«Vuraj» i «Re1ikt» запісалі рок-версію фолк-гіта «Вэлытай, пэрэпылко» (ПРЭМʼЕРА)


Аўтары найлепшага рок-альбому 2015 гурт «Re1ikt» і найлепшага фолк-альбому–2014 гурт «Vuraj» прэзентавалі супольны самотнік.

Гэтая песня набыла вядомасць у выкананні Сержука Доўгушава і стала неафіцыйным гімнам «Спеўнага Сходу». «Цяпер яна зрабілася яшчэ больш гітовай, і па-рэліктаўску рокавай, – мяркуе Сяржук. – У песні зʼявілася мужчынскае шматгалоссе, менавіта мне так і хацелася, каб перадаць дух і ідэю песні. Гэта летняя, жніўная песня, яна заўсёды спявалася на некалькі галасоў. Адное што яна зрабілася мужчынскаю. І прыпеў загучаў сапраўды па-стадыённаму».

«Упершыню мы пачулі гэтую песню ў выкананні Сержука і гурта «Vuraj» некалькі год таму ў выглядзе дэма-запісу. Мы адразу закахаліся ў яе і, напэўна, адразу адчулі нейкі моцны, рокавы патэнцыял. Таму натуральна, што нам захацелася паспрабаваць зрабіць свой варыянт», – распавядае ўдзельнік гурту «Re1ikt» Віталь Макшун. «Нам сапраўды захацелася дадаць новыя фарбы да беларускае музыкі, і мы спалучылі нашыя рок-гітары, моцныя спевы і рытм-секцыю з пяшчотнаю скрыпкаю, магічнаю дудкай і этна-напевамі», – дадае лідар каманды Алесь Дземідзенка.

Сваім самотнікам «Vuraj» i «Re1ikt» анансуюць вялікі канцэрт, які адбудзецца 29 траўня ў менскім клубе «Брюгге».

26 траўня гурт «Re1ikt» перамог у «Rock Profi» – адзінай у Беларусі прафесійнай музычнай прэміі.

ЮВ, belsat.eu, паводле tuzin.fm

Стужка навінаў