«Вова быў закінуты, бедны». Інтэрв'ю з аўтаркай кнігі пра Уладзіміра Пуціна


Хто сапраўдныя бацькі Уладзіміра Пуціна, колькі яму гадоў, як ён звязаны са Сталіным, хто і чаму яго збіваў у дзяцінстве? Аўтар кнігі «Вова, Валодзя, Уладзімір. Таямніцы Расеі Пуціна «Крыстына Курчаб-Рэдліх сцвярджае, што ведае адказы на гэтыя пытанні. Польская журналістка амаль 15 гадоў працавала ў Расеі, за расследавання яе намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру. Інтэрвʼю з ёй падрыхтаваў Сяргей Пеляса.

Сапраўдная маці прэзідэнта Расеі Пуціна Уладзіміра Уладзіміравіча… Крыстына, вы сцвярджаеце, што сустракаліся з ёю літаральна два месяцы таму ў Грузіі. Як такое магчыма?

Я сцвярджаю пад прысягаю, што гэта праўда. Тое, што сапраўдная маці Пуціна жыве ў Грузіі, вядома ўжо даўно, яшчэ да ягоных першых выбараў у 2000 годзе. Перад выбарамі такая чутка, што ён наагул не кажа праўды аб сваёй біяграфіі, была недапушчальная. Але да выбараў гэта стала вядома – дзякуючы грузінска-чачэнскім сувязям. Туды паехалі грузінскія (і не толькі) журналісты, размаўлялі з гэтай жанчынай. Потым паехала галандская журналістка, якая зняла фільм з ёй. Усё было вядома, але было небяспечна казаць такое падчас ягоных першых выбараў. Арцём Баравік, які быў галоўным рэдактарам «Совершенно секретно» і па тэлебачанні таксама вёў гэтую праграму, мусіў атрымаць фатаграфіі маленькага Уладзіміра Пуціна. І што? На ўзлёце самалёт разбіўся. Гэта была першая ахвяра.

Хацелася б удакладніць. Арцём Баравік у гэты самалёт сядаў не адзін. Хто быў з ім у самалёце, куды самалёт ляцеў?

З ім быў чачэнскі бізнесовец, вельмі зацікаўлены ў тым, каб сапсаваць імідж Пуціна. Тады Пуцін пачаў страшную вайну ў Чачэніі. У чачэнскіх інтарэсах, вядома, было паказаць Пуціна ў нейкім нядобрым выглядзе. Адмовіцца ад сваёй маці – гэта нядобры вобраз, праўда? Гэта быў Бажаеў, яны абодва загінулі ў авіякатастрофе. Яны меліся прыляцець у Кіеў, па доказы з дзяцінства Пуціна ў Грузіі.

Прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын паказвае прэм’ер-міністру Расеі Уладзіміру Пуціну прэзідэнцкі офіс які займе Пуцін. Reuters Photographer/Reuters/Forum

Два месяцы таму вы сустрэліся ў грузінскім сяле з сапраўднай біялагічнай мамай Уладзіміра Пуціна. Як гэта адбылося? Што яна сказала?

Я цікаўлюся Пуціным з 1997 года, бо я часта ездзіла ў Чачэнію, і там ужо вельмі выразна відаць было, калі ён стаў шэфам ФСБ, што ягоныя рукі туды даходзяць, і было відаць, як ён развіваў тую вайну. Я чула, што ягоная маці жыве ў Грузіі. Мяне не толькі ягоны лёс, але і лёс ягонай маці вельмі зачапіў эмацыйна. Уявіце сабе, ёй сёння 93 гады. Я паехала ў Грузію. Грузін, які быў са мной, спытаў у вёсцы Мэтэхі (Метехи): «А можаце падказаць, куды да маці Пуціна?» – «Ну вядома, па левы бок ад дарогі яна жыве». Нумароў дамоў няма. Я памятала, як гэты дом выглядае, са здымкаў са шматлікіх фільмаў.

Мы пад’ехалі, але нікога не было, толькі дом. Суседка падказала, што там жыве маці Пуціна, Вера Мікалаеўна. Ніхто не выходзіць. Дзверы замкнёныя на ўсе магчымыя замкі. Мне пашанцавала, што гэтая жанчына была адна, не было яе дачкі. Нікога няма, і гэты грузін кажа па-грузінску: «Не бойцеся. Выйдзіце, мы хочам толькі з вамі паразмаўляць», – нічога. Яна не выходзіць. Я сказала па-расейску: «Давайце, я журналістка, здалёк прыехала. Калі вы тут, калі ласка, выйдзіце». І раптам выходзіць маленькая бабулечка, вельмі пахілая, сядае каля хаты і пачынае гуляць з коткай. Спакойна сядзіць. Я паўтараю на расейскай: «Я вас так прашу – падыдзіце, я толькі хацела з вамі пагаварыць, я прыехала здалёк». Яна паднялася і спрытна падышла да брамы. Яна маленькая, у мяне ёсць фотаздымак. Мяне відаць, а ззаду відаць яе твар. Ён літаральна такі, якім я яго ведала з фотаздымкаў, з фільмаў, толькі крыху старэйшы.

Крысціна Курчаб-Рэдліх і Вера Пуціна ў сяле Метэхі, Грузія. 6 лістапада 2019 г. Фота з уласнага архіву Крысціны Курчаб-Рэдліх

Я ёй кажу: «Вы так добра размаўляеце па-расейску». Яна: «А як я магу забыць родную мову?» На сваёй роднай мове яна паўтарала дакладна тое, што ўсё сваё жыццё казала. Яна нарадзілася ў 1926 годзе ў маленькім сяле Цярэхіна (Терехино), якое побач з маленькім горадам Ачор (Очёр). У Ачоры яна вучылася ў тэхнікуме, была ўжо дарослая, пасля вайны. Гэта паваенны час, калі пачыналі вучыцца жанчыны, а не дзяўчаты. Калі яна вучылася, пазнаёмілася з чалавекам, якога звалі Платон Прывалаў. Аказалася, што ён жанаты, пра што яна не ведала. Яна была цяжарная, калі даведалася, што ён мае жонку. Яго не было ў хаце, і яму прыйшла пасылка ад жонкі – гэтак яна і даведалася. Яна хутка зʼехала да сваіх бацькоў у Цярэхіна, і там, побач у шпіталі, нарадзіўся наш Вова, Уладзімір Уладзіміравіч. Але гэта быў 1950 год, а не 1952.

Афіцыйна ён нарадзіўся ў 1952 годзе?

Неафіцыйна, па-сапраўднаму ён нарадзіўся 7 кастрычніка 1950 года. Яна там пажыла з ім год, а потым паехала на практыку ў Ташкент, далёка. Яна заўсёды паўтарала, што вельмі хацела вучыцца. Паехала на гэтую практыку, а дзіця пакінула ў сваіх бацькоў. На практыцы ў Ташкенце была вайсковая частка. Там яна пазнаёмілася з вельмі прывабным мужчынам, з грузінам, якога звалі Георгій Асепашвілі (Георгий Осепашвили). Вельмі хутка яны ажаніліся. Яна казала, што ёй Святая Дзева падказала, калі яна глядзела на сябе ў люстэрка перад нейкім святам.

Убачыла ў люстэрку чалавека ў вайсковай форме…

Вера Пуціна ў сяле Метэхі, Грузія. 6 лістапада 2019 г. Фота з уласнага архіву Крысціны Курчаб-Рэдліх

І вось калі яна яго пабачыла, яны хутка ажаніліся, хоць ён ведаў, што ў яе ёсць дзіця. Гэта для чалавека з Каўказу павінна б быць вялікай перашкодай, але пакуль не было. Ён казаў, што ў яго цудоўны дом, а нічога такога не было. Там была галеча, але Вера Мікалаеўна засталася. Праз год яна папрасіла сваю маці, каб тая ўсё ж прывезла ёй сына туды ў Мэтэхі, у Грузію. І беднага Вову ўпершыню перавезлі туды, як пакет.

Упершыню, але не апошні раз.

Не апошні. І ўявіце. Прывезлі ў гэтыя абставіны, дзе чужая маці, бо ён думаў, што ягоная маці гэта бабуля: там яму было цёпла, прыемна, яны яго песцілі. А тут чужая жанчына замест маці, чужы мужчына за бацьку, чужая вельмі бедная хата і чужая мова. І гэты маленькі чалавечак – не ведаю, кім павінен быць, каб гэтаму даць рады.

Тады ў яго знішчылі пачуццё бяспекі.

Я спашлюся на псіхалогію. Псіхолагі Джэфры Янг і Эйбрагам Маслаў падкрэсліваюць, што пачуццё бяспекі ў малога дзіцяці – самае галоўнае ў жыцці. Калі яно гэта губляе, то ніколі ўжо ў жыцці не зможа нагнаць страчанага. Усё, што чалавек потым будзе ствараць, ужо будзе сапсаванае гэтым пачуццём небяспекі. Так і ёсць. Не думаю, што вы самі можаце адмовіцца ад таго, што пражылі ў дзяцінстве.

Гэтага чалавека ўпершыню туды павезлі. Айчым аказаўся вельмі нядобрым чалавекам да яго, а Вера Мікалаеўна ўжо была цяжарная. Да пэўнага часу гэта яшчэ можна было неяк перажыць, але пазней – не. Па-першае, гэты бацька яго проста жахліва біў. Ён выпіваў і лупцаваў палкай ды рукой да такой ступені, што суседзі, якіх потым распытвалі грузінскія ды расейскія журналісты, апавядалі, што Вова быў закінуты, бедны. Некаторыя яму дапамагалі. Але вы не можаце сабе ўявіць, што такое пазашлюбны сын на Каўказе – і для маці, і для дзіцяці. Ён быў там вельмі няшчасны.

Як толькі падрос трохі, то вельмі разумна падумаў, што яму трэба абараняцца. Ён сам запісаўся на самба, самаабарону без зброі, дзе ёсць элементы дзюдо, і пачаў трэнавацца.

24 снежня 2005 г. Уладзімір Пуцін наведвае спартовую школу ў Санкт-Пецярбургу. PhotoXpress/Zuma Press/Forum

Потым я пыталася ў знаёмага, які быў ягоным сябрам у Грузіі, пра тое, чым яны займаліся. Перш за ўсё ён казаў:

«Воўчык вельмі любіў біцца».

Ён быў маўклівы, вельмі замкнёны, усе так кажуць. Ён быў дужа самотны і галодны вельмі часта, надта дрэнна апрануты. Так што ўсё, што яго цешыла, гэта рыбалка. Смешна, што ён лавіў рыбу ў той жа рацэ, у якой лавіў Сталін. Гэта рака Кура. Гэта недалёка – Сталін з Горы, а Мэтэхі за 30 кіламетраў ад Горы. Калі ён яшчэ там жыў, у кожным доме быў партрэт Сталіна. Так што ён глядзеў на гэты партрэт з дзяцінства.

Асепашвілі да такой ступені хацеў яго пазбавіцца, што айчымава сястра вывезла дзіця ў Тбілісі да нейкага бяздзетнага палкоўніка – і Вера Мікалаеўна зразумела, што там яму не жыць. Яна не хацела, але завезла яго назад да сваіх бацькоў у Цярэхіна. Калі яна з ім развітвалася, то ніколі не думала, што развітваецца на ўсё жыццё. Вера Мікалаеўна ўспамінае, што ён рыдаў, быў вельмі няшчасны. Вера Мікалаеўна заўсёды дадае: «Я так не хацела вяртацца ў Грузію, я так хацела вучыцца, але там ужо былі дзеці». Муж-грузін проста б пераследаваў, ён яе б так не пакінуў. Яна пакідае сыночка там, пад Уралам, вяртаецца ў Грузію. Ягоныя дзядуля і бабуля, то бок бацькі Веры Мікалаеўны, самі сабе сказалі: «Хопіць. Нельга так яго перакідаць». Гэты горад быў поўны Пуціных. У іх былі сваякі ў Ленінградзе, сталыя ўжо людзі, бяздзетныя. Гэтая жанчына, жонка іхнага сваяка Пуціна, вельмі хацела дзіця. І гэтак бедны Вова, калі яму было 10 гадоў, зноў, як пакет, быў перасланы – цяпер у Ленінград.

Вера Пуціна ў сяле Метэхі, Грузія. 6 лістапада 2019 г. Фота з уласнага архіву Крысціны Курчаб-Рэдліх

Другая частка інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Крыстынаю Курчаб-Рэдліх ужо 6 лютага на belsat.eu. А ў ёй – пра Віктара Пуціна, які памёр падчас блакады Ленінграду за 10 гадоў да нараджэння цяперашняга гаспадара Крамля. Уладзімір Пуцін згадаў пра брата і бацьку-франтавіка некалькі дзён таму ў Ізраілі. Гэта афіцыйная версія, а кім Віктар Пуцін быў насамрэч?

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 31.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

  • Галоўныя мэсыджы Вашынгтону для Менску
  • Андрэй Паротнікаў: «Кандыдатуру амбасадара ЗША ў Беларусі ўжо зацвердзілі»
  • Беларусь пацерпіць ад каронавірусу
  • Чарговая спроба прымірыць Палестыну ды Ізраіль. Каму на руку план Трампа?

 

Стужка навінаў