«Вы маеце нешта супраць макаронаў?» Дзяржынскі шпіталь судзіцца з палітыкам Андрэем Дзмітрыевым


Сустаршыня грамадскай арганізацыі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў летась быў кандыдатам у дэпутаты ў Дзяржынскім раёне. У сваім перадвыбарным выступе на тэлебачанні ён паказаў фота з прыёму ежы з мясцовай больніцы. Медычная ўстанова падала ў суд на палітыка паводле артыкулу 153 Грамадзянскага кодэксу «Абарона гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі». Артыкул ужываецца ў дачыненні інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці і адначасова знеслаўляе асобу або арганізацыю. Таму цяпер больніца мусіць даказаць у судзе, што фотаздымак фэйк і што ўзгадаванні аб ім у СМІ знеслаўляюць медычную ўстанову.

Само фота макаронаў з лустай батону размясціла летась у сацыяльных сетках Марына Мокас, старшыня Дзяржынскай раённай арганізацыі «Гавары праўду». Жанчына параўноўвала ежу ў менскай лякарні і ў дзяржынскай.

Чем отличаются районная больница и городская? Всем! Не только качеством медицинских услуг,но и питанием! В Минске на ужин дают красную рыбу,a в Дзержинске макароны с батоном #mamaMokas

Opublikowany przez Марина Мокас Niedziela, 12 maja 2019

Сёння, 15 студзеня, адбылося папярэдняе пасяджэнне ў Дзяржынскім раённым судзе. Судовы іск раённая лякарня прад’явіла таксама і да тэлебачання СТВ, дзе трансляваўся выступ кандыдатаў. ЦРБ патрабуе апублікаваць абвяржэнне, а таксама 3 базавыя велічыні (81 рубель) – дзяржаўную мыту. Пры гэтым, ніякай маральнай кампенсацыі пакуль заяўлена не было. Прадстаўнікі дзяржаўнай тэлевізіі ў суд не прыйшлі. Прадстаўнікі ЦРБ яшчэ напачатку паседжання заявілі хадайніцтва аб правядзенні працэсу ў закрытым рэжыме. Суддзя Фядчук Таццяна Іванаўна хадайніцтва адхіліла.

Адвакатка Андрэя Дзмітрыева Марыя Колесава-Гудзіліна.
Фота: Belsat.eu

Галоўны лекар больніцы Уладзімір Губаш падкрэсліў, што харчаванне ва ўстанове адпавядае нормам. Лекар-дыетолаг Нэлі Аракелян патлумачыла, што на дзень выдаткоўваецца на харчаванне 3 руб 70 капеек на чалавека (пазней галоўны лекар патлумачыў, што больніца атрымлівае гуманітарную дапамогу ў выглядзе прадуктаў харчавання). Дыетолаг перакананая: такі прыём ежы, як на фота, немагчымы ў іх установе. Калі гэта сняданак, то мусіць быць масла, калі абед, то абавязкова мусіць быць мяса або рыба. На пытанне Дзмітрыева пра тое, ці лічыць дыетолаг макароны і батон элементамі здаровага харчавання, сказала так: «Вы маеце нешта супраць макарон? Я не буду адказваць на гэтае пытанне».

Андрэй Дзмітрыеў.
Фота: Belsat.eu

Адміністрацыя больніцы прадставіла меню за восень, хаця фота зробленае ў красавіку. У суд прыйшло ажно пяць прадстаўнікоў медычнай установы. На пытанне адвакаткі, якія будуць прадстаўленыя доказы таго, што сведчанні знеслаўляюць больніцу, прадстаўнікі паціснулі плячыма: «А мы павінны гэта даказваць? Калі трэба, прадставім».

Суд пастанавіў прыцягнуць у якасці адказніка яшчэ і рэдакцыю Дзяржынскай раённай газеты «Узвышша», дзе таксама апісваліся прыёмы ежы ў ЦРБ.

«Гэта спроба ўвесці цэнзуру на крытыку дзяржаўных органаў», – заявіў Дзмітрыеў.

«Звесткі, якія распаўсюдзіў Дзмітрыеў, носяць прадузяты характар. З іх можна зрабіць выснову, што харчаванне ў лякарні на нізкім узроўні, а гэта не так», – кажа Валерыя Лаліна, юрысконсульт больніцы.

Асноўнае паседжанне адбудзецца 29 студзеня.

Наста Кахановіч Belsat.eu

Стужка навінаў