Увесь кантэкст заявы Лукашэнкі пра Менск як сталіцу ЗША


9 верасня 2019 года. Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця матчу паміж лёгкаатлетычнымі зборнымі Еўропы і ЗША. Фота – president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка, вітаючы 9 верасня ўдзельнікаў лёгкаатлетычнага матчу Еўропа – ЗША, прапанаваў кіраўніку Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацыяў Сэбаст’яну Коэ і прэзідэнту Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свэну Арнэ Хансэну правесці наступны матч таксама ў Менску.

Згодна з логікай кіраўніка Беларусі, нашая краіна магла б прэтэндаваць на яго правядзенне, бо ЗША, якія павінныя ладзіць арганізацыю матчу праз два гады, не змогуць гэтага зрабіць, бо ў 2021 годзе ў Штатах будзе праходзіць Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы – і ён зноўку будзе праходзіць у Еўропе.

«Калі вы нам даручыце, мы правядзем яшчэ на больш высокім узроўні падобны матч. Я абяцаю вам, што праз два гады Менск стане сталіцай Злучаных Штатаў Амерыкі», – заявіў Лукашэнка.

Пасля гэтых словаў з трыбунаў прагучалі бурныя апладысменты, падае «Tut.by».

«Удакладняю, каб не западозрылі ў нядобрым, як быццам мы Амерыку хочам далучыць. На гэтыя дні, калі вы нам даверыце, Менск стане сталіцай ЗША, таму што ЗША павінныя праводзіць гэты матч», –удакладніў кіраўнік Беларусі.

На гэтае выступленне карыстальнікі сацыяльных сетак адрэагавалі жартамі пра тое, што каля Белага дому пасадзяць бульбу, а Дональд Трамп ужо папрасіў Пентагон даць ацэнку пагрозе далучэння да Беларусі.

Аўтарам мемаў дапамагло таксама тое, што ў цэнтры Менску луналі амерыканскія сцягі з нагоды спартовай імпрэзы.

  • Матч зборных ЗША і Еўропы – першая ў гісторыі сустрэча лёгкаатлетычных зборных дзвюх кантынентаў напярэдадні Чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы, які сёлета пройдзе ў Катары.
  • У складзе каманды Еўропы – 10 беларусаў.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары