Вось расейская акцыя! Дзе заходняя рэакцыя?


Доналд Трамп адмяніў сустрэчу з расейскім прэзідэнтам на саміце ў Аргентыне ў сувязі з падзеямі ў Керчанскай пратоцы. Хоць усяго за гадзіну да гэтага амерыканскі прэзідэнт заяўляў, што цяпер вельмі добры час для спаткання з Пуціным. Гэта, бадай, найбольш вострая рэакцыя на атакаванне ўкраінскіх караблёў у Азоўскім моры.

«Мы зусім не ў захапленні ад гэтай сітуацыі. Мы паведамім пра сваю пазіцыю, але мы не ў захапленні», – заявіў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Зарэагаваў і Еўразвяз.

«Такое развіццё падзеяў недапушчальнае, і мы чакаем ад Расеі тэрміновага вызвалення караблёў ды іх камандаў», – адзначыла прэс-сакратар Еўракамісіі Мая Кацыянчыч.

Заклікі ўзнавіць свабоду карабельства і вярнуць захопленыя караблі Украіне. Такою была першая рэакцыя Еўразвязу і ЗША на агрэсію Расеі ў Чорным моры. Тэрміновае паседжанне Рады бяспекі ААН у панядзелак таксама не прынесла канкрэтных рэзалюцыяў.

«Звышдзяржавы нашага свету – ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, тут рэакцыі амаль не было, хаця Расея перайшла наступны бар’ер, наступную мяжу. Гэта быў першы раз, калі расейскае войска не прыкрывалася кімсьці іншым», – сцвярджае польскі публіцыст з «Dziennik Gazeta Prawna» Міхал Патоцкі.

Пад расейскім сцягам і ў стылі, які больш нагадваў атаку марскіх піратаў. Відэа тарану ўкраінскага буксіру расейскім памежным катарам абляцела ўсе сусветныя сродкі масавай інфармацыі. Але найлепш расейскую мову – у наўпроставым і пераносным сэнсе – зразумелі суседзі Расеі.

«Увесь гэты матэрыял на «Ю-Т’юбе»… У суправаджэнні лексікі нам зразумелай. Гэта паказвае, што яны ганарацца тым, што зрабілі. Так што міжнародная супольнасць мусіць усё-такі выказацца наўпрост і зразумела», – лічыць міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

Парашэнка падпісаў указ аб увядзенні ваеннага становішча. Хроніка падзеяў

Наўпрост і зразумела пакуль выказаліся перадусім краіны Еўразвязу, якія маюць з Расеяй супольную мяжу. Сейм Літвы заклікаў пашырыць заходнія санкцыі супраць Расеі. Са словаў міністра замежных справаў краіны, адсутнасць вострай рэакцыі Еўразвязу будзе чарговаю памылкаю.

«Вельмі шмат памылак было да гэтага, пачынаючы з 2008-га года: вайна ў Грузіі, 20 адсоткаў тэрыторыі акупаваныя. Мы бачым, што наступствы мінімальныя або іх няма наагул. Крым – анексія, цяпер падзеі на Данбасе. І я думаю, што на гэтым усё не спыніцца, бо гэта эскалацыя, і яна адбываецца без нейкіх вялікіх наступстваў, таму гэта працягваецца», – мяркуе Лінкявічус.

На наступным тыдні прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце плануе візіт ва Украіну, у тым ліку каб падтрымаць яе жыхароў. Такога візіту не выключае і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Варшава, як і Вільня, выступае за пашырэнне санкцыяў супраць Масквы.

«Сапраўды, візіт Анджэя Дуды быў бы рэзкім сігналам украінскім палітыкам і ўкраінскаму грамадству, што Польшча ў гэтым канфлікце, незалежна ад усіх іншых нюансаў нашых дачыненняў, усё-ткі Украіну падтрымлівае, бо гэта таксама наш агульны нацыянальны інтарэс», – кажа Міхал Патоцкі.

Польскі МЗС у сувязі з сітуацыяй у Керчынскай пратоцы: Пад пагрозай бяспека ЕЗ

У адрозненне ад суседзяў, афіцыйны Менск пастанавіў прамаўчаць у справе атакі ў Керчанскай пратоцы. Адказваючы на пытанні журналістаў, кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей абмежаваўся агульнымі адказамі, не выказаўшы падтрымання ніводнаму з бакоў канфлікту.

«Каб Беларусь далучылася да расейскага боку, натуральна, гэта б ускладніла адносіны з Захадам і перамоўны працэс, які ідзе. І наадварот, калі б Беларусь яўна падтрымала пазіцыю Украіны ў гэтым канфлікце, то яна б мела пэўную напружанасць, прынамсі дыпламатычнага характару, з Расеяй», – адзначае Андрэй Ягораў з Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

У салідарнасці з Украінаю тым часам запэўніла канцлерка Нямеччыны. Ангела Мэркель паабяцала паразмаўляць пра інцыдэнт у Азоўскім моры з прэзідэнтам Расеі падчас саміту «Вялікай дваццаткі» ў Аргентыне, які распачнецца ў суботу.

«Мы не ўводзім санкцыяў супраць Расеі дзеля санкцыяў. Наадварот, мы ўводзім санкцыі, каб даць зразумець, што краіны, нават каля яны тэрытарыяльна месцяцца побач з Расеяй, маюць права на ўласнае развіццё. Гэта падставы міжнароднага права», – заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

Тым не менш, паводле інфармацыі нямецкага выдання «Die Welt», Нямеччына і Францыя не падтрымліваюць увядзення новых санкцыяў супраць Крамля. Нямецкія кампаніі працягваюць будаваць супольна з Расеяй газаправод «Паўночная плынь – 2» праз Балтыйскае мора. Берлін пераконвае, што ўдзел Нямеччыны ў гэтым праекце на руку Еўразвязу і Украіне.

«Вывад нямецкіх кампаніяў з гэтага праекту не будзе азначаць, што газаправоду не пабудуюць. Хутчэй за ўсё, яго збудуе толькі Расея», – тлумачыць пазіцыю міністр замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас.

Стрыманую рэакцыю Захаду на расейскую агрэсію цягам апошніх гадоў дыктуюць перадусім эканамічныя інтарэсы, мяркуюць эксперты. У іншым выпадку рэакцыя было б больш вострая.

«Усё ж такі можна было зрабіць нашмат больш. Хаця б адключыць Расею ад сістэмы SWIFT – міжнароднай сістэмы, якая робіць магчымымі фінансавыя кантакты, можна было выключыць Расею са спартовых спаборніцтваў, культурніцкіх імпрэзаў, нашмат больш націснуць на бізнес», – кажа Міхал Патоцкі.

Паводле былога намесніка асістэнта міністра абароны ЗША Майкла Карпэнтэра, інцыдэнт у Азоўскім моры адбыўся не выпадкова, а дзеянні Расеі скіраваныя на эканамічную блакаду Украіны. Ён перакананы, што далейшыя дзеянні Масквы залежаць ад таго, ці будуць пасля заяваў канкрэтныя дзеянні з боку НАТО, ЗША і Еўразвязу. А пакуль, як і раней, рашучай рэакцыі няма.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Глядзі таксама
Каментары