«Вы – нашая ганьба»: У Воршы чыгуначнікаў пужаюць звальненнем за ўдзел у пікетах Ціханоўскай


На сустрэчы з кандыдаткаю на прэзідэнта Святланаю Ціханоўскай у Воршы цягам выбарчай кампаніі выходзілі тысячы гараджанаў. Апошні пікет аб’яднанага штабу меўся адбыцца ў аўторак у Салігорску, але яго забаранілі ўлады. Манцёр Аршанскай дыстанцыі пуці распавёў belsat.eu, як праз удзел у мітынгах і агітацыю за Святлану Ціханоўскую кіраўніцтва цісне на яго ды ягоных калегаў, пагражаючы звальненнем.

Раман хадзіў на ўсе мітынгі абʼяднанага штабу Святланы Ціханоўскай у Воршы. Мужчына працуе ў Аршанскай дыстанцыі пуці і там ён не адзіны прыхільнік альтэрнатыўнай кандыдаткі. Паводле нашага суразмоўцы, меркаванні ў калектыве розныя. Работнікі сталага веку нікуды не лезуць, бо хочуць дапрацаваць да пенсіі. Большасць маладых спецыялістаў, наадварот, выступаюць за перамены і змену ўлады.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава. Ворша, 25 ліпеня.
Фота: Belsat.eu

Калі Ціханоўская не пераможа, пасля 10 жніўня вы ўсе тут не працуеце

Праблемы на працы пачаліся пасля пікету 25 ліпеня. Побач з мітынгам, які быў узгоднены з райвыканкамам, адбывалася ўрачыстае адкрыццё новага ДК Ільнокамбінату. На імпрэзе сабралі ўсё кіраўніцтва гораду.

«Шмат чыгуначнікаў ходзяць на мітынгі Ціханоўскай. Натоўп скандаваў «Жыве Беларусь», «Стоп таракан». Хтосьці заўважыў нас у натоўпе і паскардзіўся. На наступны дзень брыгадзір і майстар сказалі, што кіраўніцтва атрымала нагонку ад выканкаму.

Маўляў, мы ганьбім чыгунку. І цяпер мы першыя ў спісе на звальненне. Маўляў, калі Ціханоўская не пераможа, пасля 10 жніўня вы ўсе тут не працуеце».

Hавiны
Тысячны натоўп вітае Святлану Ціханоўскую ў Воршы
2020.07.25 13:35

Праз удзел падначаленых у пікетах альтэрнатыўнай кандыдаткі начальнік дыстанцыі Аляксандр Абыночны забараніў насіць белыя бранзалеты, наведваць пікеты і весці агітацыю за Святлану Ціханоўскую сярод працаўнікоў чыгункі. Падобна ціснуць і на машыністаў цягнікоў, кажа Раман.

«Ім таксама пагражалі звальненнем. Гаварылі, што ў іх ціснуць нават болей, але яны не разгубіліся. На наступны пікет яны прыйшлі ў сваёй фірмовай чыгуначнай форме з пагонамі і спецыяльна сталі ў першыя шэрагі. Аднак што з імі цяпер, невядома».

Ворша, 25 ліпеня.
Фота: Belsat.eu

Пасля пагрозаў пайшлі ў КДБ

Раман адзначае, што адказнасць за пагрозы нясуць не майстар і брыгадзір, а кіраўніцтва ды аддзел кадраў. Пасля вымовы мужчына з калегамі пайшлі высвятляць сітуацыю ў КДБ. Аршанец кажа, што быў здзіўлены рэакцыяй працаўнікоў ведамства.

«Мы абмалявалі сітуацыю, на што нам сказалі, што мы маем права агітаваць за любога кандыдата, маем права насіць бел-чырвона-белую сімволіку, Пагоню, белыя стужкі. Звольніць за наведанне пікетаў нас ніхто не можа.

Яны таксама дадалі, што, калі начальства не ведае законаў і Канстытуцыі, хай прыязджаюць у камітэт, ім усё патлумачаць. Інфармацыю мы перадалі начальніку аддзелу кадраў. Ён адразу збялеў. Цяпер мёртвая цішыня».

Пагрозы ў рознай форме зыходзяць не толькі ад кіраўніцтва. Днямі адзін з калегаў Рамана, прыйшоўшы на працу, пабачыў размаляваную абразамі шафку. Наш суразмоўца кажа, што пакуль не вядома, хто гэта зрабіў, але нібыта праводзяць разбіранне.

Невядомыя напісалі абразы на шафцы аднаго з працаўнікоў Аршанскай дыстанцыі пуці. Фота суразмоўцы

Раман збіраецца ісці на выбары 9 жніўня. Ён расказвае, што пакуль на працы галасаваць датэрмінова не агітавалі і не змушалі.

На момант публікацыі артыкулу звязацца з начальнікам Аршанскай дыстанцыі пуці Аляксандрам Абыночным не ўдалося.

  • Цягам апошніх дзён улады адмянілі або перашкодзілі ў правядзенні пікетаў Святланы Ціханоўскай у Лагойску, Стоўбцах, Вялейцы, Слуцку і Салігорску: там на месцы запланаваных імпрэзаў тэрмінова распачаліся рамонтныя працы. Пад пагрозаю зрыву сталічны мітынг-канцэрт аб’яднанага штабу, што меў адбыцца 6 жніўня на Бангалоры. У парк Дружбы народаў, дзе раней планавалі зладзіць акцыю на падтрыманне Ціханоўскай, афіцыйна адсвяткуюць Дзень чыгуначных войскаў.
Hавiны
Гадзіна з кандыдаткай у прэзідэнты: бясконцыя інтэрв’ю і сэлфі з прыхільнікамі
2020.08.06 09:10

Дар’я Курачкіна belsat.eu

Стужка навінаў