Вугорцы пратэстуюць супраць «рабскага» заканадаўства


У Будапэшце ўжо амаль тыдзень не прыпыняюцца шматтысячныя мітынгі супраць зменаў у працоўнае заканадаўства, якія былі прынятыя парламентам. 18 снежня дэпутаты апазіцыйных партыяў парламенту Вугоршчыны ўварваліся ў будынак грамадскай тэлекампаніі MTVA з патрабаваннем зачытаць зварот да народу ў прамым эфіры.

Ахова тэлекампаніі не дазволіла народным абраннікам выйсці ў прамы эфір і прымусова вывела іх з будынку. У адказ на гэта дэпутаты заявілі, што тысячы людзей возьмуць штурмам будынак, калі іх патрабаванне аб публічнай заяве не будзе выканана.

Падчас пратэстаў паліцыя затрымала больш за 50 чалавек за парушэнне грамадскага парадку. У выніку сутычак у Будапэшце пацярпелі 14 супрацоўнікаў паліцыі, пашкоджаныя або разбітыя восем паліцэйскіх машын.

Кіроўная партыя «ФІДЭС – Вугрскі грамадзянскі звяз» асудзіла акцыю апазіцыі і заявіла аб непрымальнасці захопаў сродкаў масавай інфармацыі.

У сваю чаргу апаненты новага заканадаўства называюць зафіксаваныя ў ім нормы працы рабскімі. Апаненты прэм’ер-міністра краіны Віктара Орбана вінавацяць яго ва ўсё больш аўтарытарным стылі праўлення.

Вугорскі прэмʼер-міністр абвяргае абвінавачванні ў свой адрас, а кіруючая партыя «Фідэс» заявіла, што пратэсты – гэта нібыта справа рук замежных агентаў, якія аплачаны амерыканскім мільярдэрам вугорскага паходжання Джорджам Сорасам.

Hавiны
Тысячы людзей пратэставалі ў Будапешце супраць кіруючай партыі
2017.05.22 13:17

СК, belsat.eu, паводле newsru.com

Стужка навінаў