Вугорскі прэмʼер Віктар Орбан хоча ад ЕЗ грошай за плот на мяжы


Вугорскі прэмʼер напісаў ліст да старшыні Еўракамісіі Жана-Клёда Юнкера, у якім заклікае да еўрапейскай салідарнасці ў ахове межаў.

«Мы ўпэўненыя, што як і ў сітуацыі з Італіяй ды Грэцыяй, Еўразвяз мусіць згодна з практыкай, якая выкарыстоўваецца ў такіх сітуацыях, удзельнічаць у фінансаванні выдаткаў, якія панёс вугорскі бок, але якія служаць агульным еўрапейскім інтарэсам», – адзначыў у лісце вугорскі прэмʼер.

Тэкст ліста сёння апублікаваў прэс-сакратар Віктара Орбана.

Кіраўнік вугорскага ўраду хацеў бы, каб палова сумы, якую краіна выдаткавала на ахову мяжы (каля 883 млн еўраў), была аплачаная Еўрапейскім звязам. Прэмʼер адзначыў, што ад самага пачатку міграцыйнага крызісу Вугоршчына «прытрымліваецца прынцыпаў шэнгенскай зоны ў справе аховы межаў».

Орбан падкрэсліў, што грашовыя выдаткі на ахову мяжы сталі сурʼёзным выдаткам для Вугоршчыны, а таксама ўпэўніў Юнкера, што згаджаецца са старшынём Еўракамісіі наконт таго, што салідарнасць зʼяўляецца важным фундаментам еўрапейскай супольнасці.

Гульня на апераджэнне?

Віктар Орбан напісаў ліст Жан-Клёду Юнкеру за некалькі дзён да вынясення рашэння Еўрапейскім судом у сувязі з абскарджаннем Вугоршчынай ды Славакіяй рашэння ў справе абавязковых квотаў па перасяленні ўцекачоў.

У ліпені і верасні 2015 года, дзяржавы-сябры ЕЗ дамовіліся аб перасяленні 160 тыс. уцекачоў з Італіі ды Грэцыі, каб зменшыць нагрузку на гэтыя краіны. Меркавалася, што перасяленне павінна адбыцца да верасня 2017 года. Славакія і Венгрыя абскардзілі гэтае рашэнне ў судзе, сцвярджаючы, што яно несумяшчальнае з законам.

У Вугоршчыне прыпынілі рэалізацыю праграмы, тлумачачы гэта асцярогамі ў сувязі з хваляй тэрарыстычных атакаў у ЕЗ. З дакладу, прадстаўленага 21 жнiўня, вынікае, што краіны, якія ўдзельнічаюць у праграме, да гэтага часу прынялі ледзь больш за 26 тыс. асобаў у межах праграмы размеркавання ўцекачоў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле PAP

Стужка навінаў