Vulica Brasil нумар 5. Урбан-фэст без агра-ракако


Урбан-фэст Vulica Brasil прайшоў у Менску 5-ы раз: зноў ператварыўшы горад у вялізарную арт-пляцоўку з цэнтрам на вул. Кастрычніцкай. 5 сцэнаў, фудкорты, воркшопы і фінальныя імпрэзы, якія расцягнуліся амаль на содні.

Фестываль змяняецца: з кожным годам ён становіцца больш маштабны. Адзінае, што застаецца нязменным – аўтазак, які перакрывае ўваход на вуліцу.

Мінуўшы неафіцыйны сімвал Менску, трапляеш на вялізны кірмаш, дзе стаіць водар крафтавай ежы. Тут няма і намёку на агра-ракако: няма мімаў, конкурсаў «падцягніся дзесяць разоў і атрымай мядзведзя», якімі грашаць іншыя гарадскія фэсты. Затое на фэсце было цэлае футбольнае поле, дзе дзеці гулялі ў «нацыянальны бразільскі спорт». Сярод тых хлопцаў, хто ганяў мяч мы знайшлі 4-гадовага Макара – ён прыйшоў на фэст разам з бабуляй Аленай.

«Тут моладзевы дух, прыемна акунуцца ў гэтую атмасферу, паглядзець, якая ў нас класная моладзь», – бадзёра распавяла нам Алена, пакуль яе ўнук дзесьці знайшоў стэплер і спрабаваў «змацаваць» ім нос нашага журналіста.

Пакінуўшы Макара з яго бабуляй, мы пайшлі далей. Хацелі знайсці новыя маштабныя муралы, але такіх як у 2017-м, у сёлета на Кастрычніцкай, на жаль не зʼявілася – проста таму, што там банальна няма ім месца. Усе зафарбавалі!

Стваральніца фэсту Vulica Brasil Міла Котка

Адметнай рысай фестывалю 2019-га можна лічыць яго экалагічнасць: арганізатары паставілі сабе на мэту, як мага менш нашкодзіць навакольнаму асяроддзю. Стваральніца фэсту Міла Котка кажа, што на Кастрычніцкай пасадзілі цэлы лес з рознымі экзатычнымі дрэвамі: «Гінкга Білоба, катальпа. Гэта прыгожыя дрэвы, якія дэндролагі з Берасця прывезлі і вырасцілі тут у нашых умовах», – кажа Міла.

Адметна, што ўпершыню на фестывалі былі штодзённыя суправаджальныя імпрэзы: фільмы, дыскусіі, лекцыі ды воркшопы па мастацтву і ўрбаністыцы. Найбольш яскравым момантам стала карнавальнае шэсце самбатукады, дзе натоўп людзей танчыў пад барабанны рытм.

Vulica Brasil – гэта ўжо далёка ад звычайных гарадскіх фэстаў, гэта іншы ўзровень. Фестываль змяняе горад і намагаецца зрабіць Менск больш крэатыўным і экалагічным. Менавіта дзякуючы «вуліцы» у Менску з’явіўся самы вялікі мурал у Еўропе і гэта толькі вяршыня таго, што яны робяць.

Мурал, які з’явіўся сёлета, але ўбачыць яго не так проста, ён выходзіць на іншы бок Кастрычніцкай, з боку Свіслачы
Аўтар муралу мастак Hyper (Хайпер)

Наступная Vulica Brasil пройдзе ў 2021 годзе, фармат біенале зробяць сталым, але пакуль незразумела, дзе менавіта пройдзе фэст.

«Магчыма, наступны раз мы зробім у Бразіліі», – кажа Міла Котка.

Сярод удзельнікаў, якія выступалі з галоўнай сцэны сёлятняй Vulica Brasil гурт Shuma

ВР, фота АА belsat.eu

Стужка навінаў