Восень на «Белсаце»: што новага ў ТБ-праграме?


Распавядаем, што абавязкова трэба глядзець на нашым тэлеканале ўжо з 3 верасня.

Праграмы

У новым сезоне на «Белсаце» будзе больш навінаў і гумару. Інфармацыйна-публіцыстычны блок глядзіце традыцыйна ад 20:00. Праграма «Давайце разбірацца» ў межах інфармацыйна-публіцыстычнага блоку вернецца да расследванняў пра фінансавыя махінацыі, заблытаныя схемы і ўсё тое, што ад нас хаваюць улады. Таксама ў блоку навінаў адмыслова для гледачоў «Белсату» папулярны відэаблогер Нехта будзе рабіць іранічны агляд падзеяў тыдня. А ў суботу вас чакае сюрпрыз: нашая новая сатырычная праграма пра беларускую рэчаіснасць.

У нядзелі а 20:30 на экраны вяртаецца псіхатэрапеўтычнае кулінарнае шоу «Я не буду гэтага есці!», аналага якому ў свеце больш няма. Вас чакаюць гастранамічныя капрызы зорак і два таленавітых шэф-кухары, якія зробяць усё, каб накарміць герояў шоу стравамі, якія тыя ненавідзелі з дзяцінства. Але прыгатаванымі так, каб яны ім спадабаліся.

А Віктар Шукеловіч і праграма «Вяскоўцы» вярнулася з замежнага турнэ, вынікі якога вы зможаце ацэньваць па серадах а 18:30.

Фільмы

Па серадах а 21:25 на «Белсаце» будзе ісці дэтэктыўны серыял «Інспектар Бэнкс» (у расейскім перакладзе вядомы як «Последствия»).

Па нядзелях а 17:15 вас чакае новы сезон «Дарэлаў»: чарговыя серыі аб прыгодах на грэцкай выспе Корфу – чым не спосаб «працягнуць» для сябе летнія канікулы ?

А 21:45 па суботах і нядзелях глядзіце якаснае еўрапейскае кіно на беларускай мове.

Для аматараў дакументалістыкі мы абралі лепшыя серыялы «Бі-бі-сі» (суботы аб 11:30) і гіты міжнародных фестываляў (суботы а 19:30, нядзелі а 18:00). Памятайце, большасць якасных дакументальных фільмаў вы не спампуеце ў інтэрнэце бясплатна. Таму эфір «Белсату» – цудоўная магчымасць паглядзець іх.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў