«Вы не разумееце, што ва ўсіх накіпела?» Як Андрэя Крывашэева сустрэлі ў менскай школе


Давераная асоба Лукашэнкі, журналіст «Беларусь-1» Андрэй Крывашэеў прыйшоў агітаваць настаўніц за дзейнага кіраўніка дзяржавы, а патрапіў пад шквал народнага гневу. Карэспандэнтка belsat.eu Кацярына Андрэева дзеліцца ўражаннямі ад сустрэчы з кіраўніком афіцыйнага Саюзу журналістаў.

Пачатак мерапрыемства не казаў, што будзе нешта цікавае. Вечар панядзелка, стомленыя завучы сядзяць у напаўпустой актавай зале менскай школы №1, грае ціхая фонавая музыка. Рассадка – на адлегласці адзін ад аднаго, большасць прысутных – у масках. Але паступова людзей прыбывае, і вось ужо жанчынам нясуць дадатковыя крэслы, а месцы ў праходзе займаюць маладыя хлопцы.

Сустрэча з Андрэем Крывашэевым.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Андрэй Крывашэеў з’явіўся без спазнення і ў кампаніі жонкі Валерыі – карэспандэнткі расейскага «Спутніка». Адрэкамендаваўшыся як журналіст з 20-гадовым стажам, Крывашэеў коратка распавёў пра свае сустрэчы з калектывамі чыгункі і раённай паліклінікі (паводле яго, там усё выдатна) і патлумачыў, чаму стаў даверанай асобай Лукашэнкі: «Я давяраю прэзідэнту, а ён давярае мне». Прамова заняла менш за 10 хвілін, пасля чаго ён разняволена прапанаваў аўдыторыі задаваць пытанні.

Каронавірус і сумленныя выбары

Жанчына ў першых шэрагах пацікавілася, ці гатовая Беларусь да другой хвалі каронавірусу. Крывашэеў адказаў, што «у нас калектыўная імунізацыя вышэй, чым у краінах, якія ўводзілі жорсткі каранцін», а таксама, што «тэсты фіксуюць высокі ўзровень імунітэту ў людзей». І тут хтосьці з залы запытаў:

– То бок, вы верыце, што каронавірус існуе?

– А хто не верыць? – усміхнуўся Крывашэеў.

– А чаму тады людзей заганялі на 9 траўня, на 3 ліпеня? – пасыпаліся пытанні з залы.

– Я калісьці пажартаваў, што Беларусь стала апошняй дэмакратыяй Еўропы, бо дазволіла сваім грамадзянам самім абіраць спосаб барацьбы з каронавірусам», – паспрабаваў разрадзіць абстаноўку спікер.

Але беспаспяхова: людзі наперабой скардзяцца, што іхных сваякоў-жаўнераў заганялі на парад, а дзяцей не дазволілі пакінуць на дыстанцыйным навучанні. На заклікі Крывашэева «перастаць спрачацца» рэагавалі абураным: «А чаму мы не можам спрачацца?!» Са свайго месца ўзняўся высокі мужчына сярэдніх гадоў.

– Вы як давераная асоба прэзідэнта, які сыходзіць, скажыце: якія меры ён прыняў для правядзення сумленных, празрыстых выбараў? Чаму ён сам не збярэ людзей, каб адказаць на нашыя пытанні? А казаць пра медыкаў «яны ведалі, куды ішлі» – гэта проста кашчунства. Мая жонка працуе лекарам і атрымлівае 580 рублёў за стаўку.

– Але вы мне лепей адкажыце, за 26 гадоў прэзідэнт стварыў умовы для справядлівых выбараў, каб кожны чалавек мог стаць кандыдатам, а не пасаджаным у СІЗА або ў «амерыканку»? Чаму кандыдат, якога вы прадстаўляеце, абражае людзей і называе іх «майданутымі»?! – экспрэсіўна выказаўся ён. Зала падтрымала бурнымі авацыямі.

Кіраўнік афіцыйнага Саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Кіраўнік афіцыйнага Саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Я як давераная асоба – за сумленныя выбары. Не трэба так эмацыйна, калі ласка, – зрабіўшы глыток вады, Крывашэеў падрыхтаваўся адбіваць нечаканую «атаку».

– Вы не разумееце, што ва ўсіх накіпела? – яшчэ адзін мужчына прыўзняўся з суседняга крэсла. Яму закрычалі «Браво!»

Андрэй Крывашэеў
Кіраўнік афіцыйнага Саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Акрамя майго кандыдата на інфармацыйных стэндах ёсць яшчэ чатыры. У вас ёсць абсалютнае незалежнае права галасаваць за любога з іх, – стрымліваючы раздражненне, пачаў гаварыць Крывашэеў, – выбары ў Беларусі прызнаюцца міжнароднымі назіральнікамі, напрыклад, місіямі СНД, Шанхайскай арганізацыі супрацы і многіх іншых. Што да БДІПЧ АБСЕ – гэта паслядоўны крытык выбарчай сістэмы ў Беларусі, на што гэтая арганізацыя цалкам мае права. А Беларусь як суверэннае дзяржава мае права прыслухоўвацца да іхных рэкамендацыяў або не прыслухоўвацца.

Зала зноў загула.

– Вам не сорамна самому як журналісту прадстаўляць чалавека, які фальсіфікуе выбары? Ганьба! – працягнуў эмацыйны прамоўца і сышоў, ляснуўшы дзвярыма. Крывашэеў апусціў рукі на галаву.

Кіраўнік афіцыйнага Саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Дзяўчына з бел-чырвона-белай стужкай на запясці запытала, чаму пераследуюць журналістаў незалежных СМІ, а замежныя медыі пагражаюць пазбавіць акрэдытацыі.

– Толькі тых, хто парушае беларускае заканадаўства, заклікаючы на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, – перарваў яе Крывашэеў.

– Яны не заклікаюць, а асвятляюць падзеі! – крыкнула жанчына побач.

– Гэта вашае меркаванне, – парыраваў той.

– Чаму іх б’юць, запіхваюць у аўтазакі, а ваш Саюз журналістаў гэтых людзей не абараняе?

– Мы выказваем занепакоенасць затрыманнем, пераследам, цкаваннем і булінгам любых журналістаў, – заявіў Крывашэеў.

Бел-чырвона-белы сцяг і цытаты Мукавозчыка

Ля мікрафона выстраілася цэлая чарга ахвотных. Слова ўзяла пажылая спадарыня, якую ў тым ліку хвалявала, чаму ў Беларусі не дазволена свабодна выкарыстоўваць нацыянальны сцяг.

– Чаму нельга ісці па вуліцы з бел-чырвона-белым сцягам, чаму нельга яго вывесіць у вакне, каб да цябе не пастукаліся потым? Чаму гэта стала небяспечна. Я была ў 2018-м на стагоддзе БНР і ішла з ім па горадзе, а потым прачытала ў інтэрнэце, што людзей затрымлівалі за сцягі. Мабыць, мяне не кранулі праз сталы ўзрост…

– А мяне затрымлівалі! – далучылася дзяўчына гадоў дваццаці.

– Мабыць, у рамках несанкцыянавага мерапрыемства? – запытаў Крывашэеў.

– У рамках таго, што я ішла з ім па горадзе!

– Вы мне скажыце, я магу вывесіць у сябе ў вакне бел-чырвона-белы-сцяг? – звярнулася пенсіянерка да Крывашэева.

– Вывешвайце.

– І мне за гэта нічога не будзе?

– Я не ведаю.

Зала зараўла ад абурэння.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Як можа быць, каб людзей хапалі на вуліцах і збівалі? Не кажыце, што вы не ведаеце.

– У органаў аховы парадку ў любой краіне ёсць пратакол дзеянняў на выпадак несанкцыянаваных акцыяў пратэсту. Калі браць канкрэтна 14-е ліпеня, гэта былі незаконныя акцыі і міліцыя мела права прыменяць сілавы арсенал. Ён, на мой погляд, не быў празмерны. Ён быў куды мякчэй, чым у іншых кранах, – адчаканіла давераная асоба.

Да мікрафона падышоў хлопец і прапанаваў Крывашэева адказаць на пытанні ў фармаце бліцу.

– Пачнем з таго, ці цалкам вы падзяляеце маральныя і этычныя прынцыпы вашага кандыдата? Хутчэй так або хутчэй не?

– Хутчэй так.

– Тады адразу пяройдзем на «ты», ок? Андрэй, глядзі, якая штука, ёсць тры праблемы сёлета: першая – гэта 9 жніўня.

– Гэта не праблема, – знайшоўся Крывашэеў.

– Я пра сябе кажу. Другая праблема: што будзе з 9 на 10 жніўня ў Менску і абласных цэнтрах? І трэцяя: гэта дадзеныя па каронавірусе. У Швецыі захварэлі 79 тысяч чалавек, памерла 5 600, у Бельгіі 66 тысяч хворых, памерла 9 800. У Беларусі 67 тысяч захварэлі, а памерлых усяго 534.

– Гэта кажа пра эфектыўнасць нашай сістэмы аховы здароўя, – перабіў яго адрасат пытання. Раскрываць планы свайго кандыдата на 9-10 жніўня Крывашэеў не стаў.

Сустрэча грамадства з Андрэем Крывашэевым.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Хлопец у першым шэрагу папрасіў Крывашэева пракаментаваць цытату з нядаўняга артыкула Андрэя Мукавозчыка ў «СБ»: «Хачу сказаць усяму нашаму крэатыўнаму фэйсбучнаму класу: вы гатовыя, што ў вашай сям’і, у вашым доме, у вашым атачэнні кагосьці не стане? Рыхтуйцеся».

У адказ Крывашэеў назваў гэтае выказванне Мукавозчыка «яскравай эмацыйнай публіцыстыкай».

– Я не бачу ў гэтай фразе ніякіх пагрозаў расправы. Тут ёсць занепакоенасць і трывога за жыццё і здароўе грамадзянаў, якія ўдзельнічаюць у несанкцыянаваных акцыях пратэсту.

«Правакатары могуць страляць у спіну»

Адным з апошніх узяў мікрафон малады чалавек.

– Пытанне ў мяне наконт вашага каментару на фэйсбуку: «Усім сябрам з альтэрнатыўным пунктам гледжання падчас пікетаў я раю берагчы спіну. Памятаць долю Нігаяна і Жызнеўскага (першыя загінулыя на Майдане – заўв. belsat.eu)». Што вы мелі на ўвазе? Вы лічыце, нашыя супрацоўнікі могуць гэтак жа зрабіць?

– Чаму супрацоўнікі? Іхная смерць дагэтуль, на жаль, не расследаваная ўкраінскай Генеральнай пракуратурай. Ёсць некалькі версіяў.

– Ад каго ў такім разе трэба берагчы спіну?

– Ад тых, хто можа страляць у спіну. Гэта могуць быць правакатары.

– А могуць быць праваахоўныя органы. У каго зброя? – крычаць з залы.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Я напісаў гэты каментар, выкарыстоўваючы свой асабісты досвед 11-гадовай працы ва Украіне. З 2004 году і акцыі «Украіна без Кучмы» да 2015 – вайны і страты часткі тэрыторыі. Гэтая вайна цягнецца больш, чым Вялікая Айчыная. Дык вось я як грамадзянін і давераная асоба не хачу, каб Рэспубліка Беларусь паўтарыла сумны досвед Украіны.

Тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца сёлетняй выбарчай кампаніі, вядуць да парушэння закону і вядуць да смерці, – сказаў Крывашэеў.

Напрыканцы да мікрафона падбегла дзяўчына, каб падзякаваць выступоўцу за адкрытасць. Калі яе пачалі фатаграфаваць, яна закрыла твар і запатрабавала выключыць камеру. Акрамя яе, ніхто з Крывашэевым не салідарызаваўся.

Андрэй Крывашэеў
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Агітацыйная сустрэча цягнулася дзве гадзіны. І пасля людзі абкружылі Крывашэева, каб працягнуць спрэчку, але ён хутка з’ехаў. «Цікавы фармат», – перашэптваліся задуменныя завучы. Менш, чым праз два тыдні яны будуць лічыць галасы на сваім участку.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў