Вы гуляеце, таму музыкі – зарабляюць пад час пандэміі


Беларуска-брытанская кампанія «Gismart» з офісам у Менску аб’яднала ўласныя напрацоўванні ў галіне гіпер-казуальных мабільных гульняў, каб дапамагчы музыкам, якія страцілі магчымасць праводзіць жывыя канцэрты. «Белсат» даведаўся, як гэта працуе.

Гэтак паўстала адмысловая партнёрская праграма. Яна дапамагае як гуртам, гэтак і адзінкавым выканаўцам прасунуцца і зарабляць грошы праз простыя мабільныя гульні, якія не патрабуюць ад карыстальніка асаблівых уменняў. Такія гульні называюць гіпер-казуальныя.

«Сэнс партнёрскай праграмы ў тым, каб тым ці іншым чынам інтэграваць самога музыку ў гульню. Гэта можа быць ці яго візуальны вобраз (чытай – віртуальны герой) ці наўпроставае выкарыстанне ягонай музыкі ў гульні і так далей. Механікаў уцягвання музыкаў даволі шмат і ўсё абмяркоўваецца ў індывідуальным парадку», – распавядае Аліса Акіфʼева, PR-менеджарка «Gismart».

Ілюстрацыя да гульнявога праекту Gismart.com

Стаўка на казуальныя гульні робіцца нездарма. Паводле звестак кампаніі штомесяц ва ўсім свеце простыя і каляровыя мабільныя гульні генеруюць больш чым мільярд запампоўванняў. А кожны карыстальнік у сярэднім праглядае да пяці рэкламных блокаў, якія выскокваюць падчас забавы. Гэтыя рэкламныя блокі і стануцца асноўным лакаматывам прасоўвання кантэнту музыкаў, альбомаў, сінглаў, ці як цяпер стала актуальна падчас каронавірусу калі канцэрты забаронены, выступы онлайн.

«Мы запрашаем музыкаў са ўсяго свету ў нашу партнёрскую праграму. На гэты момант яна даступная кожнаму і канешне беларускім музыкам. Мы вельмі спадзяемся, што зможам падтрымаць выканаўцаў менавіта ў цяперашняй сітуацыі пандэміі каронавірусу», – дадае Аліса Акіфʼева.

У офісе кампаніі.
Фота: Gismart.com

У першую чаргу партнёрская праграма будзе цікавая музычным фанатам, бо ствараецца зусім новая і альтэрнатыўная пляцоўка для камунікацыі праз гульні. Пакуль кампанія толькі пачынае збіраць базу музыкаў. А партнёрамі «Gismart» для іх іншага мабільнага дадатку – для стварэння электроннай музыкі «Beat Maker Go», стаў амерыканскі гурт «Judah and the Lion». Дадатак днямі выбіўся ў лідары чарту «App of the Day» у Вялікай Брытаніі і Ірландыі.

«Beat Maker Go існуе ўжо каля 4 гадоў і за гэты час дадатак для стварэння танцавальнай электроннай музыкі сабраў аўдыторыю больш за 40 мільёнаў чалавек, а таксама ўжо зарабіў 40 мільёнаў долараў. У дадатку маюцца «sound paсks» – вялізныя онлайн бібліятэкі. Карыстальнік можа ці запампаваць ужо гатовыя трэкі ці атрымаць сэмплы і пагуляцца з іх гучаннем», – падсумавала PR-менеджарка «Gismart».

Распрацоўнікі гульнявога праекту.
Фота: Gismart.com

Акрамя гэтага маецца магчымасць запісваць голас, падкладаць яго на музыку і экспартаваць атрыманы трэк. «App of the Day» – гэта штодзённая падборка ад кампаніі Apple, дзе яны самі абіраюць самыя карысныя на іхны погляд праграмы. Каб патрапіць у рэйтынг, трэба не толькі мець якасны мабільны дадатак, але і прыносіць рэальную карысць грамадству. Апрача гэтага шэраг крытэрыяў «App of the Day» увогуле застаецца таямніцаю.

Музыкі будуць зарабляць дзякуючы таму, што вы гуляеце ў гульні. Ілюстрацыя: Gismart.com

Цяпер у кампаніі «Gismart» працуе больш за 320 чалавек ёсць офісы ў Менску, Кіеве, Пекіне і Лондане. Ў 2020 годзе кампанія трапіла ў рэйтынг «Financial Times» у шасцёрку самых, бурна растучых бізнесаў Еўропы.

Відэа ў можна будзе паглядзець у праграме «Дэвайс» на антэне 09.06.2020.

Кірыл Смяглікаў Belsat.eu

 

Стужка навінаў