«Вы самі гэта пачалі». Звольненыя працаўнікі судзяцца з заводам


Группа падтрымкі Руслана Роўбы каля суда Завадскога раёну / Belsat

2 снежня адбылося папярэдняе судовае пасяджэнне аб звальненні працаўніка МЗКЦ.

Трое працаўнікоў МЗКЦ Андрэй Янковіч і браты Руслан і Сяргей Роўба падалі скаргі ў суд аб незаконным звальненні. 2 снежня прайшло паседжанне па справе Руслана. За апошні час каля 50 супрацоўнікаў былі звольненыя або звольніліся з заводу.

Дачапіліся да акуляраў, якіх ніколі не выдавалі

Руслана Роўбу звольнілі 30 кастрычніка нібыта за адсутнасць у кабінеце на працягу 35 хвілін. Другое спагнанне было за адсутнасць ахоўных акуляраў. Руслан заявіў, што гэтыя прычыны надуманыя і незаконныя.

На заводзе ён працуе з 2015 года, а з 2020-га быў пераведзены на пасаду інжынера-даследчыка і займаўся аглядам непрацоўнага абсталявання.

У суд Руслан звярнуўся з патрабаваннем вярнуць яго на працу і прызнаць звальненне незаконным. Таксама ён запрасіў маральную кампенсацыю ў памеры 10 тысяч рублёў.

Сяргей Роўба, Руслан Роўба і Андрэй Янковіч пасля судовага паседжання / Belsat

Суддзя запыталася, чаму такая вялізная сума за маральную шкоду. Руслан адказаў: «Прасі больш, бо ўсё роўна атрымаеш менш».

З боку адміністрацыі заводу на судзе прысутнічалі юрыст Юрый Шамілаў і начальнік аддзелу кадраў Максім Шышкавец, якія не пагадзіліся з заяўленымі патрабаваннямі.

Перад судом юрыст спытаў: «Навошта гэта ўсё?». Руслан адказаў: «Вы самі гэта пачалі».

Першае папярэджанне Руслану было вынесена 26 кастрычніка за тое, што ён адсутнічаў на працоўным месцы ў кабінеце.

26 кастрычніка быў абвешчаны Усеагульны страйк. Працаўнікі заводу МЗКЦ, каля 30 чалавек, сабраліся, каб спраўдзіць сітуацыю. Як раз у гэты момант адміністрацыя заводу пачала хадзіць па кабінетах, каб высветліць, каго няма на рабочым месцы.

Бранзалет аднаго з працаўнікоў МЗКЦ / Belsat

«Мы спрабавалі даведацца пра настрой у калектыве, падыйшлі да пляцоўкі, дзе звычайна збіраліся. У той дзень ніякіх патрабаванняў не было, мы проста сабраліся, размаўлялі. Потым да нас падыйшло некалькі замаў і сталі палохаць, што нас звольняць. Людзі пайшлі па цэхах», – распавядае Сяргей Роўба, брат Руслана.

Другое папярэджанне было за тое, што Руслан знаходзіўся ў цэху без ахоўных акуляраў. Руслан патлумачыў, што акуляры яму ўвогуле ніхто ніколі не выдаваў.

Адміністрацыя адказала суду, што яны не абавязаныя быць ва ўсіх і патрэбныя толькі тады, калі працаўнік уваходзіць у вытворчы цэх. На 139 чалавек ёсць 20-30 агульных акуляраў, якія перадаюцца ад чалавека да чалавека. Суддзя заўважыла, што гэта недапушчальна падчас эпідэміялагічнай сітуацыі.

Пазней высветлілася, што Руслан увогуле нідзе не распісваўся ў тым, што азнаёмлены з правіламі ўнутранага распарадку. Адказнікі сказалі, што ён мог азнаёміцца з імі на інфармацыйнай дошцы. Хаця згодна Працоўнаму кодэксу, менавіта працадаўца ў асабістым парадку павінен азнаёміць працаўніка з правіламі, пад подпіс, чаго зроблена не было.

На паседжанні суддзя запыталася ў адказнікаў, якія гарантыі прадугледжаныя, калі працаўніка звальняюць па ініцыятыве працадаўцы. На гэта пытанне адказаць яны не змаглі. Нейкі час шукалі інфармацыю, але высветлілася, што гарантыяў ніякіх няма. Па статуце прафсаюзу, у якім знаходзіцца Руслан, таксама ніякіх гарантыйных выплат пры звальненні не прадугледжана. Матэрыяльную дапамогу Руслану аказаў адзін з незалежных фондаў.

У выніку суддзя Марыя Саўчук прызначыла новае судовае паседжанне на 8 снежня.

Быў зверху загад

«Зверху быў загад, што нас трэба звольніць», – такое меркаванне выказаў «Белсату» Сяргей Роўда.

Ён распавёў, што спачатку прыйшло ўказанне, што іх трэба пакараць. Таму ім выпісалі першае распараджэнне аб дысцыплінарным спагненні. Сяргей удакладніў, ці будуць нейкі наступствы з-за гэтай заўвагі, на што яму адказалі «не ведаем».

«Потым мяне выклікалі і сказалі, што гэтага недастаткова, і трэба нас звольніць. У спісе было тры прозвішчы. Чаму менавіта нас, мы не ведаем» – распавёў Сяргей.

Працаўнікам спачатку прапанавалі, пакуль ёсць шанец, самім напісаць заяву па пагадненні бакоў, і тады б у іх была «чыстая працоўная кніжка». Але яны адказалі, што не згодныя і не разумеюць, чаму ўвогуле павінны звальняцца. Пасля заканчэння працоўнага дня ім аддалі працоўныя, дзе было напісана, што яны звольнены па артыкуле за «невыкананне без паважных прычын службовых абавязкаў» і маюць не знятае дысцыплінарнае спагнанне.

Сяргей Роўба распавёў аб выпадку, калі да іх на завод прыязджаў Лукашэнка: «У мяне атрымалася задаць яму пару пытанняў, і я запытаў: «Каму ў нашай краіне ўлада належыць?» Ён адказаў: «У нашай краіне – мне». На гэта я сказаў яму, што людзі таму і выходзяць, каб змяніць гэтую сітуацыю».

Пасля гэтага ў Сяргея адразу забралі мікрафон.

«Яны баяцца, што з’явяцца лідары, якія змогуць падняць людзей. Вось калі хтосьці дзесьці высунуўся, яны назад яго. Або ў бок», – гаворыць Сяргей.

Пасля суда Руслан распавёў, што гатовы вярнуцца на працу: «Няхай адновяць, а там відаць будзе. Калектыў у нас нармальны, за выключэннем некалькіх чалавек».

Падтрымаць Руслана ў судзе прыйшло каля двадцаці чалавек.

3 снежня адбудуцца аналагічныя судовыя паседжанні па справах Андрэя Янковіча і Сяргея Роўбы.

АД, belsat.eu

 

Колаж: bels
Стужка навінаў