Вуснамі Пяскова нічога не сказана. Хаця сёе-тое праяснілася

Як і было абяцана, па выніках чатырохгадзіннай размовы Уладзіміра Пуціна з яго беларускім «усё яшчэ калегам» Аляксандрам Лукашэнкам прэс-канферэнцыі не было. РБК паведаміў некаторыя падрабязнасці са спасылкай на нястомнага і ўсюдыіснага Дзмітрыя Пяскова, але Пяскоў вядомы сваім уменнем наводзіць цень на пляцень, калі гэтага патрабуюць, так бы мовіць, дзяржаўныя інтарэсы.

Але паколькі іншай першакрыніцы няма, давядзецца цытаваць: «Прэс-сакратар Пуціна назваў перамовы канструктыўнымі, працяглымі па часу і насычанымі па зместу. Прэзідэнты абмеркавалі пытанні па ваеннай лініі, канстытуцыйную рэформу ў Беларусі і пастаўкі вакцыны ад COVID-19».

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы, 14 верасня 2020 года.
Фота: Russian Presidential Press and I / TASS / Forum

Уласна кажучы, не зусім зразумела, чаму пытанні «па ваеннай лініі» абмяркоўваліся ў адсутнасці міністраў абароны, а пастаўкі вакцыны без міністраў аховы здароўя. Але далей тое-сёе праясняецца: «Па словах прэс-сакратара, Пуцін і Лукашэнка дамовіліся актывізаваць працу міжурадавай камісіі і па лініі ключавых галіновых прадпрыемстваў».

Вось тут пачынаецца цікавае. Памятаеце, усе задаваліся пытаннем, чым менавіта будзе расплачвацца Аляксандр Лукашэнка за падтрымку? Вось гэтым і будзе расплачвацца. «Ключавымі галіновымі прадпрыемствамі». Спіс, верагодна, будзе абвешчаны ўжо непасрэдна пасля таго, як будзе вызначана дата інаўгурацыі, намёку на якую ў словах спадара Пяскова (калі яны былі перададзеныя досыць поўна) не было. Але Крэмль і яго насельнікі добра ведаюць цану слову спадара Лукашэнкі, а таму разумеюць: пасля таго, як адна з першых асобаў расейскай дзяржавы прыме ўдзел у інаўгурацыі і тым самым легітымацыі Лукашэнкі, цана «ключавых прадпрыемстваў» можа раптам падвысіцца. Наўрад ці Пуцін пагодзіцца рызыкаваць: грошай шкада.

Марш герояў, Менск, 13 верасня 2020 г.
Фота: ТК / «Белсат»

Нагадаем таксама, што гаворка ідзе пра тыя самыя прадпрыемствы, у спробе прадаць якія расейскім алігархам (а каму ж яшчэ?) спадар Лукашэнка старанна абвінавачваў Віктара Бабарыку, сядзіць цяпер пад замком. Мяркуючы па ўсім, сягоння алігархі сталі правільнымі і цалкам адэкватнымі бізнесменамі, супрацоўніцтва з якімі можа прынесці выключна станоўчы вынік. Асабліва калі ўлічыць, што гэта яшчэ найменшае зло – у вачах Лукашэнкі.

З астатніх тэзісаў, вядома, найбольш цікавым з’яўляецца тэзіс аб тым, што Уладзімір Пуцін вітае ідэю правядзення канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі. Мяркуючы па ўсім, ён перакананы, што гэта дазволіць нейкім чынам разруліць унутрыбеларускі канфлікт. Але на фоне зацятага жадання Лукашэнкі асабіста праінфармаваць «старэйшага брата» аб праходжанні пратэстаў у беларускай сталіцы (дзяўчынкі гуляюць па суботах і налева, хлопчыкі далучаюцца да іх у нядзелю – і направа; нешта ў такім духу) можна зразумець, што і тут усё далёка не проста. Ва ўсякім выпадку, Пуцін напэўна сочыць за дынамікай пратэстаў і ў момант іх піку будзе вымушаны прыняць нейкае рашэнне.

Так што інфармацыя з боку Лукашэнкі выглядае свядомай дэзінфармацыяй – ці, як мінімум, спробай сказаць паўпраўду.

Але тут ужо нічога не зробіш. Пераканаць Пуціна ў тым, што сітуацыя пад кантролем, можна толькі прадставіўшы ў яго вачах пратэстоўцаў смешнымі і непаслухмянымі дзецьмі. Але тады становіцца цалкам зразумелым, чаму гэтых дзяцей гэтак люта спрабуюць уціхамірыць дубінкамі, а некаторых «дзяўчынак» – нават проста мардабоем (маю на ўвазе жодзінскі інцыдэнт).

Hавiны
Жанчына, якую ўчора ў Жодзіне ўдарыў міліцыянт: «У мяне вельмі моцны стрэс, я нават не магу есці»
2020.09.14 14:51

У цэлым жа выгляд спакойнага і нават іранічнага гаспадара курорта, да якога прыляцеў пацыент, які нервова хіхікае і паддобрываецца, павінен быў бы ўнушыць апошняму некаторыя асцярогі. Але пацыент зайшоў так далёка ў сваёй хваробе, што падобна не разумее, да лекара якой менавіта спецыялізацыі ён прыляцеў на сустрэчу.

Мне асабіста здаецца, што да псіхіятра. Але гэта толькі ў тым выпадку, калі Уладзімір Уладзіміравіч на мяне не пакрыўдзіцца. Але ў яго ж Напалеон і так адпачывае ў суседняй палаце.

Марш герояў, Менск, 13 верасня 2020 г.
Фота: «Белсат»

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў