Вы атрымалі «ліст шчасця» ад падаткавай… Што рабіць?


Што могуць зрабіць беларусы, якіх запісалі ў дармаеды?

«Цяжка даць інструкцыю, як пазбегнуць дзеяння дэкрэту, які супярэчыць правам чалавека. Трэба сачыць за фармальнымі прыкметамі. Паколькі яны парушаюць нашыя правы, значыць дзесьці органы дапускаюць памылкі», – гаворыць кіраўнік прававой службы «Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў» Алена Яськова. І, тым не менш, паспрабуем разабрацца.

1. Калі прыйшло паведамленне?

Паводле зменаў у Дэкрэт №3, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 12 студзеня, паведамленні будуць уручацца ці накіроўвацца па пошце не пазней за 20 студзеня 2017 году.

«Калі нехта атрымаў ліст пасля гэтага тэрміну, гэта ўжо парушэнне дэкрэту», – звяртае ўвагу Алена Яськова.

Юрыст кажа, што Дэкрэт №1, які ўласна і прадпісвае змены і дапаўненні, яшчэ больш жорсткі за першасную рэдакцыю.

Чытайце таксама: Што рабіць, калі вы жывяце за мяжой, а падатковая запісала вас у «дармаеды»

«Лукашэнка ўбачыў, што з людзей можна нешта выціснуць. Калі б масава не плацілі, магчыма, новых тэрмінаў не было б», – каментуе Алена Яськова.

Раней падаткавікі былі абавязаны вылічыць і паінфармаваць «дармаедаў» да 15 лістапада 2016 году. На канец мінулага году «ліст шчасця» атрымала больш за 200 тысячаў асобаў.

2. Як атрымалі ліст з падаткавай?

У дэкрэце напісана: паведамленне ўручаецца плацельшчыку пад подпіс ці заказным лістом. У апошнім выпадку яно лічыцца дастаўленым пасля 10 каляндарных дзён з даты накіравання.

«Я ведаю выпадкі, калі ліст быў укінуты проста ў паштовую скрыню. Гэта таксама парушэнне. Можна лічыць, што паведамленне не атрыманае», – кажа Алена Яськова.

3. Звяртаць увагу на выстаўлены памер збору

Паводле Дэкрэту №3 ад выплаты збору вызваляюцца тыя, хто за падаткавы перыяд (цяпер гаворка пра 2015 год) заплаціў падатак на прыбытак, адзіны падатак з ІП і іншых фізасобаў, падатак па спрошчанай сістэме ў памеры не менш за 20 базавых велічыняў. Таксама ў пункце 1 гаворыцца, што «дармаед» – гэта той, хто ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў менш за 183 каляндарныя дні.

Калі сумарна вашыя падаткі меншыя за 20 базавых (360 рублёў) і вы працавалі ці знаходзіліся на ўліку як беспрацоўны менш за паўгода, вы мусіце заплаціць збор, аднак з улікам ужо сплочанага дзяржаве.

Падаткавая «выставіла рахунак» у 20 базавых велічыняў? Праваабаронца Леанід Судаленка раіць падаваць скаргу з патрабаваннем зрабіць пераразлік. Тады падаткавікі маюць адняць ад сумы збору суму падаткаў, вылічаных з вашага заробку. Калі чалавека звольнілі 1 снежня 2015 году, ён заплаціць за 30-дзённае «дармаедства».

Такі самы алгарытм дзеянняў у выпадку, калі беспрацоўны знаходзіўся на ўліку службы занятасці, аднак у выніку па нейкіх прычынах не ўладкаваўся ні на якую працу.

4. Пісаць тлумачэнне

11-ы пункт Дэкрэту №3 кажа, што грамадзянін мае права ў 30-дзённы тэрмін з даты атрымання ліста аспрэчыць налічаную яму суму збору ці сам факт таго, што ён мусіць яго плаціць. Праваабаронцы звяртаюць увагу на адзін тонкі момант. У Дэкрэце напісана «прадставіць у падаткавы орган дакументы і (ЦІ) тлумачэнні».

Леанід Судаленка кажа, што самому не варта збіраць даведкі: «Я ўсім раю весці перамовы з падаткавай яе ж спосабам: дасылаць заказныя лісты. Паводле прынцыпу аднаго акна, падаткавікі самі звернуцца на мінулае месца працы, каб пацвердзіць неабходную інфармацыю».

Сыну Алены Яськовай таксама прынеслі «ліст шчасця», але малады чалавек жыве за мяжою: знаходзіцца ў Беларусі менш за 183 дні на год і адпаведна не павінен плаціць збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў.

«Я спыталася ў падаткавай, чаму яны не бяруць дадзеныя ў памежнікаў. Мне адказалі, што быццам бы яны звярталіся, але памежнікі адказалі, што вельмі шмат запытаў і хай людзі ходзяць самі. Гэта непарадак», – падкрэслівае юрыст.

Падаткавая мае разгледзіць зварот грамадзяніна цягам месяцу, у гэты час захады па спагнанні збору не будуць ужывацца. Але гэта не гарантуе вызваленне ад платы збору ў выніку.

5. Цяжкая жыццёвая сітуацыя

Дадаткі ў Дэкрэт №3 далі права мясцовым выканаўчым органам вызваляць ад «падатку на дармаедства» людзей у «цяжкой жыццёвай сітуацыі».

«Гэта ўжо даказвае, што зборам абкладаюцца тыя, хто не можа яго заплаціць, – лічыць Алена Яськова.

Чыноўнікі прызнаюцца, што немагчыма сфармуляваць усе выпадкі «цяжкой жыццёвай сітуацыі». Пакуль што ў СМІ яны прыводзілі прыклады жонак вайскоўцаў, якія не могуць знайсці працу ў месцы службы мужа, працаздольных дзяцей, што даглядаюць за бацькамі.

«Калі чалавек звернецца са складанай жыццёвай сітуацыяй, а яго ўсё роўна будуць прыцягваць да аплаты, то можна гэта абскарджваць у судзе», – кажа Алена Яськова.

Узор скаргі ў падаткавую раней публікаваў на сваім сайце «Прафсаюзны рух Беларусі».

6. Знайсці магчымасць пазбегнуць базы дадзеных «дармаедаў»

Напрыклад, калі вы зарэгістраваныя ў сельскай мясцовасці або пасёлку гарадскога тыпу і маеце ўласную зямлю, вашыя соткі абавязкова маюць быць аформленыя «для вырошчвання сельгаспрадукцыі» (у Дэкрэце – «асабістая дапаможная гаспадарка»).

«Шмат у каго зямля аніяк не аформленая або запісаная «для тэхнічнага абслугоўваня дома». У такім выпадку, нават калі людзі па 40 год там рэальна вырошчваюць бульбу, збор прыйдзецца плаціць. Так што трэба бегчы пераафармляць зямлю», – раіць праваабаронца Леанід Судаленка.

Калі ў вас ёсць дзеці ад 3 да 7 год, малечаў лепей не аддаваць у садок. Паводле дапаўненняў, падпісаных кіраўніком краіны 12 студзеня, з 2017 году бацькі дзяцей гэтага ўзросту лічацца ўдзельнікамі фінансавання дзяржаўных выдаткаў, калі іх дзеці наведваюць дашкольныя ўстановы.

«Трэба шукаць магчымасць аформіць дакументы, каб трапіць у катэгорыю тых, хто ўдзельнічае ў фінансавых выдатках. Не трэба баяцца падмануць гэту ўладу, яна сама падманвае ўсіх», – каментуе юрыст Алена Яськова.

7. Не баяцца

Не мець працы – гэта не злачынства. Якія абразлівыя канатацыі не меў бы выраз «сацыяльны дармаед» у вуснах чыноўнікаў і аўтараў Дэкрэту №3, вы не зрабілі нічога шкоднага для грамадства. У «фінансаванні дзяржаўных выдаткаў» і аплаце падаткаў кожны з нас удзельнічае ўжо ўскосна, калі банальна набывае запалкі ў краме ці прабівае квіток у аўтобусе.

Мець працу – гэта права, а не абавязак чалавека. Гэта замацавана і ў Канстытуцыі Беларусі, якую Дэкрэт №3 груба парушыў.

«Нідзе ў свеце такога няма. Калі Мінпрацы стала шукаць аналагі, то знайшла адзіную – афрыканскую краіну, якую не назвалі – дзе існуе падушны падатак на кожнага жывога жыхара. Часова непрацуючы не можа лічыцца сацыяльным дармаедам. Гэта падмена паняццяў. Дармаед той, хто стала жыве на дапамогу», – кажа Алена Яськова.

Юрыст не ўяўляе, як будзе адбывацца прыцягненне да адказнасці за няплату збору. Вядома, што падаткавікі накіравалі каля 400 тысячаў паведамленняў выяўленым «дармаедам». Гэта параўнальна з насельніцтвам Віцебску ці Магілёву. На дадзены момант збор заплаціла каля 24 тысяч асобаў.

«Вы ўяўляеце, што будзе, калі не заплацяць хаця б 50 тысяч? Ніводнае Акрэсціна не прыме столькі арыштантаў. У нас і без таго турмы перапоўненыя. Будуць ствараць працоўныя лагеры? – абураецца  Алена Яськова. – Я ведаю шмат асобаў, якія не збіраюцца плаціць. Гэта людзі з пазіцыяй і перакананнямі».

Таксама Алена Яськова выказвае сумневы, што ў праваахоўных органаў атрымаецца пакараць усіх «дармаедаў»-штрафнікоў без парушэнняў тэрмінаў прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці. Аднак і пра гэта пакуль цяжка казаць: няма адпаведнай практыкі ды пакуль што мала прэцэдэнтаў, калі чалавек адважваўся супрацьстаяць сістэме ды праз суд даказаць сваю невінаватасць.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў