У манеўрах бяруць удзел больш 13 тысяч чалавек. Галоўная мэта вучэнняў – праверка боегатовасці першай пяхотнай брыгады Сіл абароны і падрыхтоўка рэзервістаў, якія складаюць каля паловы асабістага складу ўдзельнікаў вучэнняў.
Акрамя рэзервістаў і жаўнераў тэрміновай службы, эстонскія ўлады прыцягнулі да ўдзелу сябраў ваенізаванай добраахвотніцкай арганізацыі «Kaitseliit», а таксама саюзнікаў з NATO: вайскоўцаў ЗША, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Нідэрландаў, Латвіі ды Літвы.
Удзел у вучэннях возьмуць амерыканскія танкавыя падраздзяленні на трох танках M1A2 Abrams і 150 дэсантнікаў. Туманны Альбіён накіруе другі батальён ёркшырскага палка ў складзе 120 вайскоўцаў. Авіяцыя будзе прадстаўлена двума брытанскімі самалётамі Hawk і 4 знішчальнікамі Eurofighter.
Вучэнні прадоўжацца да 15 мая і завершацца на паўночным усходзе краіны паблізу мяжы з Расеяй.
Натаўскія вучэнні ўжо адбываліся сёлета ў сакавіку ў Латвіі.
На думку вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна, краіны Балтыі і Польшча баяцца гібрыднай вайны як ва Украіне, таму ўзмацняюць сваю супрацу з NATO, разлічваючы на дапамогу Паўночнаатлантычнага альянсу ў выпадку расейскай агрэсіі.
Гэта не апошнія вучэнні NATO у рэгіёне. Як піша Delfi са спасылкай на Міністэрства абароны Латвіі, з 1 па 26 чэрвеня на тэрыторыі трох краін Балтыі і Польшчы запланаванае правядзенне манеўраў пад назвай «Saber Strike 2015».
ДР, belsat.eu