разблакавалі забарону на права распараджацца ўласнаю маёмасцю. Аднак у наступным месяцы без аніякіх тлумачэнняў пенсіянеру зноў не далічылі пяцідзясяці рублёў.

– Але як бы ні было, я спакойны і ўпэўнены. І колькі Бог дасць мне сілы, я буду змагацца, – запэўнівае Ян Грыб.

«Я проста закахалася ў свой народ»

– Я содні была на Акрэсціна і нічога не ведала, дзе і што адбываецца. А пра мяне ведалі ўсе, – згадвае падзеі тых дзён яшчэ адна ўдзельніца карагоду на плошчы Незалежнасці 14 снежня Алена Афрыканаўна.

Ізалятар на Акрэсціна. Снежань 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Пасля затрымання жанчыну содні трымалі ў ізалятары на Акрэсціна, а затым суд пакараў штрафам 30 базавых велічыняў, альбо 810 рублёў на той час.

– Калі я прыйшла дадому, муж мне кажа: маўляў, тут усе тэлефануюць – з двара, з раёну, знайшлі табе адваката, грошы збіраюць. Пасля людзі мне пачалі тэлефанаваць, кажуць: «Не хвалюйцеся, мы ўсё збяром». Яны ўжо ведалі, які ў мяне штраф і якія трэба грошы. Прычым я нават не ведала гэтых людзей, але яны мяне ведалі. Бо са мною вось гэта здарылася, – працягвае спадарыня Алена.

Актывістка кажа, што ўражаная такой увагай і салідарнасцю незнаёмых людзей.

– Ужо наступным ранкам мне прынеслі грошы – усю неабходную суму. Я кажу гэтым людзям, якія прыйшлі, што мне няёмка. А яны кажуць: «Як няёмка? Мы не пайшлі, а вы за нас пайшлі. Вы за нас сядзелі». Хоць і сядзела ўсяго содні. Я настолькі ўражаная нашымі людзьмі, я проста закахалася ў свой народ! Я ніколі не думала, што, не ведаючы адно аднаго, мы настолькі можам аб’яднацца.

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў у Менску. 12 кастрычніка 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Найважнейшаю высноваю для спадарыні Алены сталася адчуванне падтрымкі і салідарнасці, адчуванне таго, што ў змаганні яна не застаецца адна. І цяпер са сваёй пенсіі жанчына таксама робіцьунёскі на штрафы іншым пенсіянерам.

Аб’ектыў
Рэкорд пабіты! Колькі гадоў самай пажылой пенсіянерцы, аштрафаванай за мітынг?
2021.01.13 22:27

– Я чакала гэтага некалькі гадоў. Я і раней брала ўдзел у малітвах за палітычных вязняў разам з актывістамі руху «Разам», тады не магла зразумець, чаму да нас не далучаюцца іншыя людзі. І вось я пабачыла ды пазнаёмілася з вялікаю колькасцю такіх людзей, якіх напалохаць ужо нельга. Яны гатовыя выходзіць некалькі разоў на дзень. А што змагацца трэба – тут пытанняў няма, і спыніць гэта немагчыма, – адзначае жанчына.

«Амапаўцы, міліцыянты, суддзі – усе яны адкажуць за свае дзеянні»

Затрыманых 14 снежня пенсіянераў судзяць у Ленінскім, Кастрычніцкім, Першамайскім ды іншых раёнах Менску.

– Судзяць усіх, каго затрымалі, прычым наймаладзейшыя – гэта 62-гадовыя пенсіянеры. Былі сярод нас і дзве жанчыны – 87 і 89 гадоў, але і для іх не было выключэння. Прычым штрафы не маленькія – ад 580 да 1740 рублёў, – працягвае старшыня «Нашага пакалення» Таццяна Зялко.

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў. 12 кастрычніка 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Спадарыня Таццяна таксама была затрыманая, содні адбыла на Акрэсціна. Суд пакараў актывістку штрафам 60 базавых велічыняў адразу паводле двух пратаколаў.

– Вінаватыя за падзеі 14 снежня і далейшы іх працяг павінныя несці адказнасць: за незаконныя затрыманні, за знявагу, за суды і штрафы. Амапаўцы, міліцыянты і суддзі, якія гвалтам затрымлівалі, складалі несправядлівыя пратаколы, хлусліва сведчылі ў судах, прымалі жорсткія рашэнні ў пакараннях, – усе яны адкажуць за свае дзеянні. Яны вернуць усе свае дармавыя кватэры, ільготы і персанальныя пенсіі – я прыкладу ўсе намаганні, каб гэтага дапільнаваць, – кажа Таццяна Зялко.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Стужка навінаў